Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІНАВО́ЧКІ, вочніцы,
сатурніды (Attacidae, або Saturniidae),
сямейства начных матылёў. Больш за 1200 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Усх. паўшар’я. Жывуць на раслінах. На Беларусі 2 віды: паўлінава вока малое начное (Eudia pavonia, або Saturnia carpyni, — занесена ў Чырв. кнігу) і паўлінава вока рыжае начное (Aglia tau).
Размах крылаў да 25 см. Тулава тоўстае, укрытае пушыстымі валаскамі. На кожным крыле пасярэдзіне па адной яркай вочкавай пляме — т.зв. «паўлінавыя вочкі» (адсюль назва). Вусікі ў самцоў грабеньчатыя (звязана з моцным развіццём нюху — выяўляюць знаходжанне самак за некалькі кіламетраў), у самак кароткапілаватыя. Хабаток недаразвіты (матылі не кормяцца, жывуць да 2 тыдняў). Вусені масіўныя, пераважна зялёныя, са шматлікімі вырастамі і бародаўкамі, акукліваюцца ў шаўкавістых коканах Некат. П. разводзяць для атрымання шаўкавіны (айлантавы і дубовы шаўкапрады і інш.).
С.Л.Максімава.
Да арт.Паўлінавочкі: 1 — паўлінава вока рыжае начное; 2 — паўлінава вока малое начное (а — самец; б — самка; в — вусень; г — кукалка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБА (правансальскае alba літар. світанне),
жанр сярэдневяковай куртуазнай лірыкі; ранішняя песня пра тайнае начное любоўнае спатканне. Склалася ў трубадураў. Формаю пераважна страфічна аформлены дыялог. Параўн. «серэна» — «вячэрняя песня» — запрашэнне на спатканне (гл.Серэнада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МАРАЗКІ,
часовае паніжэнне т-ры паветра ніжэй за 0 °C у начны час, калі сярэднясутачная т-ра вышэй за 0 °C. Адрозніваюць З. адвектыўныя (пры ўварванні халоднага арктычнага паветра), радыяцыйныя (начное ахаладжэнне глебы і расліннага покрыва) і мяшаныя (адвектыўна-радыяцыйныя). На тэр. Беларусі познія З. магчымы ў канцы мая — 1-й пал. чэрвеня, а раннія ў канцы жн. — пач. верасня. З., асабліва позняй вясной, прычыняюць вял. шкоду сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎРО́ЗЫ [ад неўра... +...оз(ы)],
група пераважна абарачальных нервова-псіхічных расстройстваў, якія ўсведамляюцца хворым і абумоўлены ўздзеяннем псіхатраўміруючых фактараў (канфлікты паміж людзьмі ці ўнутрыасобасныя душэўныя). Да агульных (т.зв. «вялікіх») Н. адносяць істэрыю, неўрастэнію, неўроз неадчэпнага стану; вылучаюць таксама Н. страху, іпахандрычны і дэпрэсіўны. У дзіцячым узросце адрозніваюць сістэмныя Н. — псіхагенна абумоўленыя цікі, заіканне, начное нетрыманне мачы і інш. Праявы Н.: эмацыянальна-паводзінныя парушэнні, павышаная стамляльнасць, парушэнні сну; бываюць паралічы, слепата, глухата і інш. Лячэнне: псіхатэрапія ў спалучэнні з тэрапіяй, фізіятэрапіяй. Гл. таксама Нервовыя хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРТА́НІЧ (Вольга) (сапр.Мешчаракова Вольга Іванаўна; н. 6.3.1963, г. Качканар Свярдлоўскай вобл., Расія),
бел. пісьменніца. Скончыла Гомельскі ун-т (1987). Працавала ў выд-ве «Мастацкая літаратура», на Бел. радыё, з 1998 у штотыднёвіку «7 дней». Друкуецца з 1984. Піша на бел. і рус. мовах. У цэнтры твораў вобраз жанчыны-сучасніцы з яе рамантызмам, самаахвярнасцю, філас. асэнсаваннем рэчаіснасці: паэт.зб-кі «Птушыным шляхам» (1990), «Начное сонца» (1994), аповесці «Эдэм пачынаецца летам» (1995), «Па вузкай дарозе ў цесную браму» (1997), апавяданні «Казка пра сяржанта Міхасёва», «Пакіньце яго плакаць», «У прымрак самоты, у звабны адчай...». Аўтар п’есы «Ружы для чужога кахання» (1995), публіцыст. артыкулаў, эсэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Анатоль Васілевіч) (н. 29.4.1947, г.п. Усць-Камчацк Камчацкай вобл., Расія),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). У 1976—81 выкладаў у БПІ. Працуе Ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. У творчасці імкнецца да перадачы ўнутр. свету чалавека і адлюстравання рэчаіснасці праз фармальна-каларыстычныя пошукі. Сярод твораў: карціны «Памяці А.Такарэўскага» (1984), «На Купалле» (1985), «Сляпы дождж», «Белы вальс», «Прысвячэнне мастаку А.Малішэўскаму» (усе 1986), «Чорнае Вурада» (1988), «Памяці душы» (1989), цыкл «Язычніцкія дывертысменты» (1995), цыкл нацюрмортаў «Белая сюіта» (1984), «Нацюрморт з чашамі» (1985), «Святочны нацюрморт» (1987), пейзажы «Стары горад» (1983), «Старая лазня» (1986), «Бабіна лета» (1987), «Начное возера» (1988), партрэты «Alter Ego» (1979), аўтапартрэт (1986) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎ (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; н. 3.6.1936, в. Туркі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у друку, на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1980 у час. «Родная прырода». Друкуецца з 1956. Першая кн. апавяданняў «Росы на паплаве» (1974). У аповесцях «Белы месяц сакавік» (1977), «Сляды», «Начное неба ў ліпені» (абедзве 1981), «У вераснёвы вечар» (1987) даследуе духоўны свет чалавека, пытанні маралі і этыкі, праблемы адказнасці асобы перад сабой і грамадствам. Пра вясковых настаўнікаў аповесць «Брод» (1981), апавяданні «Поезд ішоў праз ноч», «Юрачка». Тэму пераемнасці пакаленняў, трагедыю Айч. вайны асэнсоўвае ў аповесці «Час даспелага жыта» (1981), апавяданнях «Вяртанне», «Жоўтае лісце», «Дана» і інш. Сутнасць змен у жыцці, горкія ўрокі мінулага спрабуе спасцігнуць у рамане «Парог» (1993), апавяданнях «Трое на прахадной», «Белыя людзі» і інш. Аўтар нарысаў, фельетонаў, твораў для дзяцей («Стрэл на белым лузе», 1985). Уздымае экалагічныя праблемы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭВЕ́Р (Prévert) Жак
(4.2.1900, г. Нёісюр-Сен, Францыя — 11.4.1977),
французскі паэт, сцэнарыст. Як паэт дэбютаваў у пач. 1930-х г. У ранняй лірыцы адчувальны ўплыў сюррэалізму. Аўтар зб-каў «Словы» (1946), «Казкі» (1947), «Відовішча», «Вялікі вясновы баль» (абодва 1951), «Дождж і пагода» (1955), «Усякая ўсячына» (1966), «Рэчы ды іншае...» (1972), «Начное сонца» (выд. 1980) і інш. Працаваў як кінадраматург. Лепшыя сцэнарыі стварыў для рэж. М.Карнэ, у т. л. «Набярэжная туманаў» (1938), «Дзеці райка» (1943) і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку. Творчасці ўласцівы дэмакратызм. песенны лаканізм, сюжэтнасць, кампазіцыйная завершанасць і дынамічнасць. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Э.Агняцвет, С.Ліхадзіеўскі, М.Танк.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Дзень паэзіі, 1966. Мн., 1966;
У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;
У кн.: 3 французскай і бельгійскай паэзіі. Мн. 1993;