НЕРВЮ́РА (франц. nervure ад лац. nervus жыла, сухажылле),

1) у архітэктуры — арка з абчасаных клінападобных камянёў або цаглін, якая ўмацоўвае рэбры крыжовага, сеткавага, зорчатага і інш. форм скляпення; тое, што гурт. Найб. пашыраны ў архітэктуры готыкі. Складалі аснову каркаснай канструкцыі перакрыцця, перадаючы нагрузку ад скляпенняў на слупы, патоўшчаныя часткі сцен, контрфорсы, аркбутаны, лапаткі і інш. У выніку выкарыстання Н. аблегчылася канструкцыя перакрыцця. У позняй готыцы Н. ўтваралі на скляпеннях (веерных, зорчатых, сотавых і інш.) разнастайныя складаныя ўзоры.

2) У лятальных апаратах — элемент папярочнага сілавога набору крыла, апярэння і інш. нясучых частак, што звязвае ў адно цэлае элементы падоўжнага набору (ланжэроны, стрынгеры) і абшыўку, вызначае аэрадынамічны профіль нясучых паверхняў.

т. 11, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРТ (ням. Gurt літар. пояс, папруга),

у гатычнай архітэктуры арка з абчасаных клінападобных камянёў ці цаглін, якая ўмацоўвае рэбры крыжовага, сеткаватага, зорчатага і інш. формы скляпення; тое, што і нервюра. Гуртам наз. таксама прафіляваную гарыз. цягу, якая расчляняе фасад будынка на ярусы.

Гурт.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́ лятальнага апарата,

нясучая нерухомая паверхня самалёта, вінтакрыла, планёра, крылатай ракеты і інш. лятальных апаратаў (ЛА), прызначаная пераважна для стварэння аэрадынамічнай сілы. З дапамогай К. забяспечваецца таксама ўстойлівасць і кіравальнасць ЛА.

Складаецца з падоўжных (ланжэроны, стрынгеры) і папярочных (нервюры) сілавых элементаў і жорсткай абшыўкі. Есць К. са зменнай у палёце стрэлападобнасцю. На К. размяшчаюцца перадкрылкі, закрылкі, шчыткі, інш. сродкі механізацыі К. і органы кіравання (элероны, элевоны, інтэрцэптары), а часам апоры шасі і рухавікі. Унутры К. размяшчаюць паліва, ч. абсталявання, камунікацый, зброю і інш. Тэорыю К. распрацоўвалі М.Я.Жукоўскі, С.А.Чаплыгін, С.​А.​Хрысціяновіч, Г.​Глаўэрт і інш.

Крыло самалёта: 1 — падкрылак; 2 — стрынгер; 3 — нервюра; 4 — абшыўка; 5 — інтэрцэптар, 6 — элерон; 7 — двухшчылінны закрылак; 8 — ланжэрон.

т. 8, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)