Неа... 7/464

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НЕА... (ад. грэч. neos новы), першая частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «новы», напр., неакласіцызм, неалагізм.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАГО́ТЫКА (ад неа... + готыка),

умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., які пераасэнсоўваў гіст. формы стылю готыкі ў рэчышчы стылю мадэрн.

В.​М.​Чарнатаў.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБІЁНТЫ (ад неа... + біёнт),

заносныя віды раслін (адвентыўныя расліны, неафіты) і жывёл (неафілы). Адрозніваюць Н., занесеныя чалавекам (антрапабіёнты, напр., каларадскі жук, пацукі і інш.) і прыродным шляхам (прыродная інвазія): воднымі патокамі і цячэннямі, ветрам і інш. (напр., насенне раслін, плады і інш.).

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАНТАЛО́ГІЯ [ад неа... + грэч. on (ontos) існае, істота + ...логія],

комплекс біялагічных навук пра сучасны арган. свет. Вывучае будову і функцыян. асаблівасці жывых арганізмаў, іх індывід. развіццё, роднасныя сувязі, пашырэнне, узаемаадносіны з навакольным асяроддзем і паміж сабой. Пры вывучэнні слаба змененых рэшткаў арганізмаў з антрапагенавых адкладаў (напр., трупаў мамантаў) мяжуе з палеанталогіяй.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАГЕ́Я (ад неа... + грэч. gē зямля),

біягеаграфічнае царства сушы, што займае Цэнтр. і Паўд. Амерыку і прылеглыя астравы. У Н. вылучаюць Карыбскую біягеаграфічную вобласць і Неатрапічную біягеаграфічную вобласць. Расліннасць разнастайная, ад вільготных трапічных лясоў (гілеі) да ксерафітаў у пустынях. Для фауны характэрна малая колькасць сумчатых і парнакапытных, вял. разнастайнасць птушак і плацэнтарных млекакормячых. Шмат эндэмічных сям. і родаў.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАА́НТРАПЫ (ад неа... + грэч. anthrōpos чалавек),

абагульненая назва людзей сучаснага віду (Homo sapiens). Асн. антрапал. асаблівасці Н., якія адрозніваюць іх ад палеаантрапаў і архантрапаў — аб’ёмісты мазгавы чэрап з высокім скляпеннем, лоб, які вертыкальна падымаецца, адсутнасць надвочнага валіка, добра развіты падбародачны выступ. Выкапнёвыя Н. мелі больш масіўны шкілет, чым сучасныя людзі. Самыя стараж. з вядомых касцявых рэшткаў Н. (на в-ве Каліманган) датуюцца радыевугляродным метадам у 39 тыс. г., але больш верагодна, што Н. ўзніклі 70—60 тыс. г. назад.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАЛІ́Т (ад неа... + грэч. lithos камень),

новы каменны век, апошні перыяд каменнага веку. Пачаўся ў 8-м тыс. да н.э. на Б.​Усходзе, потым у Індакітаі як эпоха пераходу да вытвараючай гаспадаркі. У Еўропе працягваўся з 6-га да канца 3-га тыс. да н.э. У эпоху Н. пашырыліся шліхтаваныя каменныя прылады працы, вынайдзены керамічны посуд, зарадзілася земляробства і жывёлагадоўля, дасягнуў росквіту мацярынска-родавы лад. На Беларусі Н. настаў у канцы 5-га тыс. да н.э., скончыўся ў 2000—1800-я г. да н.э. У гэты час тут пражывалі плямёны днепра-данецкай культуры, верхнедняпроўскай культуры, нёманскай культуры, нарвенскай культуры, культур тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, лейкападобных кубкаў, шарападобных амфар і інш.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБАРО́КА (ад неа... + барока),

умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., які пераймаў формы, элементы кампазіцыі будынкаў стылю барока. Паяўленне Н. як праграмнага звароту да мастацтва мінулага звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. У імкненні да адраджэння пластычнасці ў архітэктуры дойліды актыўна займаліся стылізацыяй гіст. форм, надаючы ім новае сучаснае гучанне. На Беларусі Н. не мела значнага пашырэння. У кампазіцыі жылых і грамадскіх будынкаў выкарыстоўваліся пластычныя мансардавыя дахі, франтоны складанага абрысу, вежачкі з фігурнымі завяршэннямі, багатая арнаментыка і ляпны дэкор. Барочным дэкорам вылучаліся інтэр’еры шматлікіх жылых і сядзібных дамоў. Адраджэнне традыцый барока выявілася і ў культавай архітэктуры (касцёл Маці Божай у в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.).

А.​М.​Кулагін, В.​М.​Чарнатаў.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАТЭНІ́Я (ад неа... + грэч. teinō расцягваю, падаўжаю),

здольнасць арганізмаў дасягаць палавой спеласці і размнажацца на ранняй стадыі развіцця. У раслін Н. трапляецца ў некат. моха-, дзераза- і папарацепадобных, у гола- і пакрытанасенных (напр., у крапівы на стадыі праростка). Н. тлумачаць паходжанне жаночага гаметафіта. У жывёл Н. вядома ў некат. земнаводных, ракападобных, насякомых, чарвей на лічынкавай стадыі (напр., лічынка амбістомы—аксалотль, пячорны пратэй, сляпы трытон, сірэна і інш.). Затрымка метамарфозаў у земнаводных звязана з паніжанай функцыяй шчытападобнай залозы.

Здольнасць да Н. мае прыстасавальнае значэнне для тых відаў арганізмаў, у антагенезе якіх адбываецца змена асяроддзя пражывання, асабліва калі ва ўмовах існавання дарослай стадыі адбываюцца значныя змены, часам вельмі неспрыяльныя. У такіх выпадках Н. павялічвае шанцы віду на выжыванне. Н. адрозніваецца ад педагенезу.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)