ВЕРО́К’Ё
(Verrocchio) Андрэя дэль [сапр. Чоні (Cioni) Андрэады Мікеле ды Франчэска; 1435 ці 1436, г. Фларэнцыя, Італія — 7.10.1488], італьянскі скульптар, жывапісец і ювелір ранняга Адраджэння. Вучыўся ў ювеліра Верок’ё, чыё імя ўзяў сабе. Зазнаў уплыў Дэзідэрыо да Сетыньяна і А.Палаёла. Майстэрня Верок’ё ў Фларэнцыі была цэнтрам маст. жыцця. Адсюль выйшлі Леанарда да Вінчы, П.Перуджына і інш. Выканаў шэраг твораў па заказах сям’і Медычы (надмагілле Джавані і П’ера Медычы, 1472; статуя Давід, 1473—75; «Дама з кветкамі», бюст Джуліяна Медычы, абедзве каля 1475, і інш.),
якія вылучаюцца арыстакратычнай вытанчанасцю, крохкай гармоніяй ліній і аб’ёмаў. Аўтар кампазіцыі «Нявер’е Фамы» (1476—83) на фасадзе будынка Арсанмікеле ў Фларэнцыі, помніка кандацьеру Б.Калеоні (1479—83) у Венецыі і інш. Жывапіс Верок’ё вызначаецца дакладнасцю малюнка, дасканалай мадэліроўкай формаў, панарамнасцю пейзажных фонаў («Мадонна», каля 1470; «Хрышчэнне», пасля 1470, у сааўт. з Леанарда да Вінчы, і інш.).
В.Я.Буйвал.
т. 4, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМІ́ЗМ І ПЕСІМІ́ЗМ,
процілеглыя і адначасова ўзаемазвязаныя формы ўспрымання свету, тэндэнцый і заканамернасцяў яго развіцця. Залежаць ад перавагі спрыяльных, стваральных і жыццесцвярджальных, або, наадварот, неспрыяльных і разбуральных пачаткаў. Абазначаюць веру ці нявер’е ў будучае, у здольнасць чалавецтва арганізаваць сваё жыццё на аснове ідэалаў дабра, справядлівасці і г.д. Надаюць пэўную афарбоўку розным ідэйна-паліт. плыням, ідэалогіям, філас. вучэнням, праграмам практычнага дзеяння. Аптымізм становіцца пануючым настроем у эпоху грамадскага ўздыму і пераходу да новага, больш высокага ў параўнанні з ранейшым якаснага стану. Калі пераход заканчваецца і ў грамадстве ўзнікаюць новыя праблемы і цяжкасці, супярэчнасці абвастраюцца, уздым перарываецца спадамі і крызісамі, узмацненнем рэгрэсіўных тэндэнцый у грамадскім жыцці, аптымізм, як правіла, саступае месца песімізму. Крыніцай песімістычных настрояў і змрочных глабальных прагнозаў на будучыню служыць і заснаваная на драпежніцкіх адносінах да прыроды «цывілізацыя спажывання» (экалагічны песімізм). Аптымізм і песімізм здольныя адыгрываць актыўную канструктыўную ролю ў пошуках адказаў на пытанні, што ўзнікаюць перад грамадствам.
Літ.:
Мечников И.И. Этюды оптимизма. М., 1988;
Жибуль И.Я. Экологические потребности: сущность, динамика, перспективы. Мн., 1991.
В.І.Боўш.
т. 1, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЕР,
Халер (Haller) Альбрэхт фон (16.10.1708, г. Берн, Германія — 12.12.1777), швейцарскі і нямецкі прыродазнавец, пісьменнік. Вучыўся ў Цюбінгенскім і Лейдэнскім ун-тах. З 1727 д-р медыцыны; у 1736—53 праф. Гётынгенскага ун-та, дзе заснаваў анатамічны т-р і бат. сад. У 1751 стварыў у Гётынгене Каралеўскае т-ва навук і быў яго прэзідэнтам. З 1753 у Берне. Прапанаваў сваю сістэму раслін, заснаваную на іх вонкавым выглядзе і будове плода. У галіне фізіялогіі эксперыментальна выявіў уласцівасці мышачных валокнаў. Унёс шэраг дапаўненняў да вучэння У.Гарвея, удакладніў сувязь розных звёнаў сістэмы кровазвароту. Яго зб. «Спробы швейцарскай паэзіі» (1732) адкрываецца паэмай «Альпы», у якой апяваецца прыгажосць гор. Аўтар вершаваных сатыр «Сапсаваныя норавы» (1731), «Модны герой» (1733), раманаў «Узонг» (1771), «Альфрэд, кароль англа-саксаў» (1773), «Фабій і Катон» (1774). Адзін са стваральнікаў ням. дыдактычна-метафізічнай паэзіі (паэмы «Думкі пра розум, забабоны і нявер’е», 1729; «Ілжывасць чалавечых дабрачыннасцей», 1730; «Аб паходжанні зла», «Пра вечнасць», абедзве 1734).
Літ.:
Гейман Б.Я. Галлер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.
Г.В.Сініла.
т. 4, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЧУЖЭ́ННЕ,
аб’ектыўны сац. працэс, які характарызуецца ператварэннем у пэўных умовах чалавечай дзейнасці і яе вынікаў у самаст. сілу, што пануе над чалавекам і варожая яму. Праяўляецца ў процістаянні асн. перадумоў працы (уласнасць, кіраванне і арг-цыя) суб’екту працы, дзярж.-бюракратычнай машыны радавым членам грамадства, у пачуццях апатыі, адзіноцтва, атрафіі да высокіх сац. і гуманіст. каштоўнасцяў.
Першапачаткова сфармулявана і выкарыстана Т.Гобсам, Дж.Локам, Ж.Ж.Русо для абгрунтавання дагаворнага паходжання дзяржавы як увасаблення перанесеных на яе («адчужаных») людзьмі сваіх пэўных правоў і свабод. Для Гегеля адчужэнне як уласцівасць сусв. духу (абсалютнай ідэі) ёсць пераход яго ў працэсе дыялект. развіцця ў сваю процілегласць — прыродную і сац. рэальнасць; для Феербаха — гэта стварэнне чалавечай свядомасцю рэліг.-ілюзорнага свету багоў, анёлаў і інш. пад уплывам усеагульнай залежнасці чалавека ад варожых яму сіл прыроды. Калі ў Гегеля пераадоленне адчужэння ажыццяўляецца праз усё больш глыбокае пазнанне навакольнага свету, то ў Феербаха — праз крытыку рэлігіі на аснове прынцыпаў любові і салідарнасці. Паводле Маркса, пераадоленне адчужэння можа быць дасягнута ў ходзе пралетарскай рэвалюцыі і стварэння такога грамадства, якое выключала б эксплуатацыю чалавека чалавекам і стварала б аб’ектыўныя ўмовы для свабоднага, усебаковага развіцця асобы.
У сучаснай зах. філасофіі адчужэнні імкнуцца абгрунтаваць усе бакі крызісу грамадства — сац. і нац. прыгнёт, бюракратызацыю грамадскага жыцця, тэхнізацыю свету і разбурэнне прыроднага асяроддзя, узрастаючую бездухоўнасць мастацтва і асобы, нявер’е і атэізм, тэрарызм і злачыннасць, нават нац.-вызв. барацьбу народаў. А.Камю атаясамлівае адчужэнне з відавочнай для яго абсурднасцю чалавечага быцця ў свеце фатальнай непазбежнасці смерці індывіда. Крызіс сацыялізму і марксізму ўяўляецца як спецыфічнае адчужэнне ў грамадстве з дзярж.-калектыўнай уласнасцю, якая ўзмацняе працэс адчужэння, ператварае яго ў фатальна-антрапалагічную з’яву. Спробы пераадолення адчужэння ў гэтым сэнсе абвяшчаюцца утапічнымі або звязваюцца са зваротам чалавека да Бога і рэлігіі, да ўцёкаў ад грамадства ў інтымна-асабістае жыццё, з маральным адраджэннем асобы і грамадства на аснове любові, салідарнасці і інш.
Літ.:
Нарский И.С. Отчуждение и труд. М., 1983;
Грицанов А.А. Овчаренко В.И. Человек и отчуждение. Мн., 1991;
Geyer R.F. Alionation theories. Oxford, 1980.
І.А.Рабкоў.
т. 1, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)