Нептун (міфал.) 7/484; 8/299

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Нептун (планета) 4/307, 587; 6/289; 7/484; 8/461; 9/631, 632; 10/6

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПТУ́Н,

у старажытнарымскай міфалогіі і рэлігіі бог мора. Першапачаткова шанаваўся як бог вільгаці (рэк і крыніц), які аберагаў палі ад засухі. У пач. 4 ст. да н.э. пад уплывам грэч. міфалогіі Н. нададзены рысы грэч. бога мора Пасейдона. Штогод 23 ліп. ў Рыме ў гонар Н. наладжвалася свята — нептуналіі. Ў пераносным сэнсе Н. — марская стыхія.

Трыумф Нептуна і Амфітрыты. Мазаіка 4 ст. н.э.

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПТУ́Н,

восьмая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, знак . Адкрыты ў 1846 ням. астраномам І.Гале паводле тэарэт. прадказанняў У.Ж.Левер’е і Дж.К.Адамса.

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 4504,4 млн. км. Перыяд абарачэння вакол Сонца 164,788 года, вакол восі 16 гадз 6 мін. Экватарыяльны дыяметр 49 528 км. Нахіл экватара да плоскасці арбіты 29°. Маса 1,03·10​26 кг (17,22 масы Зямлі). сярэдняя шчыльн. 1640 кг/м³. Унутраныя ​2/3 часткі Н. складаюцца з сумесі літага каменю, вады. вадкага аміяку і метану; вонкавая трэць — з сумесі нагрэтых газаў (вадароду, гелію. метану) і пары вады. Састаў атмасферы: метан, вадарод, гелій Нетры Н. вылучаюць вял. колькасць энергіі. Атрымлівае ад Сонца ў 2.5 раза менш энергіі, чым Уран; т-ра атмасферы Н. (каля 214 °C) амаль такая ж, як ва Урана. Адна з гіпотэз існавання ўнутр. крыніц энергіі — эвалюцыйнае сцісканне планеты. Простым вокам Н. не бачны (яго бляск каля 7,8 візуальнай зорнай велічыні). Паглынанне чырвоных прамянёў атмасферным метанам абумоўлівае сіні колер планеты. Мае 8 спадарожнікаў (гл. Спадарожнікі планет). Выяўлена 5 кольцаў на адлегласці ад 41,9 тыс. да 62.9 тыс. км ад цэнтра планеты, якія складаюцца з пылу. Большасць звестак пра Н. атрымана пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр».

Літ.:

Тейфель В.Г. Уран и Нептун — далекие планеты-гиганты. М., 1982;

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984.

А.А.Шымбалёў.

Агульны выгляд планеты Нептун (фотаздымак атрыманы аўтаматычнай міжпланетнай станцыяй «Вояджэр-2»).

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Трытон,

спадарожнік планеты Нептун.

т. 16, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЭІ́ДА,

спадарожнік планеты Нептун. Астэроідападобны аб’ект, дыяметрам каля 340 км. Сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 5,51 млн. км. Сідэрычны перыяд абарачэння каля 359,6 сут. Адзіны спадарожнік планет з вельмі выцягнутай арбітай (эксцэнтрысітэт 0,753). Адкрыты Дж.Койперам (ЗША, 1949). Названы імем адной з міфалагічных нерэід. Гл. таксама Спадарожнікі планет.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДАМС ((Adams) Джон Каўч) (5.6.1819—21.1.1892),

англійскі астраном. Прэзідэнт Лонданскага астр. т-ва, дырэктар Кембрыджскай астр. абсерваторыі (з 1861). Працы па нябеснай механіцы (асн. з іх — тэарэтычнае вызначэнне векавога паскарэння Месяца). На аснове матэм. аналізу няправільнасцяў у руху планеты Уран незалежна ад У.Левер’е ў 1845 адкрыў планету Нептун. Прапанаваў рознасны метад лікавага інтэгравання звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў першага парадку.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПТУНІ́ЗМ (ад лац. Neptunus бог Нептун),

геалагічная канцэпцыя паходжання горных парод канца 18 — пач. 19 ст. Засн. ням. вучоным А.Г.Вернерам на ўяўленнях аб паходжанні ўсіх горных парод (у т.л. вывергнутых) з вод першаснага Сусветнага акіяна, які ўкрываў паверхню Зямлі, а таксама з вод «сусветнага патопу», аб фарміраванні і пераўтварэнні іх у выніку марскога асадканамнажэння. З 1820-х г., калі былі абгрунтаваны навук. ўяўленні аб вывергнутых і асадкавых пародах, Н. страціў значэнне.

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРА́ЛЬНЫЯ КУ́ЛЬТЫ,

пакланенне нябесным свяцілам і з’явам. Вядомыя ў рознай ступені ўсім народам. Былі найб. распаўсюджаны ў Стараж. Двухрэччы, Егіпце і Стараж. Індыі, дзе храмы адначасова служылі і абсерваторыямі. У вавілонскай рэлігіі Месяц і 5 бачных няўзброеным вокам планет былі абвешчаны багамі і атрымалі ўласныя назвы (Сім — Месяц, Шамаш — Сонца, Мадрук — Юпітэр, Іштар — Венера, Нергал — Марс, Набу — Меркурый, Нінургу — Сатурн; пра Уран і Нептун народы стараж. свету не ведалі. На аснове астральных культаў у вавілонскай рэлігіі ўзніклі астралогія, варажба і рэліг. прароцтвы. Адлюстраваннем астральных культаў у хрысціянстве з’яўляюцца легенды пра віфлеемскую зорку і сем зорак у Апакаліпсісе.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́САРТ ((Gossaert) Ян) (мянушка Мабюз; Mabuse; каля 1478—80, г. Мабёж, Францыя — паміж 1533 і 1536),

нідэрландскі жывапісец. Заснавальнік рамантызму ў нідэрл. жывапісе 16 ст. Працаваў у Антверпене, Утрэхце, Мідэлбургу і інш. гарадах. У 1508—09 наведаў Італію. Імкнуўся засвоіць дасягненні італьян. Адраджэння ў кампазіцыі, анатоміі, перспектыве. Звяртаючыся да ант. і біблейскіх сюжэтаў, часта маляваў аголеныя фігуры на фоне ант. архітэктуры ці ў прыродным асяроддзі, перададзеным з тыповай для нідэрл. мастацтва дэталізацыяй («Адам і Ева», «Нептун і Амфітрыта», 1516; «Даная», 1527). Маст. традыцыям нідэрл. школы найбліжэй партрэты Госарта (дыптых з выявай канцлера Ж.Карандэле, 1517).

т. 5, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)