Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФРЫ́Ту медыцыне,
запаленне нырак алергічна-інфекц. паходжання з пераважным пашкоджаннем нырачных клубочкаў. Адрозніваюць востры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Узнікае часцей пасля ангіны ці абвастрэнняў хранічнага танзіліту, захворванняў верхніх дыхальных шляхоў, выкліканых стрэптакокам, таксама пасля пнеўманіі, дыфтэрыі, пераахаладжэння арганізма і інш. Прыкметы: ацёкі, дамешкі крыві ў мачы, гіпертанія. Востры Н. можа ўскладняцца хранічным. Вынік хранічнага Н. — нырачная недастатковасць, урэмія. Лячэнне: дыета, тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФРЫ́Т (ад грэч. nephros нырка; у сувязі з падабенствам да ныркі),
мінерал класа сілікатаў, мікравалакністая разнавіднасць амфіболаў рада трэмаліту — актыналіту, Ca2(Mg; Fe)5 [Si4O11]2 (OH; F)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Трапляецца ў выглядзе шчыльнага агрэгата найтанчэйшых пераплеценых валокнаў, чым абумоўлена яго вязкасць і трываласць. Колер аліўкава-, яблычна-, травяна-, цёмна-зялёны, радзей шэры, белы, чорны. Размеркаванне колеру воблачна-плямістае. Цв. 5,5—6,5. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Добра паліруецца. Радовішчы прымеркаваны да серпенцінітаў, радзей да даламітавых мармураў, валуны і галька здабываюцца з россыпаў. Каштоўны ювелірна-вырабны камень.