НАХІ́Л РАКІ́,

адносіны падзення ракі на якім-н. яе ўчастку да яго даўжыні. Выражаецца ў праміле, радзей у працэнтах. Звычайна Н.р. памяншаецца ад вытоку да вусця; гэта заканамернасць парушаецца пад уплывам рэльефу, характару горных парод і грунтоў, у якіх праходзіць рэчышча. Ад Н.р. залежыць скорасць цячэння ракі. Вызначэнне нахілаў праводзяць на характэрных участках па ўзроўнях вады ў перыяд устойлівай межані. Для ўсёй ракі агульны нахіл знаходзяць шляхам усярэднення нахілаў асобных яе ўчасткаў. У горных рэках ён перавышае 10—20‰, у раўнінных каля 1—2‰; на Беларусі ад 3‰ у асобных малых рэчках на Пн да 0,1‰ У р. Прыпяць.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ВАДЗЬ,

невялікі заліў ракі з павольным, часта зваротным цячэннем. Утвараюцца на рэках, якія маюць малы нахіл, моцна меандруюць.

т. 6, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКА САРТАВА́ЛЬНАЯ,

збудаванне на чыгуначных станцыях для сартавання вагонаў пры фарміраванні і расфарміраванні саставаў цягнікоў. Гэта земляны пакаты насып (найб. вышыня звычайна 3,5—4, 5 м) з сістэмай чыг. пуцей і комплексам прыстасаванняў і прылад для аўтам. пераключэння стрэлак, запавольвання руху вагонаў, сувязі, блакіроўкі, сігналізацыі.

Прадукцыйнасць механізаваных горак сартавальных да 5 тыс. вагонаў у суткі, вял. аўтаматызаваных — да 10 тыс. і болей. Чыг. састаў, які трэба расфарміраваць, падаюць лакаматывам на верхнюю ч. горкі і расчапляюць на асобныя вагоны або групы. Ад уласнай сілы цяжару яны скочваюцца ўніз на патрэбную каляю. Працэсам кіруе аператар з дапамогай сістэмы горачнай аўтам. цэнтралізацыі. Для запавольвання руху вагонаў выкарыстоўваюць тармазныя пазіцыі.

На Беларускай чыгунцы горкі сартавальныя пабудаваны на станцыях у Мінску, Брэсце, Гомелі, Баранавічах, Жлобіне, Оршы і інш.

Схема горкі сартавальнай: а — план, б — разрэз; 1 — парк прыбыцця; 2 — падымальная частка горкі; 3 — скорасны нахіл; 4 — тармазны нахіл; 5 — нахіл стрэлачнай зоны; 6 — падгорачны парк.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОЛ,

1) даліна вял. памераў, звычайна тэктанічнага паходжання (напр., Тым-Паранайскі Д. на Сахаліне, Кучана-Мешхедскі Д. у Іране).

2) Доўгая лагчына (даліна, яр), якая мае невял. нахіл, спадзістыя схілы, шырокае днішча.

т. 6, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДА́ЛЬГА, малая планета № 944. Дыяметр 43 км. Адлегласць ад Сонца 1,9—9,7 а.а. Мае самую вял. паўвось арбіты сярод вядомых малых планет; нахіл і эксцэнтрысітэт арбіты 42,5° і 0,66 адпаведна. Перыяд абарачэння вакол Сонца 13,7 года. Адкрыта В.​Баадэ (Германія, 1920).

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭН (ад галанд. krengen класці судна на бок),

нахіл набок судна або лятальнага апарата. У судна К. узнікае пры несіметрычнай загрузцы і ўздзеянні хваль у час бартавой качкі, вымяраецца крэнометрам; у лятальнага апарата К. узнікае пры разваротах і інш. манеўрах, вымяраецца авіягарызонтам.

т. 8, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛАВЫ́ КАЭФІЦЫЕ́НТ (матэм.), лік k ва ўраўненні прамой лініі на плоскасці y=kx+b, што характарызуе нахіл прамой да восі абсцыс. У прамавугольнай сістэме каардынат k = tgφ , дзе φ — вугал паміж дадатным напрамкам восі абсцыс і разгляданай прамой лініяй, які адлічваецца ў дадатным напрамку (ад восі Ox да восі Oy).

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКА́Р,

малая планета № 1566. Дыяметр каля 1 км. Адлегласць ад Сонца 0,185—1,985 а.а. (у афеліі І. адходзіць ад Сонца далёка за арбіту Зямлі, а ў перыгеліі падходзіць да Сонца ў 2 разы бліжэй Меркурыя). Нахіл і эксцэнтрысітэт арбіты 23° і 0,83 адпаведна. Перыяд абарачэння вакол Сонца 409 сут. Набліжаецца да Зямлі на адлегласць 7 млн. км. Адкрыты В.​Баадэ (ЗША, 1949).

т. 7, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ДА,

адна з найбуйнейшых малых планет (другая пасля Цэрэры). Дыяметр 538 км. Маса 2,5∙10​20 кг, перыяд абарачэння вакол Сонца 4,61 г., вакол восі 7,811 гадз. Вял. паўвось арбіты 2,771 а.а., эксцэнтрысітэт 0,235, нахіл арбіты 34,8°. Бляск у процістаянні 8,0 візуальнай зорнай велічыні. Другая па часе адкрыцця — малая планета № 2 (Г.В Ольберс, 1802). Названа імем стараж.-грэч. багіні Афіны Палады.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАКЛІНА́ЛЬ (ад мона... + грэч. klinō нахіляюся),

форма залягання слаёў горных парод, якая характарызуецца іх пакатым нахілам у адзін бок. Часта гэта крыло якога-н. шырокага і пакатага падняцця або прагіну слаёў. М. асабліва характэрна для платформ, дзе яны прымеркаваны да крылаў шчытоў, антэкліз і сінекліз. Прыкладам М. з’яўляецца структура, якая ўтворана палеазойскімі тоўшчамі паўд. схілу Балтыйскага шчыта; нахіл слаёў вызначаецца ў 2—2,5 м на 1 км даўжыні.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)