Омметр 1/302; 3/196; 7/568; 11/428

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

О́ММЕТР (ад ам + ...метр),

прылада для вымярэння актыўнага электрычнага супраціўлення. Мае пераважна магн.-эл. вымяральную сістэму (гл. Магнітаэлектрычная прылада) са шкалой, праградуіраванай у адзінках супраціўлення (гл. Ом).

Складаецца з вымяральніка і крыніцы пастаяннага току (убудаванай ці знешняй). Бывае лічбавы і аналагавы (са стрэлачным ці светлавым паказальнікам), з паралельнай і паслядоўнай схемай вымярэння. Для дакладных вымярэнняў выкарыстоўваецца схема з лагометрам, на якую мала ўплываюць змены напружання крыніцы сілкавання, або маставая схема (гл. Мост вымяральны). Канструкцыйна О. часта аб’ядноўваюць з вальтметрамі і амперметрамі ў адну універсальную прыладу — ампервальтомметр.

т. 11, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)