АК-ШЫЙРА́К, Акшыйрак,

горны масіў у Цянь-Шані, у Кыргызстане. Цягнецца з ПдЗ на ПнУ трыма кулісападобнымі паралельнымі хрыбтамі даўж. каля 50 км, выш. да 5126 м. Водападзел вярхоўяў Нарына і рэк бас. Сарыджаза (Учкёль і інш.). Складзены з метамарфічных сланцаў, вапнякоў, гранітаў. Рэльеф высакагорны. Цэнтр зледзянення ў Цянь-Шані (59 ледавікоў пл. больш за 400 км²). Самы вял. ледавік Пятрова, дае пачатак р. Нарын.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙТЭС ((Voites) Маргарыта) (н. 30.10.1936, Масква),

эстонская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1979). Скончыла Талінскую кансерваторыю (1964). З 1964 салістка т-ра «Ванемуйне», з 1969 — т-ра оперы і балета «Эстонія». Сярод партый у операх: Канстанца («Выкраданне з сераля» В.​А.​Моцарта), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Нарына, Лючыя («Дон Паскуале», «Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Альцына («Альцына» Г.​Ф.​Гендэля); у аперэтах: Віялета («Фіялка Манмартра» І.​Кальмана), Адэль («Лятучая мыш» І.​Штрауса). Выступае як камерная спявачка.

т. 4, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАС (Людміла Якаўлеўна) (н. 13.5.1950, г. Чарнаўцы, Украіна),

бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1983). Скончыла Маладзечанскае муз. вучылішча (1970), Кіеўскую кансерваторыю (1976, клас Л.​Чаўдар). У 1976—97 салістка Нац. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае голасам прыгожага чыстага тэмбру, высокай вак. тэхнікай. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца шчырасцю, лірызмам, сцэн. абаяльнасцю. Сярод партый: Паола («Джардана Бруна» С.​Картэса), Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Прылепа («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Джыльда, Віялета, паж Оскар («Рыгалета», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Нарына («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Алімпія («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Сюзанна і Барбарына («Вяселле Фігара» ВА.Моцарта). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​І.​Глінкі (1977), міжнар. конкурсу «Новыя оперныя галасы» (1986, Італія). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.

А.​Я.​Ракава.

т. 8, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛА́ТАВА (Людміла Іванаўна) (н. 22.11.1937, г. Чыта, Расія),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1962). У 1962—91 салістка, у 1991—93 дырэктар опернай трупы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае цёплым серабрыстым голасам. Створаныя ёю вобразы вылучаюцца праўдай характараў, шчырасцю пачуццяў, жаноцкасцю. У операх нац. рэпертуару выканала партыі Марфачкі («Алеся» Я.​Цікоцкага), Ірыны, Маці («Калючая ружа» і «Зорка Венера» Ю.​Семянякі), Янінкі («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера). Сярод лепшых работ у опернай класіцы: Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Адзіна, Нарына («Любоўны напітак», «Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Серпіна («Служанка-пані» Дж.​Б.​Пергалезі), Мюзета («Багема» Дж.​Пучыні), Цэрліна, Сюзанна («Дон Жуан», «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Мікаэла, Лейла («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Марфа, Шамаханская царыца, Снягурачка («Царская нявеста», «Залаты пеўнік», «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава).

Літ.:

Ракава А. Тэатр — яе жыццё: (Людміла Златава) // Тэатр. Мінск. 1988. № 1.

А.​Я.​Ракава.

Л.І.Златава.
Л.Златава (справа) у ролі Сюзанны.

т. 7, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)