АРМІЛЯ́РНАЯ СФЕ́РА (ад лац. armilla бранзалет, кольца),

старадаўні астранамічны інструмент для вызначэння экватарыяльных або экліптычных каардынатаў нябесных свяціл. Вядомы з 3 ст. да н.э., выкарыстоўваўся да канца 16 ст. Складаецца з некалькіх метал. кольцаў з дзяленнямі, якія маюць дыёптры і могуць паварочвацца вакол свайго цэнтр. пункта. З’яўляецца мадэллю нябеснай сферы з яе найважнейшымі пунктамі і кругамі: полюсамі і воссю свету, мерыдыянам, гарызонтам, нябесным экватарам і экліптыкай.

Армілярная сфера.

т. 1, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВАДНЫ́ МОСТ,

мост з рухомай (развадной) пралётнай пабудовай для праходжання суднаў значнай вышыні.

Адрозніваюць паваротныя (пралётная пабудова моста можа паварочвацца вакол верт. восі), верт.-пад’ёмныя і раскрывальныя (адна- і двухкрылыя), у т. л. каромыславыя і адкатныя. Р.м. абсталёўваюць мех. ці гідраўл. механізмамі перамяшчэння пралётнай пабудовы, светлавой і гукавой сігналізацыяй, блакіравальнымі прыстасаваннямі. Канструкцыю рухомай пралётнай пабудовы робяць са сталі, лёгкіх сплаваў.

Развадны мост: 1 — двухкрылы паваротны ў адкрытым становішчы; 2 — вертыкальна-пад’ёмны ў паднятым стане.

т. 13, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫДЫЯ́ННЫ КРУГ,

астранамічная прылада для вызначэння экватарыяльных каардынат нябесных свяціл (гл. Нябесныя каардынаты). Мае падзорную трубу, што можа паварочвацца ў плоскасці мерыдыяна вакол гарыз. восі, на якую насаджаны кругі са шкаламі для вымярэнняў вуглоў. Пры навядзенні трубы на зорку, якая кульмініруе, па паказаннях кругоў вызначаюць зенітную адлегласць свяціла і вылічваюць схіленне. М.к. выкарыстоўваецца таксама для рэгістрацыі момантаў праходжання нябесных свяціл праз мерыдыян.

Схема мерыдыяннага круга: AB — падзорная труба; вось вярчэння WE размешчана гарызантальна па лініі Усход-Захад; CD — круг з дзяленнямі; M — мікраметр для адліку дзяленняў.

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНІ́ЎЦЫ,

група млекакормячых жывёл атр. непаўназубых. 2 сям.: уласна Л. (Bradypodidae) — 1 род, 3 віды і двухпальцаляніўцавыя (Megalonychidae) — 1 род, 2 віды. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Начныя дрэвавыя жывёлы. Ашыйнікавы Л. (Bradypus torquatus) у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 65 см, маса да 7 кг. Поўсць доўгая, шаравата-бурая, з зеленаватым адценнем, якое надаюць водарасці, што развіваюцца ў поўсці. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія. Кісці і ступні вузкія, выгнутыя. Пальцы (2 або 3) зрослыя на ўсю даўж., з доўгімі кіпцюрамі. Галава можа паварочвацца на 180°. Маларухомыя. Расліннаедныя. Раз у год нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’екты промыслу.

Э.​Р.​Самусенка.

Лянівец Гофмана.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕ́РТАР (англ. converter ад лац. converto змяняю, пераўтвараю),

металургічны агрэгат для атрымання сталі з вадкага чыгуну (прадзіманнем яго паветрам або кіслародам), а таксама чарнавога металу (напр., медзі) ці сульфідаў каляровых металаў (прадзіманнем штэйнаў тэхн. кіслародам, паветрам, інш. акісляльным газам).

Сталеплавільныя К. бываюць ёмістасцю да 400 т, маюць звычайна грушападобную форму. Адрозніваюць К. з прадзіманнем чыгуну знізу (бесемераўскія і тамасаўскія К., якія страцілі сваё прамысл. значэнне) і зверху (кіслародныя К.). Заліваюць чыгун у кіслародны К. праз гарлавіну, атрыманую сталь выпускаюць праз ляток у шлемнай частцы (К. можа паварочвацца вакол гарыз. восі спец. прыводам). К. каляровай металургіі ёмістасцю да 125 т. маюць форму пераважна гарыз, цыліндра. Гл. таксама Канвертарны працэс.

Схема кіслароднага канвертара. 1 — стальны кажух; 2 — сталевыпускная адтуліна; 3 — механізм павароту; 4 — вогнетрывалая футэроўка.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НЦЫРНЫЯ МАЛЮ́СКІ, хітоны (Loricata, Polyplacophora),

клас боканервовых малюскаў. Вядомы з ранняга кембрыю (каля 560 млн. г. назад). 4 атр., каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўсіх морах, найб. у Паўд. паўшар’і. Жывуць на дне на камянях, скалах, пераважна на мелкаводдзі.

Даўж. 0,5—40 см, маса да некалькіх кілаграмаў. Цела падоўжана-авальнае або чэрвепадобнае, падзяляецца на галаву, тулава і шырокую плоскую мускулістую нагу, якой яны могуць прысмоктвацца да субстрату. Ракавіна з 8 рухома сучлененых пласцінак дазваляе П.м. паварочвацца на брушны бок, накшталт макрыц. Дыхаюць шчэлепамі. Маюць своеасаблівыя органы пачуццяў (эстэты), размешчаныя ў каналах, што пранізваюць ракавіну; служаць для ўспрымання ціску вады, часткова пераўтвораны ў вочкі. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам. Раздзельнаполыя; развіццё з ператварэннем, лічынка плавае. Некат. віды ядомыя.

С.​Л.​Максімава.

Панцырныя малюскі: 1 — акантахітон; 2 — таніцэла; 3 — плацыфарэла; 4 — мапалія.

т. 12, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)