Непадзельныя фонды калгасаў, гл. Фонды калгасаў

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРЫ́ЙСКАЯ СПА́ДЧЫНА, вайна за Аўстрыйскую спадчыну,

вялася паміж еўрап. дзяржавамі ў 1740—48. Паводле Прагматычнай санкцыі 1713 (закон, які выдаў Карл VI) вял. валоданні аўстр. Габсбургаў павінны былі заставацца непадзельныя і перайсці да яго дачкі Марыі Тэрэзіі. Аднак пасля смерці Карла VI (1740) Прусія, Баварыя, Саксонія, Іспанія, падтрыманыя Францыяй, пачалі аспрэчваць спадчыннае права Марыі Тэрэзіі. У распачатай вайне Аўстрыю падтрымлівалі Англія, а з 1746 і Расія. Паводле Ахенскага міру 1748 Марыя Тэрэзія захавала б.ч. сваіх уладанняў, аднак амаль уся Сілезія перайшла да Прусіі.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЖЫ́ВІКА (санскр.),

адно з неартадаксальных стараж.-індыйскіх вучэнняў, якое адмаўляла існаванне душы. Заснавальнікам аджывікі па традыцыі лічаць мудраца Маркалідэка (6—5 ст. да н.э.). Паводле вучэння аджывікі, існуюць 4 разнавіднасці атамаў, з якіх пабудаваны 4 стыхіі прыроды: зямля, вада, агонь і паветра; «жыццё» ёсць тое, што ўспрымае і пазнае спалучэнні атамаў. Разнавіднасці атамаў і жыццё ўтвараюць 5 існасцяў, якімі вычэрпваецца ўсё існуючае. Свядомасць уяўляецца як асобны агрэгат звыштонкіх атамаў, што ўваходзяць у «канфігурацыю жыцця»; атамы вечныя, непадзельныя, нікім не створаныя і незнішчальныя. Аджывіка выступала пераважна як матэрыяліст. вучэнне, якое процістаяла стараж.-інд. рэлігіі і філасофіі брахманізму. У Паўн. Індыі аджывіка злілася з дагматызмам і вішнуізмам, у паўд. Індыі існавала да 14—15 ст.

т. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІДУА́ЛЬНАСЦЬ,

непаўторная своеасаблівасць якой-н. з’явы, асобнай істоты, чалавека; процілегласць агульнага, тыповага. Узнікненне ідэі І. звязана з распрацоўкай стараж.-грэч. філосафамі Леўкіпам і Дэмакрытам паняцця «атам», што азначала самыя дробныя, непадзельныя адзінкі быцця, якія маюць пэўную «форму» і «становішча», г. зн. выступаюць як І. Разуменне І. як асобнай істоты закладзена Сенекам; у сярэдневяковай схаластыцы яно абмяжоўвалася толькі чалавечай асобай. Культ І., што пераходзіў у індывідуалізм, характэрны для эпохі Адраджэння, калі І. асобнага чалавека супрацьпастаўлялася традыц. грамадскім сувязям. Найб. поўнае развіццё ідэя І. набыла ў вучэнні Г.​Лейбніца аб манадах. Паняцце «І.» характэрна таксама для рамантызму і філасофіі жыцця. У псіхалогіі І. характарызуе своеасаблівасць псіхікі і асобы індывіда, яе непаўторнасць. І. рэалізуецца індывідам праз паводзіны ў сітуацыях зносін з інш. людзьмі і праз культываванне ім розных здольнасцей у працэсе дзейнасці.

Літ.:

Голубева Э.А. Способности и индивидуальность. М., 1993;

Коломиец В.П. Становление индивидуальности: Социал. аспект. М., 1993;

Мерлин В.С. Психология индивидуальности. М., 1996.

Л.​А.​Гуцаленка.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАСО́БЛЕНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,

залежныя кампаненты, якія інтанацыйна і сэнсава выдзяляюцца ў сказе, каб надаць ім большае значэнне і павысіць камунікатыўную дзейнасць. Вызначаюцца немагчымасцю сінтаксічнай спалучальнасці з інш. членамі сказа, не аб’ядноўваюцца з імі ў словазлучэнні, аддзяляюцца ад іх працяглай паўзай, маюць сінтагматычны націск, аслабленую ці ўзмоцненую інтэнсіўнасць маўлення. Адносна свабодна размяшчаюцца ў структуры сказа і на пісьме выдзяляюцца коскай ці працяжнікам.

Адасобленыя члены сказа могуць быць дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні («Неба, зацягнутае шэрымі хмарамі, нізка навісла над лесам», У.​Карпаў, «Быў у замку дзед Даніла, родам дзесь з-пад Мазыра», Я.​Колас), прыдаткі («Салавей, пясняр крылаты, прыляцеў вясной дахаты», Я.​Пушча), дапаўненні («Замест цёмнай нуднай ночы — Ясны дзень даўно настаў», У.​Хадыка), акалічнасці («Добра ў садзе хадзіць, сустракаючы сонечны ранак», П.​Панчанка). Утвараюць сінтаксічна непадзельныя канструкцыі, якія заключаюць у сабе адпаведнае сцвярджэнне ці адмаўленне і выконваюць паўпрэдыкатыўную функцыю («Ужо не вернецца ніколі краса, адцвіўшая даўно», П.​Трус) або служаць для канкрэтызацыі асобных словаформаў, выконваючы ўдакладняльна-паясняльную (непрэдыкатыўную) функцыю («Там, далёка, за дамамі, разляглося поле», Я.​Колас).

Л.​І.​Бурак.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́КІ МО́ВЫ,

найдрабнейшыя непадзельныя адзінкі вуснай мовы, што выконваюць функцыю адрознення і атаясамлівання гукавых абалонак слоў. Не з’яўляючыся носьбітамі значэння, гукі мовы фарміруюць слыхавы вобраз марфемы, слова, выказвання, якія дзякуючы замацаваным за імі ў свядомасці носьбітаў мовы лексічным і грамат. значэнням дазваляюць ажыццяўляць моўную сувязь.

У анатама-фізіял. плане гукі мовы вызначаюцца становішчам сукупнасці органаў мовы (артыкулятараў) у час іх вымаўлення (гл. ў арт. Артыкуляцыя). У акустычным плане — гэта перыядычныя і неперыядычныя гукавыя хвалі, што накладваюцца адна на адну або чаргуюцца ў часе і ўтвараюць бесперапынную моўную плынь. Дыскрэтнасць (раздзельнасць) гукаў мовы вызначаецца зменай крыніцы гуку (квазіперыядычнай, шумавой, імпульсна-шумавой, яе адсутнасцю), якая згладжваецца зменай рэзанатараў (аб’ёму поласцей рота, носа і глоткі). У залежнасці ад крыніцы і функцыі ў складзе гукаў мовы падзяляюцца на галосныя гукі і зычныя гукі (выбухныя, фрыкатыўныя, афрыкатыўныя і плаўныя). На аснове здольнасці адрозніваць марфемы і словы ўся разнастайнасць гукаў мовы аб’ядноўваецца ў адносна невял. групу фанем, што дае магчымасць носьбітам мовы ўспрымаць фізічна нятоесныя гукі з розных фанет. пазіцый як адзін і той жа гук.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

А.​І.​Падлужны.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НСТВА І РАЗНАСТА́ЙНАСЦЬ СВЕ́ТУ,

адна з асноватворных светапоглядных праблем, якая вырашаецца з пазіцый манізму, дуалізму і плюралізму. Манізм прымае за аснову ўсяго існага адзін пачатак. Матэрыялістычны манізм бачыць пачатак свету ў яго матэрыяльнасці (усе прадметы і з’явы — розныя віды ці ўласцівасці матэрыі, якая рухаецца). Наяўнасць структурных узроўняў матэрыі, на кожным з якіх яна валодае рознай будовай і падпарадкоўваецца спецыфічным законам руху, лічыцца крыніцай разнастайнасці свету. Ідэалістычны манізм звязвае адзінства свету з агульнасцю яго духоўнага пачатку. У Гегеля пачатак, які складае аснову ўсіх з’яў прыроды і гісторыі, прадстаўлены абсалютнай ідэяй. Дуалізм у поглядах на свет заключаецца ў прызнанні яго першапачаткам дзвюх раўнапраўных субстанцый: матэрыяльнай і духоўнай. Дэкартаўская (картэзіянская) карціна свету выцякае з паралельнага існавання цялеснай (працяглай) і мыслячай субстанцый (дуалізм цела і душы). Адзінкавыя прадметы — гэта модусы (часовы стан) працягласці і мыслення. Плюралізм грунтуецца на тым, што свет складаецца з мноства незалежных, раўнапраўных утварэнняў, якія не зводзяцца да адзінага пачатку. Паводле Лейбніца, субстанцыяльнымі адзінкамі прыроды з’яўляюцца манады — непадзельныя, замкнутыя духоўныя істоты; вышэйшай манадай ён лічыў Бога.

Літ.:

Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. Наука логики. М., 1974;

Декарт Р. Первоначала философии // Соч. М., 1989. Т. 1;

Лейбниц Г.В. Монадология // Соч. М., 1982. Т. 1;

Кучевский В.Б. Философские проблемы естествознания. М., 1985.

А.​В.​Рубанаў.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХНЕ́ВІЧ (Арнольд Яфімавіч) (н. 9.9. 1936, Мінск),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1977), праф. (1980). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1958). З 1961 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1983 у Ін-це паліталогіі і сац. кіравання, з 1991 прарэктар і заг. кафедры Мінскага лінгвістычнага ун-та, з 1995 у Бел. ін-це праблем культуры (з 1998 рэктар), з 2000 адначасова заг. кафедры сучаснай бел. мовы філал. ф-та БДУ. Даследуе пытанні граматыкі, лексікалогіі, лексікаграфіі, этымалогіі бел. мовы, культуры бел. і рус. моў, супастаўляльнай і сац. лінгвістыкі, рыторыкі і культуралогіі: «Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ў беларускай мове: (Трансфармацыйны аналіз)» (1965), «З гісторыі прамоўніцкага мастацтва» (1972), «У глыб слова чалавечага» (1982), «Мова, якой няма...» (1988) і інш. Сааўтар «Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі» (т. 1—2, 1977—79), «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 2, 1980), «Беларуска-рускага паралексічнага слоўніка-даведніка» (1985), «Англа-беларускага размоўніка» (1992, з Н.​М.​Навічэнка), кніг «Грамадства — мова — палітыка» (1988), «Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску» (3-е выд. 1990), «Культура рускай мовы ў пытаннях і адказах» (1996), «Беларуская мова: Энцыклапедыя» (1994, Дзярж. прэмія Беларусі 1998) і інш.

Тв.:

Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;

Вазьмі маё слова...: Нататкі аб лексіч. узаемаўплыве бел. і рус. моў у кантэксце ўзаемадзеяння культур. Мн., 1990 (разам з А.​Гіруцкім);

Русско-белорусский разговорник. Мн., 1991.

Літ.:

А.​Я.​Міхневіч: Біябібліягр. паказ. Мн., 1996.

І.​К.​Германовіч.

А.Я.Міхневіч.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)