Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ДЗІНЫ,
сістэма дзеянняў жывых істот у працэсе іх узаемаадносін паміж сабой і з навакольным асяроддзем. Уласцівы асобным індывідам і іх сукупнасцям (П. біял. віду, сац. групы). Асн. адзінкай аналізу П. з’яўляецца дзеянне — працэс, абумоўлены матывамі і накіраваны на рэалізацыю мэты. Важную ролю адыгрываюць таксама заахвочвальныя фактары — патрэбнасць, інтарэсы, погляды, перакананні, ідэалы, імкненні, каштоўнасныя арыентацыі і ўстаноўкі. П. чалавека вызначаюцца заахвочваннямі, што ўзнікаюць пад уплывам жыццёвых умоў (гал.ч. сацыяльных), прыроджанымі імкненнямі. Адрозніваюць віды П.: усвядомленыя і неўсвядомленыя, рацыянальныя і эмацыянальныя, якія знаходзяцца ў складанай узаемасувязі. П. чалавека вывучае псіхалогія. У сацыялогіі і сац. псіхалогіі паняцце П. выкарыстоўваецца для характарыстыкі самавыражэння індывіда ў сац. акружэнні. Біхевіярызм разглядае П. як сістэму рухальных рэакцый у адказ на знешні стымул. Неабіхевіярызм паміж стымуламі і рэакцыяй уключае т.зв. «прамежкавыя пераменныя» ў выглядзе заахвочванняў, мэт, установак і інш. элементаў свядомасці. Фрэйдызм звяртае ўвагу на залежнасць П. ад бессвядомай прыхільнасці; гештальтпсіхалогія — ад цэласных вобразаў успрымання. Гл. таксама Выхаванне, Дэвіянтныя паводзіны, Дзеянне сацыяльнае, Нормы, Сацыялізацыя.
Літ.:
Бобнева М.И. Социальные нормы и регуляция поведения. М., 1978;
Мисюк Н.С. Структура и коррекция поведения человека. Мн., 1980;
Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;
Чирков В.И. Самодетерминация и внутренняя мотивация поведения человека // Вопр. психологии. 1996. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ДЗІНЫ ЖЫВЁЛ,
здольнасць жывёл мяняць дзеянні, рэагаваць на ўздзеянне ўнутр. і знешніх фактараў. Разглядаюцца ў розных узаемазвязаных аспектах, найб. важныя — эвалюц., экалагічныя, фізіял. і псіхалагічныя.
У аднаклетачных арганізмаў паводзіны складаюцца ў асн. з аўтам. перамяшчэнняў у бок раздражняльніка або ад яго (станоўчы і адмоўны трапізмы і таксісы). У паводзінах прасцейшых выяўлены зачаткі індывід. прыстасавальнасці — прывыканне да стымулу, здольнасць выбару паміж кармавымі і некармавымі аб’ектамі і інш. У мнагаклетачных з ускладненнем іх арганізацыі павялічваецца роля індывід. набытых кампанентаў паводзін, абумоўленых рознымі формамі навучання. Пры гэтым інстынктыўныя паводзіны (генетычна абумоўленыя), спецыфічныя для кожнага віду, утвараюць аснову паводзін асобіны. Набыты індывід. вопыт дае магчымасць экстрапаліраваць яго на новыя сітуацыі. У індывід. П.ж. умоўна вылучаюць паўсядзённыя паводзіны, якія спрыяюць падтрыманню жыццядзейнасці, і сігнальныя паводзіны, што забяспечваюць зносіны паміж асобінамі (гл.Біякамунікацыя). Узаемадзеянне асобін у папуляцыі — сацыяльныя паводзіны. Існуюць таксама бацькоўскія, палавыя і інш. П.ж. Розныя тыпы П.ж. узаемаабумоўлены і ўзаемазвязаны. Здольнасць асобіны да рэалізацыі розных праграм паводзін падпарадкоўваецца эндагенным рытмам (гл.Біялагічныя рытмы). Выкананне асобінай праграмы паводзін вызначаецца псіхафізіял. механізмамі матывацый, якія маюць складанае нейра-гарманальнае паходжанне. Матывацыя вядзе да развіцця мэтанакіраваных (апетэнтных) паводзін, што выяўляюцца ў актыўным пошуку адпаведнага ёй знешняга стымулу (гнездавы матэрыял, корм, палавы партнёр і інш.). Знойдзены стымул выконвае ролю пускавога механізма (трыгера), які забяспечвае выкананне заключнага акта паводзін (гнёздабудаванне, жыўленне, спароўванне). Многія складаныя ансамблі паводзін разгортваюцца ў часе паводле тыпу ланцуговых рэакцый, і парушэнне (выпадзенне) асобных звёнаў абумоўлівае неадэкватныя паводзіны. П.ж. — прадмет вывучэння біхевіярызму, нейрафізіялогіі, сацыябіялогіі, эталогіі, зоапсіхалогіі, генетыкі паводзін і інш.
Літ.:
Тинберген Н. Поведение животных: Пер. с англ.М., 1969;
Шовен Р. Поведение животных: Пер. с фр.М., 1972;
Меннинг О. Поведение животных: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭВІЯ́НТНЫЯ ПАВО́ДЗІНЫ,
паводзіны з адхіленнем ад агульнапрынятых у грамадстве прававых і маральна-этычных норм. Асн. іх віды: злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, прастытуцыя, самазабойствы, сексуальная разбэшчанасць. Узнікненне Д.п. абумоўлена недахопамі выхавання, дэфектамі маральнай і прававой свядомасці, нізкім узроўнем інтэлектуальнага развіцця асобы, неспрыяльным уплывам спадчыннасці, асаблівасцямі характару, інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека, яго эмацыянальна-валявой дзейнасці і інш. фактарамі. Італьян. псіхіятр Ч.Ламброза лічыў «крымінальны тып» своеасаблівым «вынікам» дэградацыі на больш ранніх стадыях чалавечай эвалюцыі. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і прыхільнікі яго канцэпцыі сцвярджалі, што распаўсюджванню Д.п. садзейнічаюць сац.-эканам. і паліт. нестабільнасць, рэзкія змены ў грамадскім жыцці, сац. канфлікты, стрэсы і інш. Паводле тэорый анаміі і сацыялізацыі, праявы Д.п. узрастаюць, калі сацыяльна дапушчальныя сродкі дасягнення грамадскіх і індывід. мэт выконваюцца не ўсімі людзьмі або калі іх уваходжанне ў сац. жыццё адбываецца ў абставінах цярпімых адносін грамадства да амаральных учынкаў, насілля. У 1960-я г. атрымала пашырэнне канцэпцыя стыгматызацыі, паводле якой Д.п. — заканамерны вынік своеасаблівага «наклейвання» на чалавека ярлыкоў накшталт «алкаголік», «наркаман», «прастытутка» і імкнення сацыяльна ізаляваць, прыцягнуць да адказнасці, выправіць ці вылечыць такіх людзей. Існуюць канцэпцыі, у якіх сцвярджаецца, што Д.п. абумоўлены асаблівасцямі будовы чалавечага цела, анамаліямі палавых храмасом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІХЕВІЯРЫ́ЗМ (ад англ. behaviour паводзіны),
адзін з пашыраных кірункаў у сучаснай зах. псіхалогіі. Засн. у 1913 амер. псіхолагам Дж.Уотсанам. Эксперым. асновай біхевіярызму паслужылі даследаванні амер. псіхолагам Э.Торндайкам паводзін жывёл. Працягваючы механістычны кірунак у псіхалогіі, біхевіярызм атаясамліваў свядомасць і паводзіны, зводзіў псіхічныя з’явы да рэакцый арганізма, а ўсё пазнанне — да ўтварэння ў арганізмах (уключаючы і чалавека) умоўных рэакцый. У 1920-я г. біхевіярызм распаўся на шэраг кірункаў, якія спалучалі асн. дактрыну з элементамі інш. тэорый (гештальтпсіхалогіі, псіхааналізу), узнік неабіхевіярызм. Ідэі біхевіярызму паўплывалі на лінгвістыку, антрапалогію, сацыялогію, семіётыку і сталі адным з вытокаў кібернетыкі.
Літ.:
Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСЕ́Й,
міфічны біблейскі персанаж, кіраўнік ізраільскіх плямён. Паводле паданняў, бог Яхве дапамог М. вывесці яўрэяў з фараонскага рабства ў Ханаан (Палесціну), даў яму на гары Сінай скрыжалі з 10 запаведзямі (дэкалог), у якіх рэгулююцца паводзіны чалавека перад Богам. М. прыпісваецца аўтарства Пяцікніжжа. У іудаістаў, мусульман і хрысціян М. — прарок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛАў палітэканоміі,
кірунак палітэканоміі, які надае матэм. метадам вырашальную ролю ў вывучэнні эканам. з’яў. Узнікла ў 2-й пал. 19 ст. [М.Э.Л.Вальрас (Швейцарыя), В.Парэта (Італія), У.Джэванс, Ф.І.Эджуарт (Вялікабрытанія), І.Фішэр (ЗША), Г.Касель і К.Віксель (Швецыя)]. Разглядае эканоміку як узаемадзеянне індывід. гаспадарак. Асн. задача М.ш. — вызначэнне колькасных паказчыкаў, якія характарызуюць паводзіны асобных вытворцаў і спажыўцоў. Тэарэтычныя пабудовы М.ш. арыентуюцца на маржыналізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСТУШО́К»,
старадаўні бел.нар. танец, заснаваны на пастухоўскіх гульнях. Муз. памер 2/4. Тэмп умераны. Характар танца вясёлы, заўзяты. Танцоры імітуюць паводзіны статка. Пастушок, які ўмела валодае пугай, прымушае ўсіх падпарадкавацца яго волі. Зафіксаваны ў 20 ст. ў в. Наркі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. І.Серыкавым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАЛІ́НА (Tursiops truncatus),
марское млекакормячае падсям. дэльфінаў атр. кітападобных. Пашыраны ва ўмераных і цёплых водах Сусветнага ак. (акрамя палярных водаў). Жыве асела або качуе невял. чародамі.
Даўж. цела да 3,9 м, маса да 400 кг. Афарбоўка зверху цёмна-бурая, знізу светлая. Цяжарнасць каля года. Даўж. нованароджанага 1—1,2 м, маса 14—16 кг. Корміцца рыбай. Звычайны аб’ект утрымання ў акіянарыумах. Лёгка дрэсіруецца. Даследуюцца паводзіны афаліны, рэхалакацыя і інш. ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІ́Д (ад лац. individuum непадзельнае, асобіна),
індывідуум, адзіночнае як процілеглае сукупнасці, масе. 1) У філасофіі асобны прадстаўнік сац. супольнасці (народа, грамадства, сац. групы і інш.), сац. істота, якая самастойна вызначае ўласныя паводзіны і псіхічныя працэсы; трэба адрозніваць ад паняццяў «індывідуальнасць», «асоба».
2) У біялогіі істота, кожны самастойна існуючы жывы арганізм.
3) У логіцы адзіночны аб’ект, які супрацьпастаўляецца віду, класу прадметаў, мноству.
Літ.:
Человек: Филос. аспекты сознания и деятельности. Мн., 1989.