ПНЕЎМАРЭЛЕ́ (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + рэле),

рэлейнае прыстасаванне, у якога адчувальным элементам з’яўляецца мембрана, сільфон, а пераўтваральнікам мех. перамяшчэння і змены ціску паветра — сапло-засланка.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАТО́РАКС (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + thorax грудная клетка),

запаўненне паветрам плеўральнай поласці. Узнікае пры раненнях грудной клеткі і лёгкага (траўматычны), у выніку паталаг. працэсаў у лёгкіх (напр., абсцэс, туберкулёз) — спантанны П., пры ўскрыцці плеўральнай поласці ў час хірург. аперацый (хірургічны П.). Калі адтуліна ў вісцэральнай плеўры пры ўдыху адкрываецца, а пры выдыху закрываецца, фарміруецца клапанны П.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАТО́ЛІЗ (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + лізіс),

утварэнне мінералаў за кошт вылучаных з магмы пры яе раскрышталізацыі лятучых кампанентаў (пара- і газападобных) ці ад уздзеяння іх на горныя пароды. Пры ўздзеянні магматычных эманацый, складзеных пераважна са злучэнняў бору, фтору, хлору, фосфару і шчолачных металаў, на ўмяшчальныя пароды адбываецца пнеўматалітавы метасаматоз (гл. Метасаматызм), адкладваюцца злучэнні металаў і металоідаў (мінералы: касітэрыт, вальфраміт, шэеліт, берыл, тапаз і інш.). Звычайна П. суправаджаецца гідратэрмальнымі працэсамі.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМААЎТАМА́ТЫКА (грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + аўтаматыка),

комплекс тэхн. сродкаў, у якіх інфармацыя выяўляецца і перадаецца ў выглядзе пнеўмасігналаў (перападаў ціску ці расходу газу, паветра); тэхн. дысцыпліна, якая вывучае гэты від тэхн. сродкаў аўтаматызацыі.

У пач. 1960-х г. у СССР распрацавана універсальная сістэма элементаў прамысл. П. (набор уніфікаваных пнеўматычных прыстасаванняў — узмацняльнікаў, паўтаральнікаў, рэле, выключальнікаў і інш.) для пабудовы аўтам. рэгулятараў, прыстасаванняў кіравання, блакіроўкі, аховы і інш. Прыстасаванні П. надзейныя, пажарабяспечныя, маюць простую канструкцыю. Іх выкарыстоўваюць у сістэмах аўтам. кіравання тэхнал. працэсамі ў хім., газавай і нафтаперапрацоўчай прам-сці, машынабудаванні, медыцыне і інш.

т. 12, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)