Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Сцябловыя нематоды 10/147
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛУЛАНО́З,
гельмінтозная хвароба жывёл, узбуджальнікі якой дробныя нематоды (Ollulanus tricuspis, O. skrjabini, O. andarica, O. suis). Шырока распаўсюджана, вывучана недастаткова. Характарызуецца пашкоджаннем страўніка. Нематоды паразітуюць у прасвеце і тоўшчы слізістай абалонкі страўніка, вывадных пратоках яго залоз, радзей у 12-перснай кішцы і інш. месцах. Хварэюць пераважна дарослыя свінні. Хворай жывёліне ўласцівы дрэнны апетыт, ірвота, паносы, яна паступова худнее, часам гіне. Лячэнне тэрапеўтычнае; хворых жывёл дэгельмінтызуюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ГЛЫЯ ЧЭ́РВІ,
нематоды (Nematoda), клас чарвей тыпу першаснаполасцевых. Вядомы з верхняга карбону. 3 падкласы. Апісана каля 20 тыс. відаў, агульная колькасць відаў па розных ацэнках ад 100 тыс. да 1 млн. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца аскарыды, вастрыцы, воласагаловы, трыхіна, нематода бульбяная, нематоды галавыя, трыхацэфаліды і інш. Жывуць у морах і прэснай вадзе, у глебе.
Даўж. ад 0,05 мм да 8,4 м. Цела цыліндрычнае, верацёна- ці ніткападобнае. нерасчлянёнае, на папярочным разрэзе круглае, укрытае шчыльнай кутыкулай. Дыхальнай і крывяноснай сістэм няма. Свабоднажывучыя формы кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Некаторыя здольныя да анаэрабіёзу і анабіёзу. Большасць раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Многія — паразіты раслін, жывёл і чалавека, выклікаюць хваробы: аскарыдоз, гельмінтозы, нематадозы, нематодныя хваробы раслін, трыхінелёз і інш.
Да арт.Круглыя чэрві: 1 — воласагалоў чалавечы; 2 — нематода бурачная разнаскурая (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКІЛАСТАМО́З,
гельмінтозная хвароба чалавека і жывёл, пры якой пашкоджваецца тонкі кішэчнік. Узбуджальнік — нематоды з роду анкіластом (Ancylostoma). Сустракаецца пераважна ў раёнах з цёплым і вільготным кліматам, на Беларусі адзначаецца ўсюды. Прыкметы: ірвота, паносы з прымешкамі крыві ў фекаліях, схудненне. Яйцы паразіта з калам інвазіраваных чалавека і жывёл трапляюць у вонкавае асяроддзе, з іх развіваюцца рухомыя лічынкі, якія праз рот ці скуру пранікаюць у арганізм гаспадара і ператвараюцца ў кішэчніку ў палаваспелых анкіластом. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЖАЕ́ЎСКАЯ (Вольга Іванаўна) (12.11.1904, в. Бязуеў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 13.5.1981),
бел. вучоны ў галіне энтамалогіі. Д-рбіял.н. (1974). Скончыла БДУ (1931). З 1949 у Ін-це біялогіі, Аддзеле заалогіі і паразіталогіі АН Беларусі. Навук. працы па фауне, экалогіі, марфалогіі лускакрылых насякомых (совак) і нематод — шкоднікаў с.-г. культур.
Тв.:
Нематоды главнейшых полевых культур БССР. Мн., 1953;
Чешуекрылые (Lepidoptera) Белоруссии: Кат.Мн., 1976 (разам з А.М.Літвінавай, Р.У.Малчанавай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕЛЬМІ́НТЫ [ад бія... + грэч. helmins (helminthos) чэрві],
група паразітычных чарвей, цыкл развіцця якіх праходзіць са зменай гаспадароў. Лічынка развіваецца ў арганізме прамежкавага гаспадара, а дарослая асобіна — у т.зв. дэфінітыўным (канчатковым) гаспадары. Прамежкавымі гаспадарамі бываюць беспазваночныя (малюскі, ракападобныя, рыбы і інш.) і пазваночныя жывёлы (млекакормячыя, земнаводныя, рыбы і інш.); колькасць іх ад 1 да 3. Да біягельмінтаў адносяцца ўсе смактуны (трэматоды), стужачныя чэрві (цэстоды), скрэбні (акантацэфалы), многія круглыя чэрві (нематоды). Узбуджальнікі гельмінтозаў чалавека і жывёл. Гл. таксама Геагельмінты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБРАНЕМО́ЗЫ (Habronemoses),
гельмінтозная хвароба непарнакапытных. Пашырана ўсюды, асабліва ў паўд. шыротах. На Беларусі адзначаецца ў коней. Узбуджальнікі — дробныя (даўж. 10—25 мм) нематоды Habronema muscae і Habronema microstoma, якія развіваюцца з удзелам прамежкавых гаспадароў (муха пакаёвая, жыгалка асенняя і інш.).
Дарослыя чэрві паразітуюць у страўніку, пашкоджваюць яго слізістую абалонку і залозы; лічынкі — у скуры і лёгкіх. Шлях заражэння — аліментарны. У страўніку інвазійныя лічынкі праз 44—46 сутак ператвараюцца ў палаваспелых паразітаў. Пры інтэнсіўнай інвазіі назіраецца хранічнае запаленне страўніка і тонкага кішэчніка, прагрэсіруючае схудненне, перыяд. прыступы колік. Габранемоз скуры суправаджаецца ўтварэннем язваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧКО́ЎСКАЯ (Ірына Уладзіміраўна) (н. 9.5.1938, Мінск),
бел. вучоны ў галіне гельмінталогіі і біяхім. фармакалогіі. Д-рбіял.н. (1986), праф. (1990). Скончыла БДУ (1960). З 1960 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па біяхім. фармакалогіі, гісталогіі і гістахіміі пры гельмінтозах птушак і млекакормячых, матэм. метадах у эксперым. гельмінталогіі.
Тв.:
Ответные реакции тканей.млекопитающих и птиц при воздействии некоторых антигельминтных соединений // Морфогенез органов и регулирующих систем в норме и эксперименте: Сб. науч. тр.Мн., 1985;
Нематоды и антигельминтные средства. М., 1994 (разам з Ю.К.Богаяўленскім, М.В.Чэбышавым).