ПЕНТА́НЫ,

насычаныя ацыклічныя вуглевадароды агульнай формулы C5H12. Існуюць 3 ізамеры: П. нармальнай будовы, ці нармальны пентан CH3(CH2)3CH3, ізапентан (CH3)2CHCH2CH3 (2-метылбутан), неапентан (CH3)4C (2,2-дыметылпрапан).

Нармальны і ізапентан бясколерныя лёгкакіпячыя вадкасці (tкіп 36,07 °C і 27,85 °C адпаведна), неапентан — газ (tкіп 9,5 °C). Раствараюцца ў арган. растваральніках, не раствараюцца ў вадзе. П. ёсць у газавым кандэнсаце, нафце, прадуктах перапрацоўкі сланцавай смалы, з якіх іх вылучаюць рэктыфікацыяй. Выкарыстоўваюць нармальны П. у арган. сінтэзе (напр., для атрымання ізапентану, амілавых спіртоў і іх эфіраў), як растваральнік; ізапентан як кампанент высокаактанавых бензінаў (тэхн. мае актанавы лік 90), сыравіну для атрымання ізапрэну. Гл. таксама Насычаныя злучэнні.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)