АЛЬГЕ́РДАВІЧЫ,
галіна велікакняжацкай дынастыі ў ВКЛ у 14—16 ст.; нашчадкі вял. князя Альгерда. Мелі ўдзелы на Беларусі, Украіне і ў велікарус. землях. Ад 2 жонак (князёўнаў Марыі Віцебскай і Ульяны Цвярской) Альгерд меў 12 сыноў і 9 дачок. Усе сыны праваслаўныя, некаторыя з 1386 католікі. Вял. князямі ВКЛ з роду Альгердавічаў былі сыны Альгерда Ягайла і Свідрыгайла. Нашчадкі Альгерда сыны Ягайлы наз. Ягелонамі. Нашчадкі Дзмітрыя Альгердавіча наз. князямі Трубяцкімі, нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча і яго сына Алелькі (Аляксандра) — князямі Алелькавічамі (Слуцкімі), нашчадкі Івана Уладзіміравіча — князямі Бельскімі; нашчадкі Фёдара Альгердавіча — князямі Кобрынскімі, іх сваякі — князямі Сангушкамі; нашчадкі Лугвена (Лінгвена) Сямёна Альгердавіча — князямі Мсціслаўскімі. Часам Альгердавічы намагаліся заняць велікакняжацкі пасад, карысталіся пэўнымі прывілеямі як найбліжэйшыя сваякі дынастыі Ягелонаў, засядалі ў радзе ВКЛ на спадчыннай аснове, карысталіся гербам «Пагоня».
А.П.Грыцкевіч.
т. 1, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛА́ТЫ,
нашчадкі ад шлюбу паміж прадстаўнікамі еўрапеоіднай расы і неграмі. Прамежкавы антрапалагічны тып са смуглым адценнем скуры. Жывуць пераважна ў Паўд. і Цэнтральнай Амерыцы.
т. 11, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГЕНЦІ́НЦЫ,
нацыя, асн. насельніцтва Аргенціны (26,64 млн. чал.). Нашчадкі іспанцаў і перасяленцаў з інш. краін Еўропы. Агульная колькасць 26,91 млн. чал. (1987). Гавораць на аргенцінскім дыялекце іспанскай мовы. Вернікі пераважна католікі.
т. 1, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫНГІСІ́ДЫ,
нашчадкі Чынгісхана, прадстаўнікі кіруючых дынастый у шэрагу краін Азіі і Усх. Еўропы, засн. яго сынамі: Джучы, Джагатаем, Угедэем, Талуем; унукамі, у т. л. Батыем (сынам Джучы). Гл. таксама Мангольскія заваяванні.
т. 17, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЫ́СЫ (франц. métis ад позналац. misticius змяшаны ад лац. misceo змешваю),
нашчадкі міжрасавых шлюбаў. У антрапалагічных адносінах займаюць прамежкавае становішча паміж расамі, якія змешваюцца (напр., у Амерыцы М. наз. нашчадкаў ад шлюбу белых і індзейцаў). Інтэнсіўнасць працэсу метысацыі ўвесь час павялічваецца. М. — большасць насельніцтва Лац. Амерыкі, Новай Зеландыі, а-воў Акіяніі.
т. 10, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́ДАВІЧЫ,
княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 10—13 ст. валодалі Полацкаю зямлёю. Паходзяць ад полацкага князя Рагвалода, які загінуў разам з сынамі пры захопе Полацка Уладзімірам Святаславічам. Нашчадкі Рагвалода ад яго дачкі Рагнеды Рагвалодаўны ў летапісах названы «Рагваложымі ўнукамі», у навук. л-ры ад імя сына Рагнеды Ізяслава іх называюць Ізяславічамі.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯФЕ́Т, Іафет,
у Старым запавеце Бібліі адзін з трох сыноў (Сім, Хам, Я.) Ноя — адзінага з людзей, каму Бог даў магчымасць выратавацца з сям’ёй у час сусв. патопу. Лічыцца, што ад Я. і яго братоў паходзіць усё сучаснае чалавецтва. Паводле хрысц. падання, нашчадкі Я. насялялі Еўропу і ч. Азіі, утварыўшы т.зв. «яфетаву» (еўрапеоідную) расу.
т. 18, кн. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭХ,
у рэлігійнай этыцы маральнае зло, якое заключаецца ў парушэнні дзеяннем, словам ці думкай волі Бога. Да граху адносяць невыкананне пэўных рэліг.-царк. нормаў, устаноўленых асобна кожнай канфесіяй. Тэалогія вылучае першародны грэх першых людзей, вынікі якога наследуюць нашчадкі. Сутнасцю праваслаўнага вучэння пра грэх з’яўляецца збавенне, якое магчыма толькі верай і справамі. Лічыцца, што без веры ў Бога, без хрысц. зносін, без хрышчэння нельга заслужыць даравання.
т. 5, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НЕРЫ, буры,
народнасць у Паўд. Афрыцы, пераважна нашчадкі галанд. перасяленцаў (17 ст.), а пазней франц. і ням. каланістаў, змешаныя з афр. насельніцтвам. Тэрмін «афрыканеры» ўсталяваўся на пач. 18 ст. Афрыканеры жывуць у правінцыях Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (Трансвааль, Капская і Аранжавая), у Намібіі і Зімбабве. Агульная колькасць больш за 3 млн. чал. (1987). Мова — афрыкаанс. Пераважаюць прыхільнікі галанд. рэфарматарскай царквы. Селяцца асобнымі хутарамі, займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй.
т. 2, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРАСЛА́ВІЧЫ,
княжацкі род у ВКЛ. Паходзілі ад бораўскага кн. Андрэя Іванавіча, сына вял. князя маскоўскага Івана Каліты. Яго нашчадкі валодалі Бораўскам і Серпухавам. Ад імя Яраслава Уладзіміравіча (?—1426), унука Андрэя Іванавіча, яго нашчадкі ў ВКЛ Іван і Фёдар утварылі прозвішча Я. Прадстаўнікі роду:
Васіль Яраславіч (?—1483), сын Яраслава Уладзіміравіча. Удзельны князь бораўскі. У час феад. вайны 1425—53 у 1446 выгнаны вял. князем маскоўскім Дзмітрыем Шамякам. Ад’ехаў у ВКЛ, дзе атрымаў ад вял. князя ВКЛ Казіміра Бранск, Гомель, Старадуб, Мсціслаў. Пасля вярнуўся, дапамог Васілю II вярнуць маскоўскі трон. У 1456 сасланы Васілём II у Угліч. Яго жонка з пасынкам Іванам уцякла ў ВКЛ. Іван Васілевіч (?—1507), сын Васіля Яраславіча. Атрымаў ад вял. князя ВКЛ Казіміра Клецкае і Давыд-Гарадоцкае княствы (1492?), Рагачоўскую вол. Фёдар Іванавіч (? — паміж жн. 1520 і лют. 1522), сын Івана Васілевіча. У 1498 ажаніўся з Аляксандрай (Аленай), дачкой кн. С.Алелькавіча; пасля смерці ў 1501 цешчы атрымаў у спадчыну Пінскае княства. Пасля смерці бацькі атрымаў Клецк, Давыд-Гарадок, Рагачоў, у 1508 — пацвярджэнне на воласць Вяда ў Новагародскім пав. На ім род Я. згас.
В.С.Пазднякоў.
т. 18, кн. 1, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)