РЭ́ЙНАЛЬДС, Рэйналдс (Reynolds) Джошуа (16.7.1723, г. Плімптан, Вялікабрытанія — 23.2.1792), англійскі жывапісец, тэарэтык мастацтва. У 1740—43 вучыўся ў Лондане ў Т.​Хадсана. Вывучаў творы Рэмбранта, П.​П.​Рубенса, венецыянскі жывапіс 16 ст. Працаваў у Дэваншыры і Лондане, у 1749—52 вандраваў па Еўропе. Арганізатар і 1-ы прэзідэнт (1768—90) лонданскай АМ. З 1748 гал. мастак караля. Пераасэнсоўваў традыцыі параднага партрэта барока, спалучаў велічнасць агульнай задумы з нязмушанасцю трактоўкі характараў, імкнуўся звязаць уяўленні пра ідэальную асобу з сац.-гіст. характарыстыкамі. Творы вызначаюцца дынамічнасцю кампазіцыі, свабодай мазка, цёплым сакавітым каларытам, псіхал. выразнасцю. Партрэты: аўтапартрэт (1753—54), «Д.​Гарык паміж музамі трагедыі і камедыі» (каля 1760—61), пісьменнікаў Л.​Стэрна (1760) і С.​Джонсана (1772), Джэн, графіні Харынгтан (1777—79), актрысы С.​Сіданс (1783—84), адмірала Дж.​О.​Хітфілда (1787—88). генерала Банастра Тарлтана; карціны «Немаўля Геракл душыць змей» (1786—88), «Нявінны ўзрост» (1788), «Устрыманасць Сцыпіёна» (1788—89) і інш. У тэарэт. работах выказваў нарматыўна-класіцыстычныя погляды на прыроду мастацтва.

Я.​Ф.​Шунейка.

Дж.Рэйнальдс. Партрэт генерала Банастра Тарлтана.

т. 13, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «ШКО́ЛА СУЧА́СНАЙ П’Е́СЫ».

Засн. ў 1989. Стваральнікі: І.​Райхельгаўз, М.​Дружыніна, Л.​Палішчук і А.​Філозаў і інш. Ставіць п’есы пераважна сучасных аўтараў, спалучае ў спектаклях розныя тэатр. жанры і формы — ад традыцыйнага псіхал. т-ра да балета, оперы і клаунады. Сярод пастановак: «Прыйшоў мужчына да жанчыны» (1989), «Усё будзе добра, як вы хацелі» (1993) і «Сыходзіў стары ад старой» (1995) С.​Злотнікава, «А чаго гэта ты ў фраку?» С.​Нікіціна (паводле «Прапановы» А.​Чэхава, 1992), «Крэслы» Э.​Іанескі, «Без люстэркаў» М.​Клімантовіча (абодва 1994), «Місіс Леў» С.​Какоўкіна, «Антыгона ў Нью-Йорку» Я.​Главацкага (абодва 1995), «З прывітаннем, Дон Кіхот!» (паводле М.​Сервантэса, Л.​Мінкуса, 1997), «Чайка» А.​Чэхава, «Каханне Карлаўны» В.​Мухінай, «Нічога асаблівага» В.​Ветхава (усе 1998), «Нататкі рускага падарожніка» Я.​Грышкаўца (1999) і інш. Маст. кіраўнік тэатра Райхельгаўз, гал. мастак Б.​Лысікаў. У розныя гады ў трупе працавалі: Т.​Васільева, М.​Глузскі, У.​Качан, Палішчук, У.​Сцяклоў, Філозаў і інш. У спектаклях таксама прымалі ўдзел І.​Алфёрава, В.​Астравумава, Э.​Вітарган, Л.​Гурчанка, Я.​Дваржэцкі, Л.​Дураў, М.​Міронава, В.​Нявінны, А.​Пятрэнка, Н.​Ценякова, С.​Юрскі, В.​Якаўлева, М.​Яфрэмаў і інш.

т. 10, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФО́НСЫ (Alfonso),

правіцелі ў іспанскіх сярэдневяковых каралеўствах.

Альфонс I Ваяўнік (1084 ? — 8.9.1134), кароль Арагона і Навары [1104—34]. Адваяваў у маўраў Сарагосу і зрабіў яе сталіцай (1118).

Альфонс II Нявінны (1132, г. Барселона — 25.4.1196), кароль Арагона [1162—96]. Змагаўся з маўрамі, адваяваў Праванс, у 1179 атрымаў у спадчыну Русільён.

Альфонс III Вялікі (838 — 20.12.912), кароль Астурыі [866—910]. Адваяваў у маўраў шэраг раёнаў на Пн ад р. Таха. У выніку барацьбы з феад. Арыстакратыяй, якую ўзначалілі яго сыны, быў вымушаны адрачыся ад прастола. Яго сын Гарсія заснаваў дынастыю каралёў Леона.

Альфонс V Велікадушны (1396, г. Медына-дэль-Кампа — 27.6.1458), кароль Арагона [1416—58]. У 1442 заваяваў Неапалітанскае каралеўства, у якім (разам з Сіцыліяй) правіў пад імем Альфонса I [1442—58]. Заснаваў першую ў Італіі гуманістычную акадэмію.

Альфонс VI Храбры (1030 — 30.6.1109), кароль Леона [1065—1109] і Кастыліі (з 1072). Пасля перамогі ў братазабойчых войнах за панаванне ў хрысц. Іспаніі ў 1077 абвясціў сябе ісп. імператарам. Адваяваў у маўраў Таледа (1085), Валенсію, Альмерыю. Пасля паражэнняў ад Альмаравідаў каля Салакі (1086) і Уклеса (1108) страціў шэраг адваяваных раней зямель.

Альфонс VII (1104 ці 1105, Галісія — 21.8.1157), кароль Кастыліі і Леона [1126—57]. Унук Альфонса VI. Імкнуўся да аб’яднання дзяржаў хрысц. Іспаніі; устанавіў свой сюзерэнітэт над Арагонам, Наварай, Партугаліяй і шэрагам франц. тэрыторый. У 1135 на картэсах у Леоне абвешчаны імператарам Іспаніі. Паспяхова ўдзельнічаў у Рэканкісце (паходы ў Андалусію, Эстрэмадуру, на Кордава). У 1150-я г. ваяваў з Альмахадамі.

Альфонс VIII (11.11.1155, г. Сорыя — 6.10.1214), кароль Кастыліі [1158—1214]. У 1212 у саюзе з каралямі Навары, Арагона і з дапамогай еўрап. рыцарскага войска дабіўся вырашальнай перамогі над маўрамі пры Лас-Навас-дэ-Талоса (каля г. Хаэн).

Альфонс IX (1171, г. Самора — 24.9.1230), кароль Леона і Астурыі [1188—1230]. У 1188 упершыню склікаў картэсы Леона з удзелам прадстаўнікоў 3-га саслоўя. Адваяваў у маўраў Бадахос (1227), Касерэс і Мерыду (1229).

Альфонс X Мудры (23 ці 26.11.1221, г. Таледа — 4.4.1284), кароль Кастыліі і Леона [1252—84]. Адваяваў у маўраў Херэс (1255), Кадыс (1262) і інш. гарады. Дамагаўся свайго абрання імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Яго палітыку цэнтралізацыі не прыняла знаць. У 1282 ён фактычна адхілены ад улады і правіць стаў яго сын Санча. Альфонс X быў паэтам, дбаў пра навукі, у т. л. пра астраномію.

Альфонс XI (27.9.1311, г. Саламанка — 26.3.1350), кароль Кастыліі і Леона [1312—50]. Самастойна правіў з 1325. Атрымаў перамогу над маўрамі пры р. Рыо-Салада (1340). Праводзіў палітыку цэнтралізацыі. У 1348 выдаў статут, які фіксаваў асабістую свабоду сялян.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)