Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні, у малекулах якіх атамы вугляроду злучаны толькі простымі (ардынарнымі) сувязямі. Да Н.з. адносяцца насычаныя вуглевадароды ацыклічныя (гл.Ацыклічныя злучэнні) і цыклічныя (гл.Аліцыклічныя злучэнні), а таксама іх вытворныя: спірты, альдэгіды, к-ты, аміны і інш.
Алканы — ацыклічныя (аліфатычныя) насычаныя вуглевадароды ўтвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n+2, які складаецца з вуглевадародаў неразгалінаванай (нармальнай) будовы і іх ізамераў. Ніжэйшыя члены рада з 1—4 атамамі вугляроду ў малекуле: метан, этан, прапан, бутаны — газы без колеру і паху, з 5—17 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках.
З’яўляюцца найменш рэакцыйназдольнымі арган. злучэннямі, чым абумоўлена інш. назва алканаў — парафіны (ад лац. parum — мала і affinis — роднасць). Узаемадзейнічаюць з фторам, хлорам, бромам, пры награванні — з дымнай сернай і азотнай к-тамі. Пры т-ры вышэй за 400 °C адбываецца крэкінг алканаў. У прам-сці атрымліваюць пры перапрацоўцы нафты і прыроднага газу, а таксама вугалю і гаручых сланцаў. Выкарыстоўваюць пераважна ў саставе маторнага і рэактыўнага паліва, як сыравіну для хім. і нафтахім. прам-сці, растваральнікі, цвёрдыя (парафін, цэрэзін) — у вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, сінт валокнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТЭ́НЫ,
насычаныя аліцыклічныя вуглевадароды, што змяшчаюцца ў нафце. Найважнейшыя — цыклагексан, метылцыклагексан і метылцыклапентан. У нафце ёсць таксама і больш складаныя вуглевадароды, што маюць ад 2 да 5 цыклаў у малекуле — бі- і поліцыклічныя Н.: біцыклаактан, біцыклананан, β-каратан (насычаны β-карацін), адамантан і іх вытворныя, насычаныя вуглевадароды стэроіднага і тэрпеноіднага тыпаў. У прам-сці з бензінавай фракцыі нафты вылучаюць цыклагексан і метылцыклагексан. Гл. таксама Аліцыклічныя злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТА́НЫ,
насычаныя ацыклічныя вуглевадароды агульнай формулы C5H12. Існуюць 3 ізамеры: П. нармальнай будовы, ці нармальны пентан CH3(CH2)3CH3, ізапентан (CH3)2CHCH2CH3 (2-метылбутан), неапентан (CH3)4C (2,2-дыметылпрапан).
Нармальны і ізапентан бясколерныя лёгкакіпячыя вадкасці (tкіп 36,07 °C і 27,85 °C адпаведна), неапентан — газ (tкіп 9,5 °C). Раствараюцца ў арган. растваральніках, не раствараюцца ў вадзе. П. ёсць у газавым кандэнсаце, нафце, прадуктах перапрацоўкі сланцавай смалы, з якіх іх вылучаюць рэктыфікацыяй. Выкарыстоўваюць нармальны П. у арган. сінтэзе (напр., для атрымання ізапентану, амілавых спіртоў і іх эфіраў), як растваральнік; ізапентан як кампанент высокаактанавых бензінаў (тэхн. мае актанавы лік 90), сыравіну для атрымання ізапрэну. Гл. таксама Насычаныя злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗЫ НАФТАПЕРАПРАЦО́ЎКІ,
сумесі газаў, якія ўтвараюцца пры перапрацоўцы нафты на нафтаперапрацоўчых заводах. Састаў залежыць ад працэсу перапрацоўкі (перагонка, тэрмічны і каталітычны крэкінг, каксаванне, каталітычны рыформінг, гідракрэкінг).
Газы нафтаперапрацоўкі маюць насычаныя і ненасычаныя, у асн. нізкамалекулярныя вуглевадароды (малекулы з 1—4 атамамі вугляроду), а таксама вадарод, серавадарод і невялікую колькасць арган. злучэнняў серы. На ўстаноўках першаснай перагонкі атрымліваюць нязначную колькасць раствораных у нафце (1—1,2% ад масы нафты) газападобных вуглевадародаў. Газы крэкінгу і каксавання маюць даволі многа алкенаў (напр., газы каксавання прыкладна маюць у сабе этылену 5, прапілену 6, бутану 4, ізабутэну 1% па масе). Газ каталітычнага рыформінгу мае толькі насычаныя вуглевадароды і да 60% (па аб’ёме) вадароду. Выкарыстоўваюць як паліва і сыравіну для хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,
узорны гальванічны элемент, які служыць мерай эрс і напружання пастаяннага току. Выкарыстоўваецца ў вымяральнай апаратуры (напр., у патэнцыёметрах), прынцып дзеяння якой заснаваны на параўнанні з мерай.
У якасці Н.э.найб. пашыраны ртутна-кадміевыя элементы Вестана з вадкім электралітам (насычаныя і ненасычаныя) і насычаныя без вадкага электраліту (малагабарытныя). Патрабаванні да Н.э. стандартызаваныя. Насычаны Н.э. з вадкім электралітам узнаўляе эрс з дакладнасцю да 0,0005%, змены эрс да 5 мкВ за год, найб. дапушчальны ток да 1 мкА. У пераноснай апаратуры выкарыстоўваюцца пераважна ненасычныя Н.э., якія маюць дакладнасць да 0,002%, змены эрс да 20 мкВ за год, найб. дапушчальны ток да 10 мкА, менш адчувальныя да мех. уздзеянняў і змен т-ры.