ПНЕЎМАТО́РАКС (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + thorax грудная клетка),

запаўненне паветрам плеўральнай поласці. Узнікае пры раненнях грудной клеткі і лёгкага (траўматычны), у выніку паталаг. працэсаў у лёгкіх (напр., абсцэс, туберкулёз) — спантанны П., пры ўскрыцці плеўральнай поласці ў час хірург. аперацый (хірургічны П.). Калі адтуліна ў вісцэральнай плеўры пры ўдыху адкрываецца, а пры выдыху закрываецца, фарміруецца клапанны П.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)