Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1760—68 у Бабруйску пры езуіцкім калегіуме. Паводле інш. звестак, т-р існаваў значна раней; захавалася друкаваная праграма 1725 пастаноўкі драмы «Акадэмія мудрасці караля Аляксандра». Пасля 1-га і 2-га актаў выконваліся інтэрмедыі і алегарычныя балеты. У 1768 вучні паказалі трагедыю свайго настаўніка рыторыкі, ураджэнца Беларусі Я.Віхерта «Любоў да айчыны, або Фемістокл» (на польск. Мове).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІНО́ЎСКАЯ Ніна Васілеўна
(н. 18.12.1935 в. Вялікія Лазіцы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла Магілёўскае дашкольнае педвучылішча (1955). Працавала выхавацелькай дзіцячага сада, дзіцячага дома (1955—58), карэктарам (1962—67). Друкуецца з 1958. Піша для дзяцей. Аўтар кніжак вершаў «Давайце пазнаёмімся» (1962), «Размова сняжынак» (1968), «Кніжчыны сябры» (1975), «Незвычайны карагод» (1986), «Восень едзе ў магазін» (1990), «Гусіны капялюшык» (1994) і інш. Вершы Галіноўскай напісаны вобразнай мовай, з любоўю да маленькіх чытачоў, з дабрынёй разумнага настаўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЧАНКА (сапр.Панасенка) Сцяпан Васілевіч
(8.1.1879, г. Ічня Чарнігаўскай вобл., Украіна — 11.8.1932),
украінскі пісьменнік. Скончыў Карастышаўскую настаўніцкую семінарыю (1898). Настаўнічаў. Асн. тэмы твораў — жыццё ўкр.дарэв. вёскі (зб-кі апавяданняў «Эскізы», 1911; «Апавяданні», 1915), праца нар.настаўніка (навелы «Вячэра», «Чароўная Галя», «Грэх»), падзеі 1-й сусв. вайны («Акопны дзённік», 1917, і інш.). Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў, фельетонаў, незакончанай аповесці пра Т.Шаўчэнку «У бур’янах» (апубл. 1938).
Тв.:
Твори. Т. 1—3. Київ, 1974.
Літ.:
Шумило Н.М. Проза Степана Васильченко. Київ, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛ (Bell) Эндру
(27.3.1753, Сент-Эндру, Шатландыя — 27.1.1832),
англійскі педагог; адзін з заснавальнікаў Бел-Ланкастэрскай сістэмы ўзаемнага навучання. Святар англіканскай царквы. Адукацыю атрымаў ва ун-це Сент-Эндру. З 1789 загадваў прытулкам для сірот вайскоўцаў каля Мадраса (Індыя). У 1791 увёў там сістэму ўзаемнага навучання, калі дзеці вучаць адзін аднаго пад кіраўніцтвам настаўніка. Сваю «мадраскую сістэму» выклаў у творы «Вопыт навучання, праведзены ў Мадрасе...» У 1812 і 1827 выдаў дапаможнік для школ, якія працавалі па яго метадзе. Сістэма Бела была выкарыстана таксама ў Ірландыі і Канадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГУШ Францішак Ксаверый Міхал
(1.1.1746, Вількамірскі пав. Віленскага ваяв. — 4.4.1820),
філосаф, гісторык, тэолаг, пісьменнік ВКЛ. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. У якасці хатняга настаўніка быў з графам А.Тызенгаўзам у Германіі, Францыі, Італіі. Пасля адстаўкі Тызенгаўза (1780) жыў у Вільні, займаўся навук. дзейнасцю. Удзельнік Барскай канфедэрацыі, паўстання Т.Касцюшкі 1794, за што быў інтэрніраваны ў Смаленск. Апошнія гады жыў і працаваў у Варшаве. Удзельнічаў у рабоце Т-ва аматараў навукі, быў цэнзарам. Ганаровы чл. шматлікіх еўрап.навук.т-ваў. Аўтар твораў «Філосаф без рэлігіі» (1785), «Пра пачатак народа і мовы літоўскай» (1808), «Успаміны пра Антонія Тызенгаўза» (1820) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬДШТЭ́ЙН Элкано Маркавіч
(н. 28.3.1923, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Ленінградскі інж.-буд.ін-т (1950). Працаваў у «Белдзяржпраекце» (1952—90). З 1990 узначальвае персанальныя творчыя майстэрні. Асн. работы ў Мінску: комплекс жылых дамоў па вул. Чырвонай (1952—53, у сааўт.), радыётэхнічны каледж (1956), Фундаментальная б-каАН Беларусі (1967), Дом настаўніка (1976), комплексы вучылішча кінамеханікаў і мед. ін-та на праспекце газ. «Праўда» (абодва 1979, у сааўт.); а таксама эксперым. школы ў Салігорску (1966), Брэсце (1969), Мінску (1976); серыя тыпавых школ і дашкольных устаноў (1960—80); краязнаўчы музей у Касцюковічах, школа мастацтваў у Нароўлі (абодва 1989, у сааўт.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛ-ЛАНКА́СТЭРСКАЯ СІСТЭ́МА ўзаемнага навучання, сістэма навучання ў пач. школе, пры якой старэйшыя вучні, якія больш паспяхова займаліся, пад кіраўніцтвам настаўніка вялі заняткі з астатнімі навучэнцамі. Узнікла ў сувязі з неабходнасцю масавага навучання пісьменнасці. Прапанавана незалежна адзін ад аднаго англ. педагогамі Э.Белам (1791) і Дж.Ланкастэрам (1801). Спачатку ўжыта ў Індыі, потым у Вялікабрытаніі. У пач. 19 ст. шырока практыкавалася ў Францыі, Расіі, ЗША, Даніі і інш. краінах. У Расійскай імперыі ў 1817—19 школы ўзаемнага навучання ўзніклі ў некаторых вайск. часцях і ў маёнтках ліберальна настроеных памешчыкаў. Адной з першых такая школа адчынена для сялян у маёнтку графа М.П.Румянцава ў Гомелі. Супраць Бел-Ланкастэрскай сістэмы выступалі прыхільнікі навучання, якое садзейнічала развіццю асобы. У сярэдзіне 19 ст. Бел-Ланкастэрска сістэма страціла папулярнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎ-БЕ́ЛЬСКІ Мікалай Пятровіч
(26.11.1868, в. Шапатова Бельскага р-на Цвярской вобласці — 19.2.1945),
рускі жывапісец, майстар бытавога жанру. Акадэмік жывапісу (1903), правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1914). Чл.Т-ва перасоўных маст. Выставак (1895—1918). Да 1883 вучыўся ў нар. школе С.Рачынскага ў в. Тацева Смаленскай губ., у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1884—89) у В.Паленава, У.Макоўскага, І.Пранішнікава і ў Пецярбургскай АМ (1890-я г.) у І.Рэпіна. Атрымаў залаты медаль за работу «Будучы манах» (1889). Творы Багданава-Бельскага вызначаюцца вял. назіральнасцю і цеплынёю ў адлюстраванні жыцця сельскай школы, рус. і бел. сялян (нейкі час жыў на Віцебшчыне): «Вуснае лічэнне» (1895), «Спроба галасоў», «У хворага настаўніка», «Каля дзвярэй школы» (усе 1897) і інш. У 1911—17 выкладаў у Пецярбургскай АМ. З 1921 жыў у Латвіі. У Нац.маст. музеі Беларусі карціна Багданава-Бельскага «Дзеці ў хаце» (1891).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУ́ЛІО РАМА́НА
[Giulio Romano; сапр.Піпі, Ріррі; 1492 або 1499, Рым — 1.11.1546],
італьянскі архітэктар і жывапісец. У 1515—24 працаваў у Рыме. Вучань Рафаэля, разам з якім размалёўваў Станцы і Лоджыі Ватыкана, пасля смерці настаўніка завяршыў размалёўку вілы Мадама (1521). З 1524 працаваў у Мантуі пры двары герцагаў Ганзага. Паступова адышоў ад класічных прынцыпаў мастацтва Высокага Адраджэння да маньерызму. Яго жывапісным творам уласцівы кампазіцыйная перагружанасць, ускладненасць ракурсаў і поз. У арх. пабудовах падкрэсленая пластыка і кантрастнасць формаў, мудрагелістая фактура руставаных паверхняў (асабісты дом у Мантуі, 1544) часта спалучаюцца з нечаканымі вонкавымі эфектамі, якія парушаюць строгую тэктоніку ордэрнай сістэмы (Палацца Дукале ў Мантуі, 1538—39). У сваім гал. творы — Палацца дэль Тэ ў Мантуі (1525—34) прадвызначыў далейшыя шляхі архітэктуры, стварыў адзін з ранніх прыкладаў восевай кампазіцыі.
Джуліо Рамана. Размалёўка «Залы гігантаў» Палацца дэль Тэ ў Мантуі.