ВЫ́ШУК ПАЛІТЫ́ЧНЫ,

1) устанаўленне назірання, законны і незаконны збор інфармацыі з дапамогай капіравання і крадзяжу дакументаў, выкарыстання разнастайных тэхн. сродкаў (падслухоўванне, перлюстрацыя карэспандэнцыі, тайны відэазапіс масавых мерапрыемстваў з наступнай ідэнтыфікацыяй удзельнікаў і інш.); кампраметацыя і шантаж паліт. дзеячаў і радавых удзельнікаў апазіц. рухаў, засылка правакатараў і вярбоўка агентаў у асяроддзі праўрадавых, лаяльных ураду, а таксама апазіц. плыней, затрыманне і арышт па паліт. (сапраўдных ці інспіраваных) матывах; выкарыстанне псіхіятрыі з мэтай паліт. рэпрэсій, пазбаўленне волі пад справакаванай або выдуманай маркай у форме ссылкі, турэмнага ці інш. зняволення (уключаючы дамашні арышт) і інш. метады праследавання сапраўднай, магчымай ці ўяўнай апазіцыі ва ўмовах таталітарнай дзяржавы, аўтарытарнага рэжыму (рэжыму асабістай улады), ваенна-паліт. дыктатуры і інш. формаў недэмакр. выкарыстання рэпрэсіўнага апарата дзяржавы.

2) Паліт. паліцыя.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮМА́ (Dumas) Аляксандр, Дзюма-сын (Dumas fils; 28.7.1824, Парыж — 27.11.1895), французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1874). Пазашлюбны сын А.Дзюма. Дэбютаваў зб. вершаў «Грахі юнацтва» (1847). Аўтар раманаў «Дама з камеліямі» (т. 1—2, 1848; прататыпам гал. гераіні паслужыла франц. актрыса Мары Дзюплесі), «Доктар Серван» (т. 1—2, 1849), «Тры моцныя мужчыны» (т. 1—4, 1850) і інш. Вядомасць прынесла драма «Дама з камеліямі» (паводле аднайм. рамана, паст. 1852; на яе сюжэт нап. опера Дж.​Вердзі «Травіята»). У інш. п’есах, што суправаджаў у друку вял. тэарэт. прадмовамі, сцвярджаў непахіснасць асноў сям’і і грамадства; быў прыхільнікам разводу, выступаў у абарону правоў пазашлюбных дзяцей, патрабаваў павагі да жанчыны ў сям’і (п’есы «Паўсвет», 1855, «Незаконны сын», 1858, «Жонка Клода», 1873, «Чужаземка», 1876, і інш).

Літ.:

Моруа А. Три Дюма: Пер. с фр. Мн., 1982.

І.​С.​Александровіч.

т. 6, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАГІЯ́Т (ад лац. plagio выкрадаю),

наўмыснае прысваенне аўтарства на чужы твор літаратуры, навукі, мастацтва, на вынаходства або рацыяналізатарскую прапанову. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь П. разглядаецца як істотнае парушэнне канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна і цягне адказнасць у крымінальным або цывільна-прававым парадку. П. прызнаецца выпуск у свет чужога твора без спасылкі на аўтара, апублікаванне створанага сумесна з сааўтарамі твора толькі пад сваім імем, а таксама незаконны перадрук ці распаўсюджванне чужога твора, прымус да сааўтарства або незаконнае выкарыстанне інш. аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў. Крымін. адказнасць за П. прадугледжана арт. 201 КК. Аўтар і яго правапераемнікі маюць права ў цывільна-прававым парадку патрабаваць унясення адпаведных паправак, публікацыі ў друку або інш. спосабам апавяшчэння пра дапушчаныя парушэнні, патрабаваць забароны выпуску твора ў свет ці спыніць яго распаўсюджванне і пакрыцця панесеных у выніку П. страт.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ АСО́БЫ,

у крымінальным праве злачынствы, якія пасягаюць на жыццё, здароўе, свабоду і годнасць асобы. Ахова асобы, яе правоў і інтарэсаў замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава абараняе чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с.а. адносяцца: розныя віды наўмыснага забойства, неасцярожнае забойства, давядзенне да самагубства, наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, неасцярожнае цяжкае або менш цяжкае цялеснае пашкоджанне; ухіленне ад лячэння венерычнай хваробы і заражэнне венерычнай хваробай, хваробай СНІД, незаконны аборт, згвалтаванне і інш. злачынствы ў палавой сферы; злоснае ўхіленне ад платы аліментаў на ўтрыманне дзяцей і ад аказання дапамогі бацькам, злоўжыванне апякунскімі абавязкамі, выкраданне або падмен дзіцяці; незаконнае пазбаўленне волі, захоп заложнікаў, пакіданне ў небяспецы, неаказанне дапамогі хвораму, паклёп, абраза і інш. Закон прадугледжвае розныя віды пакарання ў залежнасці ад ступені грамадскай небяспекі злачынства. За З.с.а., якія адносяцца да асабліва цяжкіх, можа быць назначана пакаранне ў выглядзе максімальнага тэрміну пазбаўлення волі, а ў выключных выпадках — пакаранне смерцю. Адказнасць за З.с.а. настае з 16-гадовага ўзросту, аднак за некаторыя з іх, як забойства, згвалтаванне і інш., — з 14 гадоў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 7, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ГРАМА́ДСКАЙ БЯСПЕ́КІ, ГРАМА́ДСКАГА ПАРА́ДКУ І ЗДАРО́ЎЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

злачынствы, які вынікаюць з парушэння ўстаноўленых законам і інш. нарматыўнымі актамі правіл паводзін, што забяспечваюць грамадскі спакой, бяспеку і здароўе асобы, захаванасць маёмасці ўсіх форм уласнасці, а таксама парушэнні нармальных умоў працы, быту і адпачынку грамадзян і дзейнасці дзярж. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арг-цый.

Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў адносяцца: хуліганства; пагроза забойствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці; набыццё ці збыт маёмасці, набытай злачынным шляхам; уцягненне няпоўнагадовых у злачынную дзейнасць і немедыцынскае выкарыстанне адурманьваючых сродкаў, спойванне іх; парушэнне правіл бяспекі руху і эксплуатацыі трансп. сродкаў; угон трансп. сродкаў, паветр. судна, парушэнні правіл бяспекі горных, буд. работ, правіл пажарнай бяспекі; незаконнае набыццё, захаванне і выкарыстанне радыяцыйных матэрыялаў; парушэнні правіл захавання і выкарыстання выбуховых рэчываў; незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё або выраб ці збыт зброі і выбуховых рэчываў; незаконны выраб ці збыт газавых пісталетаў і інш. прыстасаванняў для выкарыстання слёзатачывых і нервова-паралітычных газаў; неахайнае захоўванне агнястрэльнай зброі; незаконныя лячэнне, выраб, набыццё, збыт, захаванне моцных ядаў, наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў для ўжывання наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў і зводніцтва; выраб або збыт парнаграфічных прадметаў; выраб і распаўсюджанне твораў, якія прапагандуюць культ насілля і жорсткасці; здзек над магілай; знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культ. каштоўнасцей; жорсткае абыходжанне з жывёламі і інш.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 7, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)