Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКТА́Р (грэч. nektar),
у старажытнагрэчаскай міфалогіі напітак багоў-алімпійцаў, які разам з амброзіяй (ежай багоў) надае ім бессмяротнасць і вечную маладосць. У пераносным сэнсе Н. — напітак выдатнага смаку і водару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКТА́Р,
цукрыстая вадкасць, сакрэт нектарнікаў кветкавых раслін. Уяўляе сабою водны раствор цукроў (пераважна цукрозы, глюкозы і фруктозы) з невял. дамешкам азоцістых рэчываў, арган.к-т, дэкстрынаў, мінер. солей, спіртоў, ферментаў, фітагармонаў, эфірных алеяў і інш. Выдзяляецца пры цвіценні. Канцэнтрацыя Н. залежыць ад віду расліны (як і склад цукроў) і надвор’я (вільготнасці і інш.), колькасць — таксама ад узросту расліны, стадыі цвіцення, часу дня, глебавых і інш. умоў. Прываблівае да кветак жывёл-апыляльнікаў (пераважна насякомых), для якіх служыць кормам; уплывае на прарастанне пылку, апладненне, развіццё завязі і інш.; валодае бактэрыястатычным дзеяннем. Меданосныя пчолы ўздзеяннем ферментамі і выпарэннем ч. вады ператвараюць Н. у мёд. Н. некат. ядавітых раслін і мёд з яго атрутныя для чалавека, часам для пчол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКТА́РНІКІ,
разнастайныя трубчастыя ўтварэнні ў раслін, што выдзяляюць нектар. Размешчаны пераважна ў кветках — на чашалісціках, пялёстках, у сценках завязі, на кветаложы і інш. У некат. раслін утвараюцца на вегетатыўных органах (чаранках, прылістках, прыкветніках і інш.). Нектар звычайна выдзяляецца праз сценкі паверхневых клетак, у некат. — праз асобныя вусцейкі. Прывабліваюць да кветак жывёл-апыляльнікаў (насякомых, у тропіках таксама птушак, радзей кажаноў) і спрыяюць перакрыжаванаму апыленню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛІ́НАЯ СЯМ’Я́,
згуртаванне, калонія, якая складаецца з некалькіх тысяч рабочых пчол, маткі і трутняў (гл.Пчала меданосная). Вясною і ўвосень мае 15—20, летам 60—80 тыс. пчол. У прыродных умовах П.с. жывуць у дуплах дрэў, расколінах і інш., дзе будуюць васковыя соты. У ячэйках сотаў захоўваюцца мёд, пярга, вырошчваюцца лічынкі. Размнажаюцца П.с. раеннем. Зімой пчолы збіраюцца на сотах у шчыльны клубок. Вясною тыя, што зімавалі, гінуць, іх замяняе веснавое пакаленне.
Матка (даўж. да 25 мм) адкладвае яйцы (да 3 тыс. за суткі) 2—3 гады, не мае васковых залоз, не збірае нектар і пылок. Рабочыя пчолы (даўж. да 15 мм) — самкі з недаразвітымі палавымі органамі, не здольныя да спароўвання — выхоўваюць патомства, будуюць соты, збіраюць нектар і пылок, перапрацоўваюць нектар у мёд, пылок у пяргу, ахоўваюць гняздо і інш. Летам жывуць 35—40 дзён, увосень і зімою 6—8 месяцаў. Трутні (даўж. да 17 мм) маюць моцна развітую палавую сістэму, паяўляюцца ў П.с. ў пачатку лета, пасля шлюбнага палёту і апладнення маткі гінуць, астатніх рабочыя пчолы ўвосень выганяюць з гнязда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНО́ЧАКкветкі,
унутраная, звычайна ярка афарбаваная частка двайнога калякветніка кветкавых раслін. Складаецца з відазмененых лісцікаў (пялёсткаў). Адрозніваюць вяночак раздзельнапялёсткавы, у якім пялёсткі свабодныя (напр., у свірэпы, суніц, зоркаўкі), і зрослапялёсткавы (напр., у шчамяліцы, шалфею, тытуню). Афарбоўка вяночка звычайна залежыць ад асобных пігментаў (антацыянаў і флавонаў), раствораных у клетачным соку пялёсткаў. Вяночак — важная таксанамічная прыкмета, вяночак робіць кветку больш прыкметнай для насякомых і птушак, якія апыляюць расліны, ахоўвае тычынкі і слупкі ад пашкоджанняў, іншы раз выдзяляе нектар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЛЁ,
расшыраная частка стрававода ў беспазваночных (многія малюскі, чэрві, насякомыя) і птушак. Служыць для назапашвання, захоўвання, зрэдку папярэдняй біяхім. апрацоўкі корму. У пчол у валлі нектар перапрацоўваецца ў мёд. Валлё развіта ў драпежных і некаторых зерняедных птушак, знаходзіцца над ключыцай і звычайна мае залозы. Скарачэнні валля забяспечваюць паступленне корму ў страўнік, адрыгванне яго пры выкормліванні птушанят або выдаленне неператраўленых рэшткаў (драпежныя птушкі). У галубоў клеткі эпітэлію валля адрываюцца і змешваюцца з сакрэтам залоз, утвараючы белаватую вадкасць, т.зв. птушынае (валлёвае) малако, якім выкормліваюцца птушаняты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЛІНГТО́НІЯ (Darlingtonia californica),
кветкавая насякомаедная расліна сям. сарацэніевых. Пашырана ў Паўн. Амерыцы (ад паўн. Каліфорніі да паўд. Арэгона). Расце на балоцістых глебах.
Шматгадовая травяністая расліна з карэнішчам і разеткай своеасаблівых гарлачыкападобных лістоў-пастак даўж. да 1 м. Кветкі адзіночныя, пялёсткі жаўтаватыя з чырванаватымі жылкамі. Плод — каробачка. Па краі ліста — цёмна-чырв. раздвоены лістападобны прыдатак. На ўнутр. паверхні ліст мае залозкі, якія выдзяляюць нектар, што прываблівае насякомых. Сценкі лістоў-пастак укрыты валаскамі, якія дазваляюць насякомым рухацца толькі ўнутр ліста, дзе яны гінуць у вадкасці, што выдзяляе расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́РЫ (Loriinae),
шчоткаязычныя папугаі, падсямейства птушак атр. папугаепадобных. 14 родаў, 62 віды. Пашыраны ад Філіпінскіх а-воў да Паўд. Аўстраліі і Тасманіі, у Палінезіі. Жывуць у лясах. Найб. вядомыя лорыкет вастрахвосты (Trichoglossus haematodus), Л. стракаты (T. novaehollandiae), Л. чырвоны (Eos squamata).
Даўж. да 40 см. Апярэнне яркае, пераважна чырв. і зялёнае. Хвост доўгі. Дзюба доўгая, вузкая. На канцы мясістага языка шчотачка, утвораная тонкімі шчацінкамі, што дапамагае збіраць з кветак пылок і нектар. Кормяцца таксама ягадамі, пладамі, сокам дрэў, часам дробнымі насякомымі. Нясуць 2—4 яйцы.