СЮРПРЫ́З (франц. surprise),

прыемнае нечаканае здарэнне; падарунак; нечаканасць. Напр., навагодні С.

т. 15, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗАТЫ́ЧНАЯ РЫ́ФМА,

від рэдкай рыфмы, у якой сугуччамі спалучаны малавядомыя ці замежныя словы (гл. Экзатычная лексіка). Разлічана на неспадзяванасць, нечаканасць супастаўлення слоў, часам далёкіх па сэнсе і моўным паходжанні, напр.:

Зелень, вада.
Дождж як з вядра.
Пахне скураю
І алеандрам.
(Ю.​Гаўрук. «Батумі»)

Часта сустракаецца ў цыкле П.​Панчанкі «Іранскі дзённік». Ёю карыстаюцца Р.​Барадулін, А.​Вярцінскі і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 18, кн. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЗІС ПАЛІТЫ́ЧНЫ,

разладжванне функцыянавання якой-н. паліт. сістэмы з пазітыўным ці негатыўным вынікам. Бываюць К.п. канкрэтнай палітыкі, улады, урада (правячага кабінета), парламенцкі, адносін паміж заканад. і выканаўчай уладамі, крызіс даверу (адносін улады і грамадства) і інш. Характэрныя асаблівасці: хуткасць і нечаканасць; недаўгачаснасць ці, наадварот, працягласць (зацяжны К.п.); глыбіня ўздзеяння на паліт. сістэму, якая дасягнула мяжы, далей якой існаваць ці развівацца немажліва, вычарпала рэсурсы ці натыкаецца на супраціўленне звонку (знешняя экспансія з боку суседніх краін). Мае 3 фазы: перадкрызісная (першыя сімптомы); кульмінацыя; разбурэнне сістэмы ці яе пераход у новы стан або ўтварэнне новай сістэмы. Найб. пашыраны ўрадавы К.п. Умовай выхаду з К.п. з’яўляецца даступнасць паліт. сістэмы крытыцы з боку грамадства, адкрытасць крыніцам інфармацыі, здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў. Адзін з прыкладаў К.п. — Красавіцкі крызіс 1917 у Расіі.

т. 8, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПІЁК Мікалай Афанасьевіч (н. 20.11.1935, в. Макараўка Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (2002). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). Працуе ў розных галінах станковага жывапісу, графікі і сцэнаграфіі. Сярод жывапісных твораў: «Год 1929» (1976), «Купалле 41» (1977), «Кветкі пераможцам» (1980), «Слуцкія ткачыхі» (1990), «Май 45-га года» (1991), «Маё хрышчэнне» (1992), «...I апусціўся анёл» (1996), «Святочны выезд Радзівіла (Каханкі) у г. Нясвіж» (2001), «З гісторыі Полацка. У.​Чарадзей» (2002—03), партрэтаў, прысвечаных дзеячам культуры Беларусі: «А.​Дзянісаў у ролі М.​Гусоўскага», «У.​Рагаўцоў у ролі Ф.​Скарыны» (абодва 1980), «Скульптар У.​Церабун» (1989), «Кампазітар Я.​Глебаў» (1990), «А.​Дудараў, В.​Раеўскі і Б.​Герлаван» (1995), «С.​Станюта» (2000), пейзажы, нацюрморты. Аформіў больш за 30 спектакляў у т-рах Беларусі, у т. л. «Варвары» М.​Горкага (1966), «Шануй бацьку свайго» В.​Лаўрэнцьева «Дамы і гусары» А.​Фрэдры (абодва 1964), «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна, «Камедыя памылак» У.​Шэкспіра (абодва 1968), «Амністыя» М.​Матукоўскага (1970), «Трыбунал» А.​Макаёнка і «Адкуль грэх» А.​Петрашкевіча (1971), «Снежная каралева» Я.​Шварца (1979) і інш. Творам уласцівы разнапланавасць і рамантызацыя сюжэтаў, нечаканасць кампазіцыйнай пабудовы, каларыстычная гармонія, сюжэтная насычанасць.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 18, кн. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЕ́ЦІ (Rossetti) Дантэ Габрыэл (сапр. імя Габрыэл Чарлз Дантэ; 12.5.1828, Лондан — 9.4.1882),

англійскі жывапісец і паэт. Вучыўся ў Лондане ў рысавальнай школе Х.​Сэса (з 1843), у АМ (з 1845), пазней у М.​Браўна. Адзін з заснавальнікаў «Брацтва прэрафаэлітаў» (гл. Прэрафаэліты). Адвяргаў «вульгарны празаізм» у тагачасным мастацтве, шукаў тэмы і сюжэты ў мастацтве італьян. прымітываў і паэзіі італьян. сярэдневякоўя, Ранняга Адраджэння (асабліва ў Дантэ), сярэдневяковых легендах і хроніках, творах англ. рамантыкаў, надаваў вобразам адчувальна-пачуццёвы характар і містычную афарбоўку. Жывапісныя работы вызначаюцца парадаксальным спалучэннем інтэнсіўнасці пачуццяў гераінь (пісаў выключна жаночыя персанажы) і знешняй статычнасці, скаванасці поз і жэстаў; аб’яднаннем аб’ёмна выпісаных фігур з умоўным дэкар. фонам (часта ўзор з лісця і кветак); яркай паліхроміяй і тонкай лінеарнасцю кампазіцый, якія папярэднічалі стылю мадэрн: «Дзяцінства Марыі» (1849), «Дабравешчанне» (1850), «Беата Беатрыкс» (1863), «Каханая» (1865—66), «Сон Дантэ» (1870—71) і інш. Размаляваў хол Оксфардскага т-ва ў Лондане (1857), афармляў кнігі, рабіў эскізы вітражоў і пано (з У.​Морысам). Літ. творам уласцівы жыццёвасць і пераканаўчасць вобразаў, пластычнасць мовы, дакладнасць метафар, нечаканасць асацыяцый і сакавітасць дэталей: зб-кі «Вершы» (1870), «Балады і санеты» (т. 1—2, 1881). Аўтар п’есы «Трагедыя караля», філас. паэмы «Цяжар Ніневіі» (1856) і інш., перакладаў.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Антология новой английской поэзии. Л., 1937.

Д.Г.Расеці. Каханая. 1865—66.

т. 13, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬЕ́Н, Гільен Батыста (Guillén Barista) Нікалас (10.7.1902, г. Камагуэй, Куба — 16.7.1989), кубінскі паэт і публіцыст. Вучыўся ў Гаванскім ун-це. Займаўся журналістыкай, удзельнічаў у міжнар. грамадскім жыцці. У 1952—59 у эміграцыі. Друкаваўся з 1918. У паэзіі пераважала сац.-палітычная тэматыка, пазней узмацніўся суб’ектыўна-лірычны пачатак. Аўтар зб-каў «Матывы сона» (1930), «Сонгара Касонга» (1931), «Вест-Індская кампанія» (1934), «Песні для салдатаў і соны для турыстаў» (1937), «Голуб акрыленага народа» (1958), «Што ёсць у мяне?», «Вершы пра каханне» (абодва 1964), «Вялікі Звярынец» (1967), «Зубчастае кола» (1972), «Сэрца, з якім жыву» (1975), «Па Карыбскім сінім моры імчыць папяровы караблік» (1978), паэм «Іспанія. Паэма пра чатыры самоты і адну надзею» (1937), «Элегія Хесусу Менендэсу» (1951) і інш., кн. публіцыстыкі «Беглая проза, 1929—1972» (т. 1—3, 1975—76). Адметныя рысы яго творчасці — нечаканасць метафар і меладычнасць, рытмічная разнастайнасць і гукапіс, спалучэнне элементаў крэольскай і негрыцянскай фалькл. традыцый. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі Р.​Барадулін, Х.​Жычка, К.​Шэрман і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Падарожжа да сябе самога. Мн., 1978;

Рус. пер. — Сонгоро Косонго: Избр. стихи. М., 1967;

Избранное. М., 1982;

Перелистывая страницы: Мемуары. М., 1985.

Літ.:

Плавскин З. Николас Гильен: Критико-биогр. очерк. М.; Л., 1965;

Аухвер А. Николас Гильен: Жизнь и творчество: Пер. с исп. М., 1989.

Е.​А.​Лявонава.

Н.Гільен.

т. 5, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́НДСКАЯ ДЭСА́НТНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944 (кодавая назва «Нептун»),

высадка экспедыцыйных сіл ЗША і Вялікабрытаніі пры ўдзеле кан., франц., чэхаславацкіх і польскіх войск з Брытанскіх а-воў цераз Ла-Манш на ўзбярэжжа Нармандыі (Паўн.-Зах. Францыя) і захоп імі стратэг. плацдарма на тэр. ням.-фаш. войск 6.6—24.7.1944; састаўная частка аперацыі «Оверлорд» у 2-ю сусв. вайну. Саюзнікі (галоўнакаманд. ген. Д.Д.Эйзенхаўэр) сканцэнтравалі 39 дыв., 12 асобных брыгад, 10 атрадаў камандас і рэйнджэраў (англ. і амер. дэсантна-дыверсійныя часці), буйныя сілы авіяцыі і флоту (усяго 2 млн. 876 тыс. чал., 6 тыс. танкаў і самаходна-артыл. установак, 15 тыс. гармат і мінамётаў, каля 11 тыс. баявых самалётаў, каля 7 тыс. баявых, трансп. і дэсантных караблёў). Сухапутныя войскі былі аб’яднаны ў 21-ю групу армій (каманд. ген. Б.Л.Мантгомеры) у складзе 1-й амер., 2-й англ., 1-й кан. армій (32 дыв. і 12 асобных брыгад). Узбярэжжа Паўн.-Зах. Францыі, Бельгіі і Галандыі абараняла група герм. армій «Б» (ген.-фельдмаршал Э.​Ромель) — 38 дыв. (на ўчастку высадкі дзейнічалі 3 дыв.) пры падтрымцы 470 баявых караблёў розных класаў, 42 артыл. баржаў і 49 падводных лодак. Саюзнікам удалося забяспечыць нечаканасць, захаваць тайну месца і тэрміну высадкі войск. З канца крас. 1944 яны наносілі масіраваныя паветр. ўдары па аэрадромах, чыг. вузлах і пунктах кіравання немцаў. У ноч на 6.6.1944 пры падтрымцы авіяцыі ў штармавое надвор’е былі захоплены 2 плацдармы: на Пн ад Карантана — 2 амер. і на ПнЗ ад Кана — 1 англ. паветр.-дэсантнымі дывізіямі. Пры падтрымцы карабельнай артылерыі і авіяцыі саюзнікі ў першы дзень занялі некалькі плацдармаў. Да 5 ліп. ў Нармандыі ўжо было 1 млн. саюзных вайскоўцаў. Сярод амер. дэсантнікаў, што першымі высадзіліся на ўзбярэжжы Нармандыі, былі бел. эмігранты, у т. л. І.​Радзюковіч (бацькі паходзілі з Міншчыны). Вял. перавага саюзнікаў над праціўнікам у сілах і сродках, інш. фактары не дазволілі ням. камандаванню паспяхова абараняцца (войскі ўступалі ў бой разрознена, неслі значныя страты). Адной з прычын слабасці вермахта на З з’явілася наступленне Сав. войск на Беларусі (гл. Беларуская аперацыя 1944). Да 25 ліп. саюзнікі стварылі стратэг. плацдарм на рубяжы на Пд ад Кана, Камона, Сен-Ло, дзе сканцэнтраваліся 3 арміі (23 пяхотныя, 8 бранятанк., 1 паветр.-дэсантная дыв.). Ім процістаялі 7-я герм. армія і танк. група «Захад» (24 дыв., з іх 9 танк.). Н.д.а. — буйнейшая марская дэсантная аперацыя ў 2-ю сусв. вайну, якая паклала пач. адкрыццю другога фронту. Саюзнікі страцілі 122 тыс. чал., ням. бок — 117 тыс. чал.

Літ.:

Гл. пры арт. Другі фронт.

Да арт. Нармандская дэсантная аперацыя 1944. Штурмавыя часці саюзнікаў на ўзбярэжжы Нармандыі. Ліпень 1944.

т. 11, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)