Онікс 7/210, 570; 11/22

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

О́НІКС (грэч. onyx першапачаткова ногаць),

мінерал, плоскапаралельная слаістая разнавіднасць агату. У залежнасці ад колеру слаёў адрозніваюць арабскі О. (чорны з белым), сардонікс (буры з белым), карнеол-онікс (чырвоны з белым). Выкарыстоўваўся для вырабу камей. О. мармуровы — горная парода нацёчнага паходжання, складаецца са шчыльнага паўпразрыстага агрэгату зерняў і валокнаў кальцыту або араганіту. Характэрна чаргаванне слаёў з рознай ступенню празрыстасці або афарбаваных у зеленаватыя, ружаватыя, залаціста-карычневыя тоны. Утвараецца з вуглякіслых вод у карставых пячорах, месцах выхадаў тэрмальных крыніц, тэктанічных трэшчынах, а таксама ў выглядзе прапласткаў у вапняках, траверцінах, пясчаніках і туфах. Вырабны і дэкаратыўна-абліцовачны камень.

Онікс мармуровы.

т. 11, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Арабскі онікс 7/570

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Сердалікавы онікс 9/496

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́Т (грэч. achatēs),

мінерал, разнавіднасць халцэдону з паласатай ці плямістай тэкстурай або дэкаратыўнымі ўключэннямі. Адрозніваюць: агаты (блакітнавата-шэрыя і белыя), агатавы онікс (белыя і чорныя слаі), карнеалонікс (чырвоныя і белыя), сардонікс (чырвона-бурыя і белыя) і інш. Характар афарбоўкі — вясёлкавы. Бляск васковы да матавага. Цв. 6—6,5. Шчыльн. каля 2,6 г/см. Выкарыстоўваецца ў прыладабудаванні, як паўкаштоўны камень.

Агат.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАГАНІ́Т [ад назвы гіст. вобл. Арагон у Іспаніі), мінерал класа карбанатаў, Ca[CO3]. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі ігольчастыя, агрэгаты валакністыя, слупкаватыя, каралападобныя («жалезныя кветкі») і інш. Бясколерны, белы, шэры, сіні, фіялетавы да чорнага. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. каля 3,0 г/см³. Разнавіднасць: канхіт — частка перламутравага слоя ракавін малюскаў і жэмчугу. Паходжанне гідратэрмальнае і гіпергеннае. Адкладваецца гарачымі крыніцамі і гейзерамі, у міндалінах базальтаў і інш. Афарбаваныя, прасвечвальныя разнавіднасці арганіту (мармуровы онікс) — вырабныя камяні.

Араганіт.

т. 1, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫРАБНЫ́Я КАМЯНІ́,

дэкаратыўныя мінеральныя агрэгаты і горныя пароды, якія маюць прыгожы колер ці малюнак і выкарыстоўваюцца для вытв-сці разнастайных маст. вырабаў і сувеніраў. Важнейшая ўласцівасць вырабных камянёў — здольнасць добра паліравацца. Адрозніваюць цвёрдыя вырабныя камяні — цв. 5 і вышэй па шкале Моаса (яшмы, акамянелае дрэва, абсідыян і інш.) і мяккія вырабныя камяні — цв. 4 і ніжэй (мармуровы онікс, гагат, серпенцініт і інш.). Найб. рэдкія і высокадэкаратыўныя камяні, якія часткова выкарыстоўваюць у ювелірных і ювелірна-галантарэйных вырабах (малахіт, лазурыт, нефрыт, жадэіт, агат, раданіт і г.д.), іншы раз вылучаюць у асобную групу ювелірна-вырабных камянёў. У шэрагу краін існуе заканадаўчая рэгламентацыя здабычы і выкарыстання каштоўных камянёў з ліку вырабных.

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)