Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЯПА́РНЫ ШАЎКАПРА́Д (Lymantria, або Ocneria, dispar),
матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Шкоднік больш як 300 відаў раслін, пераважна лясных лісцевых і пладовых дрэў.
Палавы дымарфізм моцна выяўлены (адсюль назва). У самкі крылы (размах 5,5—9 см) і грудзі брудна-белыя; брушка тоўстае, на канцы з жоўта-бурымі валаскамі; вусікі пілаватыя, чорныя. У самца пярэднія крылы (размах 3,5—5 см) шэра-бурыя, заднія (і грудзі) бурыя, з цёмным краем; брушка тонкае, з кутасікам на канцы; вусікі перыстыя, чорна-бурыя. Крылы з плямістымі (акрамя задніх у самцоў) светлымі махрамі, пярэднія з некалькімі цёмнымі звілістымі ці перарывістымі папярочнымі лініямі. Вусені даўж. 45—75 мм, шэра-бурыя, з 3 падоўжнымі жоўтымі лініямі, сінімі і чырв. валасістымі бародаўкамі, кормяцца лісцем, кветкамі. Кукалкі чырвона- ці чорна-бурыя, з валаскамі. Генерацыя аднагадовая. Зімуюць вусені ў абалонках яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАВЫ́ ПУЗЫ́Р,
орган некаторых беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека, у якім назапашваецца мача перад вывядзеннем з арганізма. У беспазваночных жывёл бывае няпарны (напр., у калаўротак), множны (напр., у малашчацінкавых чарвей, п’явак), парны (напр., у вышэйшых ракападобных). У пазваночных жывёл звычайна няпарны. У чалавека М.п. — полы мешкападобны орган мочапалавой сістэмы, размешчаны ў малым тазе. Сярэдняя ёмістасць 500 см³. Сценкі высланы слізістай абалонкай. Мача паступае ў М.п. праз мачаточнікі. Нерв. элементы ў абалонках М.п. рэагуюць на расцягванне органа пры напаўненні, выклікаюць рэфлекторнае скарачэнне гладкіх міяцытаў мышачнай абалонкі і расслабленне сфінктэраў, што вядзе да мочавыдзялення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЛЕНЧУКІ́,
насякомыя сям. саранчовых сапраўдных (Acrididae) атр. прамакрылых. 2 роды: Euthystira і Chrysochraon, у кожным па 1 віду з 2 падвідамі — З. кароткакрылы (E. brachyptera) і З. няпарны (Ch. dispar). Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Каўказе, паўн.-ўсх. Сярэдняй Азіі, Сібіры. На Беларусі 2 віды, падвід З. няпарнага (Ch. dispar dispar) занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 13,5—38 мм, самкі большыя. Самцы светла-ізумруднага колеру з залацістым адценнем, самкі светла-шэрыя або бура-зялёныя з вохрыстым адценнем. Пярэдняспінка падоўжаная, ззаду закругленая. Вусікі і ногі доўгія. Пярэднія ногі хадзільныя, заднія скакальныя. Яйцы адкладаюць на расліны. Расліннаедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТА́ТА,
няпарны залозіста-мышачны орган мужчын і самцоў жывёл.
Размешчана ў малым тазе, паміж дном мачавога пузыра і ампулай прамой кішкі; шчыльна ахоплівае шыйку пузыра і задні аддзел мочаспускальнага канала. Утворана асобнымі залозкамі розных памераў. Вывадныя пратокі П. адкрываюцца ў прастатычным аддзеле мочаспускальнага канала. Функцыі П. рэгулюе нерв. і эндакрынная сістэма. Сакрэт П. адыгрывае важную ролю ў забеспячэнні жыццядзейнасці сперматазоідаў у семявай вадкасці. Найб. частыя хваробы П. — прастатыт, пухліны (напр., адэнома прастаты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎНЯ́НКІ (Lymantriidae, Orgyidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. У сусв. фауне каля 4 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім свеце, найб. шматлікія ў вільготных трапічных лясах Азіі і Афрыкі. На Беларусі 12 відаў, сярод іх манашка, ваўнянка вярбовая (Leucoma salicis), залатагузка (Euproctis chrysorrhoea), няпарны шаўкапрад (Lymantria dispar) — шкоднікі пладовых і лясных дрэў.
Начныя матылі. Крылы ў размаху 25—70 мм. Цела патоўшчанае, густа апушанае. Ротавыя органы рудыментарныя (матылі не кормяцца). Кукалкі развіваюцца ў коканах. Вусені з пучкамі валаскоў на членіках, мнагаедныя, кормяцца лісцем пераважна дрэвавых раслін. Зімуюць у розных стадыях, часцей вусені.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАЛЬНЫ ПУЗЫ́Р (лац. vesica natatoria),
няпарны або парны орган рыб. Развіваецца як выраст пярэдняй ч. кішэчніка. Выконвае гідрастатычную, у некат. рыб — дыхальную (дваякадыхальныя, касцявыя ганоіды, мнагапёры), гукавыдаючую і гукаўспрымальную функцыі, а таксама ролю рэзанатара і пераўтваральніка гукавых хваль. У адных рыб П.п. звязаны з кішэчнікам (т.зв. адкрытапузырныя), у другіх поўнасцю ізаляваны (закрытапузырныя), і рэгуляванне ўтрымлівання газаў у ім ажыццяўляецца пры дапамозе т.зв. чырв. цела, або авала (густое спляценне крывяносных капіляраў на ўнутр. сценцы); рэгуляцыя ажыццяўляецца рэфлекторна. Аб’ём П.п. і суадносіны газаў у ім адрозніваюцца ад саставу атм. паветра і могуць мяняцца. У некат. рыб П.п. адсутнічае (напр., акулы, месяц-рыба і рыбы, якія вядуць прыдонны спосаб жыцця: камбалы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБО́НЫ (Hylobates),
род сям. гібонавых атр. прыматаў. 9 відаў. Жывуць у густых трапічных лясах Паўд.-Усх. Азіі і Зондскіх а-воў на дрэвах невял. сямейнымі групамі. 4 віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП: гібон аднакаляровы (H. concolor), гібон серабрысты (H. moloch), гібон чорнашапачны (H. pileatus), сіяманг карлікавы (H. klossi).
Даўж. цела 45—90 см, маса 5—13 кг. Целасклад грацыёзны. Афарбоўка валасянога покрыва ад чорнай да жаўтавата-карычневай або серабрыста-шэрай. Пярэднія канечнасці доўгія, з іх дапамогай гібоны перамяшчаюцца па галінах дрэў. Ёсць невял. сядалішчныя мазалі. Іклы вялікія. Палаваспелыя ў 5—7 гадоў, нараджаюць 1 дзіцяня. Кормяцца пладамі, лісцем, маладымі парасткамі, насякомымі, павукамі, зрэдку птушынымі яйцамі і птушанятамі. Пры ўсходзе сонца «пяюць» (адсюль другая назва — «пявучыя малпы»), у сіяманга (H. syndactylus) ёсць вял.няпарны гарлавы мяшок для ўзмацнення гукаў.
Гібоны: 1 — сіяманг; 2 — серабрыстыя рознай афарбоўкі.