КАХІНХІ́Н,

парода свойскіх курэй мяснога тыпу. Паходзіць ад дзікага банкіўскага пеўня. Выведзена ў Паўд.-Усх. Азіі.

Птушка буйная, з акругленымі формамі, пышным рыхлым апярэннем. Колер белы, жоўты, паласаты, палевы, чорны. Галава невял.; грэбень невял., прамастойны, лістападобны; спіна кароткая і шырокая, крылы кароткія, закругленыя, хвост кароткі; ногі невысокія, моцна апераныя. Жывая маса пеўня да 5, курыцы — да 4 кг. Несціся пачынаюць у 7—8-месячным узросце. Яйцаноскасць 100—120 яец.

М.Ц.Гарачкі.

Кахінхіны.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЧКІ СВО́ЙСКІЯ (Anas domestica),

сельскагаспадарчыя птушкі. Паходзяць ад дзікай качкі — крыжанкі, прыручанай у старажытнасці ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. Падзяляюць на мясныя (пекінскія, шэрыя ўкр., чорныя белагрудыя і інш.), мяса-яечныя або яечна-мясныя (хакі-кэмпбел, люстраныя і інш.) і яйцаноскія (індыйскія бегуны). На Беларусі вырошчваюць К.с. пекінскай пароды, качак жлобінскай папуляцыі (ад скрыжавання пекінскіх з белымі маскоўскімі качкамі) і шэрых украінскіх.

Маса качара да 4, качкі да 3,5 кг. Пачынаюць несціся ва ўзросце 160—180 дзён, за год даюць больш за 200 яец. Качка за год дае каля 140 качанят агульнай масай да 350 кг. Макс. працягласць племяннога выкарыстання 4—5 гадоў. Затрата корму на 100 кг прыбаўлення ў масе 350—400 кармавых адзінак. Выхад выпатрашанай тушкі да 60%, тлушчу ў мясе да 30%. Яйцы выкарыстоўваюцца для інкубацыі, у харч. прам-сці (меланж, яечны парашок, кандытарскія вырабы).

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)