НАТХНЕ́ННЕ,

стан своеасаблівага напружання і ўздыму духоўных сіл, творчага хвалявання чалавека, які вядзе да ўзнікнення ідэі або рэалізацыі задумы ў мастацтве, навуцы, тэхніцы. Характарызуецца павышанай агульнай актыўнасцю чалавека, незвычайнай прадукцыйнасцю яго дзейнасці, усведамленнем лёгкасці, перажываннем «апантанасці» і эмацыянальнага паглыблення ў творчасць. Існуюць розныя погляды на прычыны ўзнікнення Н. Ідэаліст. дагматыка разглядае яго як «боскую апантанасць», містычнае азарэнне (Платон, Ф.​Шэлінг, Э.​Гартман, З.​Фрэйд, Г.​Рыд); матэрыялісты адмаўляюць яго звышнатуральны характар і разглядаюць як псіхічную з’яву, абумоўленую грамадскімі і індывід. стымуламі, а таксама працэсам працы.

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСПІРА́ЦЫЯ (ад лац. inspiratio натхненне, навяванне),

1) намова, падбухторванне. Інспіраваны — выкліканы чыім-н. падбухторваннем.

2) І. ў фізіялогіі — удых, удыханне.

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ДЗІНА (Вольга Уладзіміраўна) (н. 20.6.1945, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). З 1997 працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Сярод твораў: габелены «Нацюрморт з пэндзлямі» (1976), «Беларуская песня» (1977), «Натхненне» (1980), «Мінск» (1983), «Інтэр’ер» (1988), «Зёлкі» (1994), «Пакаянне» (1996); жакардавая тканіна «Стары і новы Мінск» для рэстарана «Мінск» у Патсдаме (Германія, 1977) і інш. Выканала габелены-заслоны для Палаца культуры ў г. Бярдзічаў, (Украіна, 1985, з В.​Крываблоцкай) і Палаца рэспублікі ў Мінску (1997, з В.​Крывашэевай). У работах гармонія ліній, рытмаў і колераў спалучаецца з лірызмам, багатай вобразнасцю.

В.Грыдзіна. «Натхненне». 1980.

т. 5, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТА́ САЛІ́Х (1.6.1908, с. Шардэн, каля г. Мары, Туркменістан — 26.12.1964),

туркменскі паэт. Народны паэт Туркменістана (1939). Заснавальнік жанру байкі ў туркм. л-ры («Леў і лісіца», 1945; «Смех гарбуза», «Шакал і певень», абедзве 1955). Аўтар зб-каў вершаў «Натхненне» (1947), «Лірыка і сатыра» (1957). Асн. тэмы творчасці — калгаснае будаўніцтва, абарона краіны, дружба народаў і інш.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЗЫ (ад грэч. musai),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дочкі Зеўса і Мнемасіны; спачатку багіні спеваў, пазней паэзіі, мастацтваў, навук. М. было 9: Кліо — апякунка гісторыі, Талія — камедыі, Мельпамена — трагедыі, Еўтэрпа — лірычнай паэзіі, Эрато — любоўнай эратычнай паэзіі, Тэрпсіхора — танцаў, Палігімнія — гімнаў, Каліопа — эпічнай паэзіі і навукі, Уранія — астраноміі. У пераносным сэнсе М. (муза) — творчае натхненне.

т. 11, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХІ́М-ЗАДЭ́ (Бакі) (15.5.1910, Сарбог, Таджыкістан — 1980),

таджыкскі пісьменнік. Нар. паэт Таджыкістана (1974). Скончыў Душанбінскі пед. ін-т (1941). Друкаваўся з 1936. Аўтар паэт. зб-каў «Фронту» (1945), «Свята Перамогі» (1946), «Жыццё і слова» (1955), «Пройдзены шлях» (1966), «Горная легенда» (1970), «Натхненне» (1973), п’ес, апавяданняў (зб. «Прыгоды Сакі», 1973) і інш. Пісаў для дзяцей, перакладаў творы рус. і замежных паэтаў. На бел. мову яго асобныя вершы пераклаў С.​Гаўрусёў.

Тв.:

Рус. пер. — С крыши мира.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕГА́С,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі чароўны (часта крылаты) конь, які нарадзіўся з крыві або з тулава забітай Персеем гаргоны Медузы як плод яе сувязі з Пасейдонам. П. узнёсся на Алімп, дзе прыносіў Зеўсу грамы і маланкі. Паводле другога міфа, багі падаравалі П. герою Белерафонту, а той узляцеў на ім і забіў крылатую пачвару Хімеру, якая спусташала краіну. Ударам капыта П. выбіў на гары Гелікон крыніцу Гіпакрэну (грэч. «конская крыніца»), вада якой надае натхненне паэтам. Адсюль выраз «асядлаць П.» — стаць паэтам.

т. 12, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́САВА-ПЯТРО́ЎСКАЯ (Таццяна Паўлаўна) (н. 29.9.1950, Мінск),

бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-мастацкі ін-т (1972). Працуе пераважна ў галіне маст. ткацтва. Творчасць характарызуецца пошукамі выяўленчых магчымасцяў тэкстылю. Асн. работы: дэкар. тканіны «Святочная» (1972), «Натхненне» (1983), габелен-заслона «Нараджэнне планеты кветак» (1978), трыптыхі «Вясна» (1984), «Азёрны» (1986), дыптых «Каляровае паветра» (1988), габелен-скульптура «Лялька» (1989), габелены «А калі б магла» (1990), «Рэльефная кампазіцыя» (1991), «Кантрасты» (1995). Стварае ўзоры вырабаў для маст. прам-сці (абрусы, дарожкі, сурвэткі). Працуе таксама ў галіне пастэлі і малюнка.

Т.Белавусава-Пятроўская. Габелен «Кантрасты». 1995.

т. 2, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВА́РДЗІ, Гуардзі (Guardi) Франчэска (хрышчаны 5.10.1712, г. Венецыя, Італія — 1.1.1793), італьянскі жывапісец, пейзажыст. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Знаходзячы натхненне ў простых матывах паўсядзённага жыцця горада, яго залітых сонейкам дворыках, каналах, шматлюдных набярэжных, Гвардзі стварыў новы тып пейзажу, адзначанага паэтычнасцю зрокавых уражанняў («Венецыянскі дворык», «Рыо дэі Мендыканці. Венецыя», «Архітэктурная фантазія» і інш.). Яго жывапісная манера вызначаецца віртуознасцю, мігатлівасцю колеравых плям, якія тонка імітуюць рух паветра і святла.

Літ.:

Никитюк О. Франческо Гварди. М., 1968;

Binion A.A. and F. Guardi... New York, 1976.

Ф.Гвардзі. Архітэктурная фантазія. Каля 1770—80.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГУНО́ВІЧ-ЧАРЭ́ПКА (Сяргей Аляксандравіч) (н. 27.12.1952, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). З 1979 выкладае ў Бел. АМ. Творам характэрны выразная кампазіцыйная пабудова твора, дакладны малюнак, тонкі каларыт і рэалістычная форма выяўлення: трыпціхі «Батлейка» (1971) і «Мядзведжая забава» (1977), карціна «Натхненне. Прысвячэнне Ефрасінні Полацкай» (1993), партрэты фізіка-тэарэтыка А.​Вялічкі (1979), рэстаўратара А.​Ліпскага (1983), сына Піліпа (1994). Аўтар нацюрмортаў «Нацюрморт з ружовым гарбузом» (1981), «Начная госця» (1987), «Касачы» (1990), «Нацюрморт з вазай-гідрыяй» (1992), «Лілеі» (1997) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)