СЕЛЯЗЁНКА,

няпарны парэнхіматозны орган лімфоіднай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека. Размешчана ў левай падрэбернай вобласці брушной поласці, каля страўніка, на ўзроўні 9—11 рэбраў. Даўж. С. ў дарослага чалавека 12 см, шырыня — 7—8 см, маса 150—200 г. «Дэпо» крыві, выконвае імуналагічную, ахоўную функцыі. С. як біял. фільтр (праз яе за 1 мін працякае 750—800 мл крыві) забяспечвае выдаленне з крыві антыгенаў.

У філагенезе С. звязана са стрававальным трактам. У кругларотых і дваякадыхальных рыб прадстаўлена вял. колькасцю лімфоіднай тканкі кішэчніка або страўніка. У інш. пазваночных С. адасабляецца ад страўніка ў самаст. орган.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)