Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФРЫ́Ту медыцыне,
запаленне нырак алергічна-інфекц. паходжання з пераважным пашкоджаннем нырачных клубочкаў. Адрозніваюць востры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Узнікае часцей пасля ангіны ці абвастрэнняў хранічнага танзіліту, захворванняў верхніх дыхальных шляхоў, выкліканых стрэптакокам, таксама пасля пнеўманіі, дыфтэрыі, пераахаладжэння арганізма і інш. Прыкметы: ацёкі, дамешкі крыві ў мачы, гіпертанія. Востры Н. можа ўскладняцца хранічным. Вынік хранічнага Н. — нырачная недастатковасць, урэмія. Лячэнне: дыета, тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФРЫ́Т (ад грэч. nephros нырка; у сувязі з падабенствам да ныркі),
мінерал класа сілікатаў, мікравалакністая разнавіднасць амфіболаў рада трэмаліту — актыналіту, Ca2(Mg; Fe)5 [Si4O11]2 (OH; F)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Трапляецца ў выглядзе шчыльнага агрэгата найтанчэйшых пераплеценых валокнаў, чым абумоўлена яго вязкасць і трываласць. Колер аліўкава-, яблычна-, травяна-, цёмна-зялёны, радзей шэры, белы, чорны. Размеркаванне колеру воблачна-плямістае. Цв. 5,5—6,5. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Добра паліруецца. Радовішчы прымеркаваны да серпенцінітаў, радзей да даламітавых мармураў, валуны і галька здабываюцца з россыпаў. Каштоўны ювелірна-вырабны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАДЭІ́Т (франц. jadeite ад jade нефрыт),
мінерал, які належыць да групы манаклінных піраксенаў, сілікат натрыю і алюмінію, NaAI(Si2O6). Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе зярністых ці валакністых агрэгатаў. Колер зялёны, белы ці карычневы. Бляск шкляны. Паўпразрысты, вельмі падобны на нефрыт. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,3—3,5 г/см³. Трапляецца ў метамарфічных горных пародах; утварае скопішчы ў серпенцінітах. Найб. радовішчы ў Бірме. Каштоўны вырабны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАІМУ́ННЫЯ ХВАРО́БЫ,
захворванні, абумоўленыя рэакцыямі імунітэту, што накіраваны супраць уласных тканак і органаў арганізма. Да аўтаімунных хвароб належаць калагеноз, нефрыт, панкрэатыт, сістэмная склерадэрмія, набытая гемалітычная анемія; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб — сіндром набытага імунадэфіцыту (СНІД). Механізм многіх аўтаімунных хвароб вывучаны недастаткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНАЛІ́Т (ад актына... + ...літ),
мінерал класа сілікатаў, манаклінны амфібол, Ca2(Mg,Fe2+)5[Si4O11]2(OH,F)2. Крышталі ігольчастыя, ніткападобныя. Агрэгаты прамяністыя, валакністыя або масіўныя (нефрыт). Колер зялёны, розных адценняў. Бляск шкляны. Паўпразрысты, рэдка празрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 3,2—3,3 г/см³. Пародаўтваральны мінерал метамарфічных сланцаў і кантактных скарнаў. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці аўтапакрышак як напаўняльнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫРАБНЫ́Я КАМЯНІ́,
дэкаратыўныя мінеральныя агрэгаты і горныя пароды, якія маюць прыгожы колер ці малюнак і выкарыстоўваюцца для вытв-сці разнастайных маст. вырабаў і сувеніраў. Важнейшая ўласцівасць вырабных камянёў — здольнасць добра паліравацца. Адрозніваюць цвёрдыя вырабныя камяні — цв. 5 і вышэй па шкале Моаса (яшмы, акамянелае дрэва, абсідыян і інш.) і мяккія вырабныя камяні — цв. 4 і ніжэй (мармуровы онікс, гагат, серпенцініт і інш.). Найб. рэдкія і высокадэкаратыўныя камяні, якія часткова выкарыстоўваюць у ювелірных і ювелірна-галантарэйных вырабах (малахіт, лазурыт, нефрыт, жадэіт, агат, раданіт і г.д.), іншы раз вылучаюць у асобную групу ювелірна-вырабных камянёў. У шэрагу краін існуе заканадаўчая рэгламентацыя здабычы і выкарыстання каштоўных камянёў з ліку вырабных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІБО́ЛЫ (ад грэч. amphibolos двухсэнсавы, падманлівы),
група пародаўтваральных мінералаў падкласа ланцужковых (стужачных) сілікатаў з агульнай формулай (A, B)7-8 [Z4O11]2 (OH, F)2, дзе A — K, Na, Ca; B — Al, Fe+3, Fe+2, Mg і інш.; Z — Si, Al. Асн. структуры — т.зв. «амфіболавая стужка» [Si4O11]. Адрозніваюць манаклінныя і больш рэдкія рамбічныя амфіболы. Утвараюць прызматычныя крышталі, ігольчастыя ці тонкавалакністыя агрэгаты. Колер чорны, зялёны, радзей белы ці сіні, да цёмна-фіялетавага. Цв. 5—6,5. Шчыльн. 2,8—3,6 г/см³. Пашыраны ў складзе магматычных і метамарфічных парод (гранадыярытаў, дыярытаў, сіенітаў, андэзітаў, базальтаў і інш.). У зямной кары да 10% (па масе). У прам-сці выкарыстоўваюць хімічна- і тэрмаўстойлівыя тонкавалакністыя амфібол-азбесты. Некаторыя амфіболы — ювелірнавырабныя камяні (нефрыт, кракідаліт і інш.); жалезістыя амфіболы, якія маюць у сабе волава — патэнцыяльная алавяная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІ́НА (лац. angina літар. ўдушша),
вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.