ЧАЎШЭ́СКУ (Ceaușescu) Нікалае (26.1.1918, с. Скарнічэшці, пав. Олт, Румынія — 25.12.1989),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Румыніі. Чл.Рум.камуніст. партыі (РКП) з 1933. З 1939 сакратар Бухарэсцкага гаркома рум. камсамола ў падполлі, у 1939—40 — чл.Цэнтр. камісіі па рабоце сярод моладзі пры ЦК РКП і сакратар ЦК камсамола. У 1940 арыштаваны ваен.-фаш. рэжымам і да 1944 знаходзіўся ў турмах і канцлагеры. З 1944 на кіруючых камсамольскіх, парт. і дзярж. пасадах, канд. у члены (з 1945), чл. (з 1948) ЦК РКП, чл. Палітбюро ЦК РКП (з 1955); карыстаўся падтрымкай і апекай ген. сакратара ЦК РКП Г.Геаргіў-Дэжа, ад якога пераняў многія метады кіраўніцтва і апаратнай барацьбы. З 1954 сакратар, з сак. 1965 1-ы сакратар, з ліп. 1965 ген. сакратар ЦК РКП, са жн. 1969 ген. сакратар РКП, Са жн. 1967 Старшыня Дзярж. савета, з 1968 старшыня Фронту дэмакратыі і сацыяліст. адзінства, з 1969 старшыня Савета абароны і вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі, з 1973 старшыня Вышэйшага савета эканам. і сац. развіцця, з сак. 1974 прэзідэнт Румыніі. Працягваў «асобы курс» Геаргіў-Дэжа [фарсіраваная індустрыялізацыя, незалежная ад СССР знешнепаліт. лінія (добрыя адносіны з Кітаем, няўдзел ва ўводзе войск Арг-цыі Варшаўскага дагавора ў ЧССР у 1968, захаванне дыпламат. адносін з Ізраілем пасля 1967 і Чылі пасля 1973 і інш.), інтэнсіўныя эканам. сувязі з капіталіст. краінамі]. З дапамогай апаратных інтрыг і рэпрэсій да пач. 1970-х г. засяродзіў у сваіх руках усю паўнату улады, прыцягваў да кіравання сваіх родных і сваякоў, паступова складваўся культ яго асобы. Нягледзячы на поспехі ў пачатковы перыяд дзейнасці Ч. на пасадзе кіраўніка партыі і дзяржавы, да пач. 1980-х г. пачалі нарастаць негатыўныя тэндэнцыі ў забеспячэнні грамадзян харч. і прамысл. таварамі. У пач. 1989 поўнасцю ліквідаваў знешнюю запазычанасць Румыніі за кошт рэзкага зніжэння ўзроўню дабрабыту насельніцтва, што выклікала масавую незадаволенасць у краіне. У час снежаньскіх падзей 1989 арыштаваны і разам з жонкай Аленай расстраляны па прыгаворы ваен. трыбунала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ САМАСВЯДОМАСЦЬ,
сукупнасць уяўленняў, пачуццяў і ведаў чалавека аб сваёй прыналежнасці да пэўнай нацыі. Першасныя элементы Н.с. складваліся яшчэ ў першабытным грамадстве. Фарміраванне Н.с. завяршаецца ў працэсе пераўтварэння народнасці ў нацыю на аснове ўсведамлення людзьмі свайго агульнага паходжання і непарыўнай сувязі з роднай зямлёй, адчування самабытнасці сваёй культуры, мовы, нацыянальнага характару, менталітэту, пачуцця агульнанац. салідарнасці. У структуры Н.с. арганічна ўзаемазвязаны рацыянальныя, ідэалаг., эмацыянальна-пачуццёвыя і нават ірацыянальна-містычныя элементы. Н.с. большасці народаў свету аформілася. на працягу 18—20 ст., калі ў выніку ўзмацнення кансалідацыі этнасац. супольнасцей, актывізацыі нац.-вызв. рухаў сфарміраваліся нацыі сучаснага тыпу (напр., англ., ням., франц., яп., амер.). На асаблівасці і тэмпы складвання Н.с. ўплываюць сац.-эканам., грамадска-паліт., этнакульт., канфесійныя, моўныя, полаўзроставыя і інш. фактары. Нац.-вызв. барацьба супраць каланіялізму ў шэрагу краін Азіі і Афрыкі ў 20 ст. прывяла да станаўлення развітых форм Н.с. значна раней за ліквідацыю феадальна-племяннога ладу жыцця. Паскарэнне росту Н.с. нярэдка абумоўлена ўзнікненнем рэальнай пагрозы культ. асіміляцыі, знешняй агрэсіі, каланізацыі краіны, фарсіраванай інтэрнацыяналізацыі і інтэграцыі. Паглыбленне Н.с. можа адыгрываць і станоўчую (у сэнсе спрыяння ўтварэнню нацыі і яе паспяховаму развіццю) і адмоўную (калі пачынае нарастаць нацыяналізм і шавінізм) ролю. Гіст. вопыт сведчыць, што пры інш. аднолькавых умовах узровень Н.с. найчасцей бывае больш высокім у адносна нешматлікіх народаў у параўнанні з буйнымі нацыямі. Н.с. знаходзіцца ў аснове пачуцця агульнадзярж патрыятызму, нац. гонару, любові да роднага народа, культуры, мовы, да сваёй Радзімы.
Н.с. жыхароў Беларусі ў старажытнасці была звязана з агульнасцю паходжання ад аднаго рэальнага або міфічнага продка, з адзінствам тэрыторыі пражывання, ладу жыцця, нар. звычаяў і абрадаў і інш. У больш позні перыяд (сярэднявечча, новы час) на асаблівасці этн. самасвядомасці беларусаў істотна ўплывала іх прыналежнасць да канкрэтных саслоўных, канфесіянальных, моўна-культ., лакальна-тэр. груп насельніцтва. Уласна Н.с. беларусаў аформілася адносна позна, прыблізна ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст., што было абумоўлена ўзмацненнем нац.-вызв. руху, актывізацыяй нац.-культ. жыцця і пачаткам складвання бел. нацыі. Спачатку больш высокі ўзровень Н.с. быў уласцівы прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, шляхце, заможнаму сялянству. У 1920-я г. яна ахапіла прадстаўнікоў усіх сац. катэгорый насельніцтва Беларусі. Гэтаму спрыялі палітыка беларусізацыі і спробы гарманізацыі міжнац. адносін. У наступныя дзесяцігоддзі развіццё Н.с. запаволена ў выніку ўзмацнення працэсаў асіміляцыі бел. грамадства. У сучасны перыяд паглыбленне Н.с. з’яўляецца важным сродкам самазахавання бел. нацыі і раскрыцця яе творчых магчымасцей у справе пабудовы свабоднага, дэмакр. і незалежнага грамадства.
Літ.:
Беларусіка = Albaruthenica. Кн. 2. Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Мн., 1993: Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова: Літ.-гіст.арт.Мн., 1994: Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі: Пер. з англ.Мн., 1995;
Дубянецкі С.Ф., Дубянецкі Э.С. Цяжкі шлях да адраджэння. Брэст, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧЫ РУХ,
грамадскі рух за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску, за нац. адраджэнне і развіццё на аснове самаст. дзяржаўнасці. Зыходным пунктам у яго гісторыі было паўстанне 1794 на чале з А.Т.Касцюшкам супраць гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай манархамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, далучэння зямель Беларусі да Расіі. Ўмоўна гэты рух падзяляецца на 2 этапы: 1-ы праходзіў у рамках польск. вызв. працэсу (1794—1863), 2-і — з усведамленнем уласна бел.нац. інтарэсаў і канчатковай мэты — адраджэння бел. дзяржаўнасці (1863—1918). На 1-м этапе пераважалі разрозненыя праявы навук., літ., культ.-асв. дзейнасці сярод дробнамаянтковай шляхты, уніяцкага духавенства, студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ун-та па вывучэнні мовы, культуры, звычаяў, гіст. мінулага беларусаў. Гэта дзейнасць аб’ектыўна была накіравана супраць афіц. палітыкі самадзяржаўя і польск. або спаланізаванай арыстакратыі на Беларусі, па сутнасці азначала стыхійны пратэст супраць ігнаравання гіст. самабытнасці бел. этнасу, яго гвалтоўнай асіміляцыі ў форме паланізацыі ці русіфікацыі. Пачатковыя праявы бел.нац. ідэалогіі назіраліся ў дзейнасці т-ваў філаматаў і філарэтаў, Дэмакратычнага таварыства ў Віленскай мед. акадэміі, Братняга саюза літоўскай моладзі, Т-ва зямель літоўскіх і рускіх (у эміграцыі), у навук. даследаваннях З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Баброўскага, І.Даніловіча, І.Анацэвіча, І.Лабойкі, І.Грыгаровіча, К. і Я.Тышкевічаў, Т.Нарбута, А.Кіркора і інш., у літ. творчасці Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, П.Багрыма, А.Вярыгі-Дарэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, П.Шпілеўскага і інш. Пасля паўстання 1830—31 зарадзілася рэв.-дэмакр. плынь, для якой характэрна спалучэнне літ. асветніцтва і паліт. барацьбы (Ф.Савіч, А.Незабытоўскі). Дзейнасць К.Каліноўскага і выданне нелегальнай рэв.-дэмакр. газеты «Мужыцкая праўда» далі пачатак спалучэнню сац.-эканам., паліт., культ.-духоўных праблем нац.-вызв. барацьбы беларусаў і вылучэнню бел. («літвінскіх») нац. патрабаванняў з агульнапольскага вызв. кантэксту, у т. л. ўскосна выказанай ідэі пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй. Пасля задушэння паўстання 1863—64 выспяванне бел.нац. ідэі часова запаволілася, пачалася татальная русіфікацыя Беларусі паводле канцэпцыі заходнерусізму. Новай ідэйна-тэарэт. і паліт. якасці нац.-вызв. рух дасягнуў на схіле 19 ст. ў дзейнасці народніцкай групы «Гоман» і яе нелегальнага аднайм. часопіса (1884). У якасці альтэрнатывы імперскаму абсалютызму члены групы абгрунтавалі ідэю «федэратыўнасці Беларусі» на падставе свабоднага пагаднення з інш. народамі дэмакратызаванай Расіі. Бел.вызв. ідэю паглыбіла дзейнасць Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, А.Абуховіча, К.Каганца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. атрымала развіццё навук.беларусазнаўства (публікацыі П.Бяссонава, І.Насовіча, М.Доўнар-Запольскага, Е.Раманава, Я.Карскага, А.Сапунова, А.Ельскага, Я.Карловіча, Г.Татура, М.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, А.Сержпутоўскага, М.Янчука, краязнаўча-збіральніцкая і асветніцкая праца Б.Эпімах-Шыпілы і інш.). Ажывілася культ.-асв. дзейнасць Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, Круга беларускай народнай прасветы і культуры, студэнцкіх аб’яднанняў у Пецярбургу, Маскве, Кракаве. Зроблены спробы выпуску нелегальнай паліт.газ. «Свабода», заснавання рэв. партыі Белай Русі. У 1902 арганізавана Бел.рэв. грамада (з 1903 Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ). У выніку рэвалюцыі 1905—07 заваявана права на легальны бел. друк. З’явіліся газеты «Наша доля», «Наша ніва», часопісы «Лучынка», «Раніца», а таксама прафес., грамадска-культ. аб’яднанні і гурткі (Беларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскі гурток беларускай моладзі, Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» і інш.). Мацнела ўзаемасувязь асв. і паліт., легальных і нелегальных кірункаў і формаў руху. Дзейнасць БСГ, яе праграмна-стратэг. кірунак на замену капіталіст. ладу сацыялістычным мелі вял. значэнне для ідэйнай кансалідацыі бел.нац.-вызв. руху. У 1906—15 асяродкам кансалідацыі адраджэнскіх сіл стала газ. «Наша ніва». Пад яе ўплывам зарадзіўся бел. нац.-рэліг. рух (газ. «Беларус», дзейнасць святароў А.Бычкоўскага, В.Гадлеўскага, А.Пачопкі, А.Астрамовіча і інш.), узгадавана да вызв. працы плеяда пісьменнікаў-класікаў, грамадска-паліт. і культ. дзеячаў, нац. ідэолагаў: Я.Купала, Я.Колас, Цётка, М.Багдановіч, Ядвігін Ш., А.Гарун, Ц.Гартны, М.Гарэцкі, З.Бядуля, браты А. і І.Луцкевічы, А.Уласаў, В.Ластоўскі, І.Буйніцкі, У.Галубок, А.Смоліч, Б.Тарашкевіч, Я.Лёсік, Ф.Шантыр, Л.Сівіцкая (З.Верас), Я.Хлябцэвіч, Л.Гмырак і інш. У час 1-й сусв. вайны сярод бел. актывістаў Вільні, акупіраванай герм. войскам, ідэя аднаўлення бел. дзяржаўнасці звязвалася з магчымым адраджэннем дзярж. уніі Беларусі і Літвы, што адлюстравана ў звароце Канфедэрацыі Вял.кн. Літоўскага (15.12.1915), у сумеснай дэкларацыі сацыяліст. і дэмакр., у т. л.бел., партый Вільні (снеж. 1917). Каардынацыйным цэнтрам бел.нац. арг-цый у Вільні быў Беларускі народны камітэт, які выступаў за цэласнасць і непадзельнасць бел. зямель, прадстаўляў і абараняў інтарэсы бел. насельніцтва перад акупац. ўладамі. Па ініцыятыве Цёткі і І.Луцкевіча ў Вільні і на зах. землях Беларусі заснаваны першыя бел. школы, настаўніцкія курсы, гімназіі. У Вільні выдавалася бел.газ.«Гоман». Бел. пытанне было вынесена на міжнар. форум — 3-ю канферэнцыю народаў (Лазана, 1916). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 узніклі Беларускі нацыянальны камітэт (сак. 1917), Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ліп. 1917), рэарганізаваная потым у Вялікую беларускую раду, Цэнтральная беларуская вайсковая рада (кастр.—ліст. 1917). У газетах «Вольная Беларусь» і «Белорусская Рада» вялася дыскусія па праблемах гуртавання бел. руху на дэмакр., агульнанац. аснове. У сувязі з далучэннем да бел. руху розных сац. слаёў грамадства і пад уздзеяннем ігнаравання бел. пытання Часовым урадам і бальшавіцкай апазіцыяй у ім сталі нарастацьунутр. супярэчнасці, што прывяло да ўтварэння напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 2 плыняў: класава-рэв. і нац.-дэмакратычнай. Гэты падзел выразна выявіўся на 3-м з’ездзе БСГ (кастр. 1917, Мінск). У снеж. 1917 пад знакам кансалідацыі розных ідэйна-паліт. плыняў і партый для агульнай нац. мэты — незалежнай Беларусі — праходзіў Усебеларускі з’езд 1917. Насуперак гвалтоўнаму разгону з’езда паводле рашэння СНКЗах. вобласці і фронту дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю аб утварэнні на бел.этнагр. абшары краёвай улады ў форме Усебел. Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў і наладжванні афіц. адносін з цэнтр. органамі сав. улады, іншымі нац. рэспублікамі. Сфарміраваны Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся 21.2.1918 з Першай Устаўнай граматай «Да народаў Беларусі» і стварыў часовы ўрад — Народны сакратарыят Беларусі. Другой Устаўнай граматай 9.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18.3.1918 у склад Рады з’езда кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады і Рада з’езда рэарганізавана ў Раду БНР. У ноч на 25.3.1918 Рада БНР прыняла рэзалюцыю аб суверэннай незалежнасці Беларусі і Трэцюю Устаўную грамату. Факт абвяшчэння БНР азначаў падагульненне папярэдняга развіцця нац.-вызв. руху і адначасова паклаў рэальны пачатак нац.-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919), нац.-культ. рух у БССР у 1920-я г. і вызваленчае змаганне народа Заходняй Беларусі пацвердзілі гіст. пераемнасць і незнішчальнасць бел. нац.-дзярж. ідэі.
Кр.:
Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977;
Багушэвіч Ф. Дудка беларуская: Прадмова // Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991;
Каганец К. Прамова // Каганец К. Творы. Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНАЯ, ДРЭВААПРАЦОЎЧАЯ І ЦЭЛЮЛОЗНА-ПАПЯРОВАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Уключае дрэванарыхтоўчую, дрэваапрацоўчую, цэлюлозна-папяровую і лесахімічную прам-сць.
Лясная прамысловасць. У Беларусі бярэ пачатак з часоў узнікнення Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). У 13—15 ст. на тэр. княства развівалася рамесная вытв-сць, у т. л. дрэваапрацоўка (27 прафесій). З драўніны рабілі асн. часткі плугоў, сох, рыдлёвак і матык, хатнія рэчы, вёслы, граблі, выпальвалі вугаль і паташ. Драўніна шырока выкарыстоўвалася пры будаўніцтве вёсак і гарадоў, трансп. сродкаў. гандл. і ваен. караблёў, мастоў, грэбляў, абарончых збудаванняў. Водныя шляхі Транспарту выкарыстоўваліся для лесасплаву. Лес і яго прадукты станавіліся ўсё больш грунтоўным фактарам эканам. развіцця краіны. Драўніна і прадукты яе перапрацоўкі (вугаль, смала, дзёгаць, паташ), а таксама драўляныя вырабы сталі важнымі экспартнымі таварамі, якія водным шляхам дастаўляліся ў еўрап. краіны. Гандлем лесатаварамі разам з купцамі часта займаліся і феадалы, якія валодалі буйнымі ляснымі масівамі. Развіццю дрэваапрацоўкі спрыяла фальварковая гаспадарка, арыентаваная на рынак. Значную ролю ў развіцці лясной прам-сці адыгралі мануфактуры. У канцы 17 ст. ў ВКЛ былі 53 мануфактуры, у т. л. 9 дрэваапрацоўчых. На кожнай з іх працавала каля 20—25 рабочых. Адначасова хутка развівалася лесанарыхтоўчая вытв-сць і лесасплаў, пастаўка драўніны на замежныя рынкі. Драўніну дастаўлялі пераважна плытамі, на якіх будавалі буданы для складавання тавараў, прадуктаў харчавання, адзення Нягледзячы на цяжкую і працяглую транспарціроўку, гандаль ляснымі таварамі быў прыбытковым заняткам. Паводле звестак з архіваў Радзівілаў, у 1654 у г. Кралявец (цяпер Калінінград) прададзена лясных тавараў на 53 тыс. злотых. Сумарныя затраты на нарыхтоўку, апрацоўку і транспарт драўніны склалі 29 114 злотых (55%), прыбытак — 23 887 злотых (45%). У 1652—53 рэалізацыя піловачніку давала 38,6% чыстага прыбытку, ванчосаў і сліпераў — 23%, клёпкі французскай — 32,5%, смалы і паташу — 38,8%.
Развіццю лесанарыхтовак спрыялі паляпшэнне шляхоў зносін і рэгуляванне рэк, якія выкарыстоўваліся для суднаходства і лесасплаву, будаўніцтва дарог і мастоў. У 1784 завершана буд-ва канала, які праз рэкі Шчара, Ясельда і Прыпяць злучыў рэкі Нёман і Дняпро. У 1781—84 пабудаваны другі канал, які праклаў шлях з р. Прыпяць у Заходні Буг, што пашырыла магчымасці асваення лясных багаццяў. У канцы 18 — пач. 19 ст. лесанарыхтоўкі з промыслу аформіліся ў капіталіст.прам-сць. Значная колькасць лесу высякалася на дровы для абагрэву гарадоў і вёсак, спальвалася ў топках паравозаў (заменены каменным вугалем толькі ў 1890-я г.). Шмат драўніны спажывалі лесапільна-дрэваапр.прам-сць, цывільнае і ваен. будаўніцтва.
У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё лесанарыхтоўчай прам-сці паўплывала буд-ва Пецярбургска-Варшаўскай, Лібава-Роменскай, Пецярбургска-Адэскай магістралей і Палескіх чыгунак. З драўніны рабілі шпалы, пераводныя брусы, тэлегр. слупы і інш.Чыг. транспарт спрыяў пастаўкам лясных грузаў за мяжу. У пач. 1-й сусв. вайны пачалі ўтварацца саюзы мясц. лесапрамыслоўцаў. Узніклі манапал. аб’яднанні «Камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю», «Саюз лесапрамыслоўцаў Паўночна-Заходняга краю» і інш. З удзелам капіталу агульнарас. банкаў утвараліся акц. т-вы ў лесанарыхтоўчай, лесапільна-дрэваапрацоўчай, запалкавай і цэлюлозна-папяровай прам-сці. У 1913 на Беларусі функцыянавала 158 дрэваапр. прадпрыемстваў, 10 запалкавых, 17 кардонна-папяровых фабрык, значна павысілася роля прадуктаў перапрацоўкі драўніны. Пераважалі буйныя прадпрыемствы, аснашчаныя тагачаснай тэхнікай: запалкавыя ф-кі «Прагрэс-Вулкан» (424 чал.), «Вікторыя» ў Барысаве (496 чал.), «Бярэзіна» ў Нова-Барысаве (399 чал.), «Везувій» у мяст. Нова-Беліца Гомельскага пав. (346 чал.), «Маланка» ў Мазыры (334 чал.); шпулечна-фанерная ф-ка ў Пінску (462 чал.); фанерна-лесапільныя з-ды ў мяст. Вярхуціна Бабруйскага пав. (400 чал.), на ст. Капцэвічы (236 чал.) і Мікашэвічы (231 чал.) Мазырскага пав.; лесапільныя з-ды ў в. Парэчча Ігуменскага пав. (118 чал.); ф-ка механічнай апрацоўкі дрэва ў Рэчыцы (138 чал.). У 1872 у Добрушы на папяровай ф-цы (1276 чал.) пачала працаваць папераробная машына, у 1886 завершана будаўніцтва кардоннай ф-кі ў Чашніках (з 1894 выпускала і паперу), у 1898 — папяровай ф-кі ў Шклове, у 1899 — кардоннай ф-кі каля Пухавіч, у 1902 — кардонна-папяровай ф-кі ў Нова-Барысаве. У 1913 дзейнічала 17 кардонна-папяровых прадпрыемстваў (3201 чал.), якія выраблялі 20,4% драўнянай масы, 44,8% запалкавай саломкі, 62,3% паштовай і 23,5% шпалернай паперы, 10,3% кардону агульнарас. вытв-сці.
Хуткаму развіццю лесанарыхтоўчай і дрэваапрацоўчай прам-сці ў Беларусі спрыяла наяўнасць эканамічна даступных і каштоўных лясных рэсурсаў, пашыранай сеткі водных і сухапутных шляхоў транспарту, таннай рабочай сілы, блізкасць зах.-еўрап. рынку. У 1913 на долю прадпрыемстваў Беларусі прыпадала 20,8% агульнарас. экспарту лесаматэрыялаў (дзелавой драўніны, піламатэрыялаў, шпал, клёпкі). Доля лясной прам-сці Беларусі ў агульнарас. вытв-сці складала: хвойных піламатэрыялаў 26,8%, шпал дубовых 24,4%, прадукцыі каштоўных лісцевых парод 64,2%, клеенай фанеры 23,5%, гнутай мэблі 21,8%, запалкавай саломкі 44,8%.
Паспяхова развівалася лесахімічная прам-сць, якая вырабляла смалу, шкіпінар, каніфоль, дзёгаць. У 1900 на тэр.бел. губерняў дзейнічала больш за 160 смалакурных і дзягцярных прадпрыемстваў, дзе працавала каля 700 чал. Найбольшы быў Выдрынскі з-д у Аршанскім пав., які даваў больш за 60% лесахім. прадукцыі Беларусі.
У гады 1-й сусв. вайны аб’ём лесапрамысл. вытв-сці значна скараціўся. У 1917 дзейнічала толькі палова лесапільна-фанерных прадпрыемстваў, 53,8% запалкавых, 35,3% кардонна-папяровых. У 1922—29 на базе дробных прадпрыемстваў створаны дрэваапрацоўчы з-д «Пралетарый» у Мазыры, мэблевыя ф-кі ў Бабруйску, Мінску і Мазыры, дрэваапр. камбінат і запалкавая ф-ка ў Барысаве і інш. У 1927 заснаваны каніфольны з-д у Нова-Беліцы, у 1928 — Барысаўскі лесахім. з-д, што стала пачаткам айч. вытв-сці жывічнай і экстракцыйнай каніфолі, якую раней імпартавалі.
У 1930-я г. будаваліся новыя і рэканструяваліся з-ды, якія дзейнічалі раней. Пабудаваны Бабруйскі і Гомельскі дрэваапр. камбінаты, Рэчыцкі лесапільны з-д. У 1932 на Добрушскай папяровай ф-цы пачалі рабіць цэлюлозу. У 1940 на Беларусі дзейнічалі 27 лесазаводаў, 3 лесакамбінаты, 5 мэблевых ф-к, 66 леспрамгасаў, 6 фанерных і 4 запалкавыя з-ды, 12 папяровых ф-к, каніфольна-шкіпінарны з-д, на якіх было занята 67 тыс.чал. і выраблялася 34,7% фанеры, 6,3% паперы, 4,7% піламатэрыялаў агульнасаюзнай вытв-сці. На долю лесапрамысловага комплексу прыпадала 8,9% валавой прадукцыі прам-сці Беларусі.
За гады Вял.Айч. вайны разбурана 83,7% прамысл.-вытв. будынкаў, разрабавана 74,7% абсталявання лясной прам-сці. Пасля вайны пачалося аднаўленне лясной прам-сці. У канцы 1945 функцыянавалі 68 леспрамгасаў, 18 дрэваапр. прадпрыемстваў і 2 папяровыя ф-кі, якія давалі 23% прадукцыі адносна ўзроўню 1940. Да 1950 адноўлены дрэваапр. камбінаты ў Барысаве і Гомелі, лесазавод у Івацэвічах, камбінаты фанерна-дрэваапрацоўчы ў Бабруйску і фанерна-запалкавы ў Гомелі, мэблевыя ф-кі ў Бабруйску, Мазыры, Мінску, папяровыя прадпрыемствы ў Добрушы, Чашніках, Слоніме, Шклове. Усе яны працавалі на айч. драўнянай сыравіне. Вялася іх мадэрнізацыя, замест дробных прадпрыемстваў ствараліся буйныя: Маладзечанская мэблевая ф-ка(1954), Пінскі фанерна-запалкавы і Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы (1959) камбінаты, Гомельская мэблевая ф-ка «Прагрэс» і Мінскае эксперым. канструктарскае тэхнал. бюро мэблі (1963), Барысаўскі папярова-лесахімічны з-д (1971), Гомельскі папярова-лесахімічны камбінат (1972, з 1976 — з-д). У 1976 пачаў працаваць Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат.
Большасць прадпрыемстваў лясной прам-сці знаходзілася ў падпарадкаванні Мін-ва лясной і дрэваапр. прам-сці БССР (66% валавой прадукцыі лесанарыхтовак і дрэваапрацоўкі). З мэтай далейшай канцэнтрацыі вытв-сці на базе 70 прадпрыемстваў створаны 11 дрэваапрацоўчых і 8 лесанарыхтоўчых аб’яднанняў. Мінлеспраму перададзены прадпрыемствы і цэхі па вытв-сці буд. драўляных дэталей і канструкцый, на базе якіх створаны яшчэ 5 вытв. аб’яднанняў. Рэканструявана 13 механізаваных ніжніх складоў, пачалі працаваць 8 паўаўтам. ліній. На лесанарыхтоўках укараняліся сківічныя пагрузчыкі і інш. перспектыўнае абсталяванне. У сярэдзіне 1970-х г. здадзены ў эксплуатацыю цэхі драўнянавалакністых пліт у Віцебску, драўнянастружкавых пліт у Івацэвічах і Мастах, паркетнай дошкі ў Бабруйску і мэблевы ў Маладзечне; рэканструявана 19 цэхаў, у т. л. запалкавыя цэхі пераведзены на выпуск кардонных пачкаў. За гэты перыяд знята з вытв-сці 90 старых мадэлей мэблі і асвоены 93 новыя. На прадпрыемствах дрэваапрацоўкі ўкаранёна больш за 30 аўтам. і паўаўтам. ліній, 35 механізаваных установак і агрэгатаў.
У 1980-я г. лясная прам-сць развівалася па шляху тэхн. прагрэсу. На лесасечных работах укаранёны валачна-пакетаваныя машыны, бясчокерная тралёўка драўніны, механізацыя ачысткі ствалоў ад сукоў. У дрэваапр. прам-сці ўкаранялася новая тэхніка і мадэрнізавалася абсталяванне. У канцы 1980-х г. тэмпы росту і мадэрнізацыі галіны запаволіліся, а ў 1-й пал. 1990-х г. пачаўся спад вытв-сці. У 1995 нарыхтоўка дзелавой драўніны знізілася на 30%, вытв-сць піламатэрыялаў, драўняных пліт, клеенай фанеры, кардону скарацілася на 40—45%, паперы — на 85,4%. У 1991 Мін-ва лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці пераўтворана ў Бел. вытворча-гандлёвы канцэрн лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Шэраг прадпрыемстваў акцыяніраваны. Узніклі розныя формы ўласнасці канцэрна: рэспубліканская — 13,1%, камунальная — 19%, прыватная — 65,3%, з удзелам замежнага капіталу — 2,6%. З 1997 пачаўся паступовы рост аб’ёму вытв-сці. Аднак па выпуску асн. відаў прадукцыі ўзровень 1990 у 2002 яшчэ не быў дасягнуты (гл.табл.). Толькі часткова асвойваецца разліковая лесасека па гал. лесакарыстанні. Марудна абнаўляюцца вытв. фонды, знос якіх у 2002 склаў 60,9%.
На пач. 2003 на Беларусі было 308 прадпрыемстваў лясной прам-сці, аб’ём іх прадукцыі склаў 1264 млрд.руб., ці 5,1% валавой прадукцыі прам-сці краіны, а рэнтабельнасць — 10,6%. Экспарт драўніны і вырабаў з яе мае тэндэнцыю росту і ў 2002 дасягнуў 340 млн.дол., што склала 4,2% экспартнай прадукцыі краіны.
Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Базавымі яе прадпрыемствамі з’яўляюцца леспрамгасы, якія ажыццяўляюць нарыхтоўку драўніны і вываз лесаматэрыялаў непасрэдна да шляхоў транспарту і на склады лесапільна-дрэваапр. прадпрыемстваў і інш. спажыўцоў сыравіны. Леспрамгасы разам з асн. вытв-сцю маюць дадатковую і пабочную (падсочка хвоі, здабыча пнёвага асмолу, шпалапілаванне, вуглевыпальванне і інш.). Лесанарыхтоўкі вядуць таксама Мін-ва лясной гаспадаркі і інш. ведамствы, якія валодаюць і карыстаюцца лясным фондам.
У пасляваенны перыяд (1945—65) 68 леспрамгасаў вялі прамысл. лесанарыхтоўкі ў аб’ёме, які перавышаў магчымасці штогадовай разліковай лесасекі ў 1,5—2 разы, што прывяло да вычарпання лесасыравіннай базы і парушэння аптымальнай узроставай структуры лясоў. У выніку аб’ём высечак гал. карыстання істотна скараціўся. У 1990—2002 агульны аб’ём лесакарыстання склаў 10—13 млн.м³, што менш за палову сярэдняга прыросту драўніны. Лесанарыхтоўкі ажыццяўляюць 15 леспрамгасаў канцэрна «Беллеспаперапрам», 94 лясгасы Мін-ва лясной гаспадаркі, інш.юрыд. асобы, якія маюць ліцэнзію на вядзенне такіх работ. У перспектыве да 2015 з паляпшэннем узроставай структуры лясоў аб’ём лесанарыхтовак будзе нарастаць і складзе 19—20 млн.м³.
Дрэваапрацоўчая прамысловасць — самая буйная галіна лясной прам-сці; на яе долю прыпадае 69,5% агульнага аб’ёму прадукцыі. Вырабляе піламатэрыялы, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты, паркет, аконныя пераплёты, дзверы, буд. драўляныя канструкцыі, габляваныя матэрыялы, запалкі, драўляныя дэталі для вагона-, судна- і аўтамабілебудавання, мэблю, спарт. інвентар і інш. У структуры дрэваапр. прам-сці вядучая роля належыць мэблевай прам-сці, якая ў асноўным сканцэнтравана на 26 буйных спецыялізаваных прадпрыемствах канцэрна «Беллеспаперапрам». Найбуйнейшыя з іх: ААТ Бабруйская мэблевая ф-ка, «Барысаўдрэў», «Віцебскдрэў», «Віцебскмэбля», «Гомельдрэў», Гомельская мэблевая ф-ка «Прагрэс», Гродзенская мэблевая ф-ка, «Івацэвічдрэў», Калінкавіцкая мэблевая ф-ка, «Мінскмэбля», «Мінскпраектмэбля», «Магілёўдрэў», «Мазырдрэў», «Мастоўдрэў», «Палатэск», «Рэчыцадрэў», «Слоніммэбля», «Слуцкмэбля»; ЗАТ «Бабруйскмэбля», «Маладзечнамэбля», «Пінскдрэў» і інш. Абнаўляецца вытв. база, пашыраецца асартымент, павышаецца канкурэнтаздольнасць мэблі. Значная частка мэблі экспартуецца.
Развіваецца лесапілаванне, вытв-сць фанеры і драўняных пліт. У лесапільнай вытв-сці за кошт комплекснай механізацыі і аўтаматызацыі тэхнал. працэсаў павышаецца вытв-сць піламатэрыялаў, у дрэваапрацоўчай — клеенай і габляванай прадукцыі. Асвойваюцца новыя ўстаноўкі для сушкі піламатэрыялаў з франтальнай загрузкай, якія аснашчаны камп’ютэрнай тэхнікай з праграмным кіраваннем тэхнал. працэсам, што дазваляе аптымізаваць рэжым работы ўстановак, расход цяпла і электраэнергіі, павысіць якасць прадукцыі. Удасканальваецца тэхналогія вытв-сці драўнянастружкавых і драўнянавалакністых пліт, што дазваляе атрымліваць канструкцыйныя матэрыялы новага тыпу, ужыванне якіх у мэблевай прам-сці павышае канкурэнтаздольнасць прадукцыі на знешнім рынку. На фанерных прадпрыемствах ажыццяўляецца тэхн. пераўзбраенне на аснове ўкаранення высокавытв. ліній лушчэння і сячэння шпоны, абсталявання па зрошчванню, што пашырае асартымент фанеры і зніжае энерга- і матэрыялаёмістасць вытв-сці.
Для тэхн. пераўзбраення выкарыстоўваюцца інвестыцыі замежнага капіталу, арганізуюцца сумесныя прадпрыемствы («Беларуска-брытанскае прадпрыемства «Белпаркет» і «Белшпона», Беларуска-германскае «Сымона-плюс» і інш.), што павышае канкурэнтаздольнасць прам-сці на знешнім і ўнутр. рынках.
Цэлюлозна-папяровая прамысловасць спецыялізуецца на выпуску кардонна-папяровай прадукцыі. Яе доля ў структуры валавой прадукцыі лесапрамысловага комплексу ў 2002 склала 18,6%. Вырабляе цэлюлозу, кардон, паперу і прадукты іх перапрацоўкі (шпалеры, школьныя сшыткі, кардонную тару і інш.). Уключае ААТ: Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, «Гомельшпалеры», папяровыя ф-кі «Чырвоная зорка» ў Чашніках, «Спартак» у Шклове, «Герой працы» ў Добрушы, кардонныя фабрыкі маладзечанскую «Раёўка», у Пухавічах, УП папяровая ф-ка «Дзяржзнак» у Барысаве і інш. Для вытв-сці паперы і кардону выкарыстоўваецца як мясц. сыравіна (цэлюлоза, драўняныя балансы, макулатура, рыззё), так і прывазное, у асн. цэлюлоза, якая завозіцца з Расіі, ЗША і інш. Выпуск цэлюлозы ў 2001 склаў 51 тыс.т, паперы — 51,5 тыс.т, кардону — 165 тыс.т.
Прыярытэтны кірунак развіцця — стварэнне ўласнай вытв-сці сульфатнай беленай цэлюлозы, што дазволіць пашырыць наменклатуру кардонна-папяровай прадукцыі, павысіць яе якасць і канкурэнтаздольнасць, панізіць залежнасць ад імпарту цэлюлозы. Значная ўвага аддаецца развіццю вытв-сці па выпуску паўфабрыкатаў высокага выхаду (драўнянай масы), што пашырыць магчымасці выкарыстання нізкаякаснай драўніны розных дрэвавых парод. Намечана будаўніцтва 2-й чаргі Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната і ф-кі газетнай паперы ў Шклове.
Лесахімічная прамысловасць на Беларусі развіта параўнальна слаба і прадстаўлена ААТ «Лесахімік» (б. Барысаўскі лесахімічны з-д). На яго долю прыпадае 1,4% валавой прадукцыі лесапрамысловага комплексу. Вырабляе каніфоль, шкіпінар (тэрпенцінавае масла), дубільныя экстракты, каніфольныя кляі, лакафарбавую прадукцыю. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць пнёвы асмол, хваёвую жывіцу. Плануецца павелічэнне нарыхтоўкі жывіцы, каб атрымліваць больш жывічнай каніфолі, шкіпінару, пакосту, у т. л. на экспарт.
Літ.:
Повышение эффективности использования лесосырьевых ресурсов БССР. Мн., 1989;
Янушко А.Д. Лесное хозяйство Беларуси: (История, экономика, проблемы и перспективы развития). Мн., 2001;
Экономические проблемы развития деревообрабатывающей промышленности. Мн., 2002;
Экономическая история Беларуси. 2 изд., Мн., 2004.
А.Д.Янушка.
Выпуск важнейшых відаў прадукцыі лесанарыхтоўчай, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Віды прадукцыі
1940
1960
1980
1990
1995
2000
2001
2002
2003
Вывазка дзелавой драўніны, млн.м³
6,1
5,0
5,6
6,2
4,4
5,3
5,5
6,0
6,5
Піламатэрыялы, млн.м³
1,6
3,0
2,9
3,1
1,7
2,3
2,1
2,2
2,3
Драўнянастружкавыя пліты, тыс.м³
—
7,3
377
524
283
295
311
316
375
Драўнянавалакністыя пліты, млн.м³
0,7
3,0
30,1
42,4
26,4
44,6
49,7
52,2
58,2
Фанера клееная, тыс.м³
253,9
169,7
212
192
94
126
138
168
—
Цэлюлоза, тыс.т
—
—
11,3
36,8
34,9
55,9
58,1
59,2
60,6
Папера, тыс.т
51,3
69,2
189
198
27
44
51
54
68
Кардон, тыс.т
9,8
32,4
192
219
106
176
165
165
174
Шпалеры, млн. умоўных кускоў
—
—
70
122
40
84
87
94
—
Выраб фанеры на Бабруйскім фанерна-дрэваапрацоўчым камбінаце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЯ ЛІТАРАТУРА
Бел. літаратура сярэдзіны 18—19 ст. — якасна новы этап у гісторыі бел. прыгожага пісьменства. Яе першыя прыкметы адлюстраваны ўжо ў «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча», у інтымнай лірыцы і грамадзянскай паэзіі, гіст.-мемуарнай прозе эпохі барока. Творы новай літаратуры мелі свецкі характар, і ідэі Асветніцтва займалі ў ёй пануючае становішча. У час інтэнсіўнага фарміравання новай бел. літаратуры шматмоўнасць маст. творчасці выяўлялася праз устойлівае выкарыстанне польскай мовы, адыход ад стараслав., старабел., лац. моў і зварот да народна-гутарковых пластоў бел. мовы. На шляху вяртання ў нацыянальна-моўнае ўлонне тагачасная літаратура прайшла праз польскамоўнае (Ф.Багамолец, А.Нарушэвіч, Ю.У.Нямцэвіч), рускамоўнае (Г.Каніскі) і лацінамоўнае (М.Карыцкі) выяўленне класіцызму, зведала сентыменталізм (Ф.Князьнін), асвоіла рамантызм (Т.Лада-Заблоцкі, А.Міцкевіч, А.Ходзька і інш.), заклала асновы рэалізму (А.Плуг, У.Сыракомля). Паралельна з гэтым узнікалі беларускамоўныя творы, якія ў 1-й пал. 19 ст. вызначаліся стылявым сінкрэтызмам, хоць адраджэнскія тэндэнцыі спрыялі рамант. светаўспрыманню і замацаванню пануючага становішча паэзіі. Калі ў даўняй літаратуры асн. месца належала прозе, то цяпер яно канчаткова перайшло да паэзіі і драматургіі. Распрацоўваліся жанры травесційнай («Энеіда навыварат», прыпісваецца В.Равінскаму) і парадыйнай («Тарас на Парнасе») паэмы, гутаркі, быліцы («Купала», «Халімон на каранацыі» В.Дуніна-Марцінкевіча), балады («Нячысцік» А.Рыпінскага), вершаванай драматург. сцэнкі («Яжовыя» Я.Чачота), лірычнага верша (П.Багрым, Ф.Багушэвіч, Я.Баршчэўскі, Я.Вуль, В.Каратынскі, Я.Лучына, У.Сыракомля і інш.); з празаічных жанраў — апавядання, заснаванага на быт. анекдоце (Ф.Багушэвіч, А.Плуг), мемуараў (А.Абуховіч). З’явіліся першыя спробы гіст. нарыса бел. літаратуры (прадмова Р.Падбярэскага да зб. Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»).
Складанасць і супярэчлівасць развіцця літаратуры Беларусі з 1740-х г. у значнай ступені абумоўлена імклівым чаргаваннем крызісных з’яў і паліт. падзей на тэр. Рэчы Паспалітай (шляхецкая анархія, дэцэнтралізацыя ўлады, каралеўскія рэформы, Барская і Таргавіцкая канфедэрацыі, падзелы Рэчы Паспалітай, Канстытуцыя 3 мая 1791, вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі і інш.). Развівалася асветніцка-філас. думка (Б.Дабшэвіч, А.Доўгірд, М.Карповіч, К.Нарбут і інш.), распаўсюджваліся погляды Вальтэра і Ж.Ж.Русо, абнаўлялася адукац. сістэма, адбывалася судакрананне элітарнага і нар. мастацтваў, пашыралася кнігадрукаванне, выспяваў краёвы патрыятызм пры шматмоўным спосабе выяўлення думкі, шырокім бытаванні польскай мовы ў бел. грамадстве і захаванні бел. гаворак у асяроддзі сялян і шляхты. У культ. жыцці важнае месца займалі тэатр і музыка, а інтэрмедыі школьных тэатраў сталі важкім аргументам для захавання за бел. мовай статуса літаратурнай. Традыцыі школьнага тэатра, інтэрмедыі і нар. драматургіі набылі развіццё ў «Камедыі» выкладчыка Забельскага калегіума К.Марашэўскага (нап. 1787). У ёй выявілася пазітыўнае, гуманіст. стаўленне да мужыка, якое абуджала цікавасць да нар. жыцця і яго духоўнага напаўнення, выяўленага ў мове. Твор своеасабліва сінтэзаваў старыя традыцыі і новыя, асветніцкія тэндэнцыі: з аднаго боку, прасочваецца залежнасць ад барочнай драмы-маралітэ (біблейскі матыў, павучальны фінал); з другога — праўдзіва адлюстроўваюцца супярэчнасці прыгоннай вёскі, умовы жыцця бел. сялянства. Мацей Радзівіл стварыў лібрэта оперы «Агатка, або Прыезд Пана» (1784), якое выявіла бел. ментальнасць і абазначыла традыцыі нац. драматургіі, развітыя пазней у творах В.Дуніна-Марцінкевіча. Батлейкавы тэатр у 18 ст. зазнаў прынцыповыя змены: яго рэпертуар стаў больш свецкім, набыў рысы дэмакратычнасці; рэліг. па змесце застаўся толькі пралог. Наладжваліся паказы драмы «Цар Ірад», нар. камедыі «Мацей і доктар-шарлатан» і інш. Лепшыя традыцыі батлейкавага тэатра працягваліся і ў 19 ст. («Цыган і цыганка», «Антон з казой і Антоніха»).
У рознастылёвай шматмоўнай літаратуры Беларусі сцвярджаўся класіцызм (Ф.Багамолец, К.Марашэўскі, М.Цяцерскі і інш.) і сентыменталізм (Ф.Князьнін), працягваліся традыцыі барока (Ю.Бака, К.Беніслаўская) і перадрамантычныя тэндэнцыі (А.Нарушэвіч); узнікалі вершаваныя ўзоры, арыентаваныя на жывую нар. гаворку (І.Храптовіч) і стылізаваныя пад творы стараж.бел. паэзіі (вітанні каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму), з’явіліся рускамоўныя творы прыезджых аўтараў (І.Сакольскі), распаўсюджвалася ананімная і агітацыйна-паўстанцкая літаратура і г.д.Бел. паэзія 2-й пал. 18 ст. адметная пашырэннем бурлескна-сатыр. твораў, якія дасціпна парадзіравалі біблейскія сюжэты («Того дня вельмі слаўного», «Уваскрэсенне Хрыстова і сашэсце яго ў пекла»).
Далучэнне Беларусі да Рас. імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. выклікала лёсавызначальнае ўскладненне грамадска-культ. жыцця і духоўных пошукаў беларусаў: у шляхецкім асяроддзі пачало нарастаць імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Нац.-вызваленчы рух, паўстанні 1830—31 і 1863—64 фарміравалі лакальна-гіст. і мясц. патрыятызм, а разам з гэтым падводзілі да беларускамоўнага адраджэння літаратуры, якое адбывалася ва ўмовах паланізацыі і русіфікацыі грамадства. Да 1820-х г.літ. жыццё Беларусі працягвала развівацца ў рэчышчы Асветніцтва. Аўтары па-ранейшаму прытрымліваліся яго гал. кірунку — класіцызму. У жанры травесціі (бурлеска) напісана парадыйна-сатыр. паэма «Энеіда навыварат» (каля 1820-х г.), што ўзнікла як дэмакр. рэакцыя на класіцызм. Твор напоўнены рэаліямі бел. жыцця часоў прыгонніцтва. Аўтар дэманструе дасканалае веданне бел. фальклору, вял. выяўленчыя магчымасці бел. мовы. У ананімнай паэме «Тарас на Парнасе» (сярэдзіна 19 ст.) упершыню ў бел. літаратуры апавяданне вядзецца ад імя простага селяніна. Твор адстойваў сапраўдную народнасць літаратуры, сцвярджаў неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства. Абедзве паэмы прасякнуты нар. гумарам, напісаны жывой гутарковай мовай; яны істотна паўплывалі на літ. працэс, узмацнілі яго дэмакр. плынь.
Паліт. падзеі адцягвалі грамадскую ўвагу ад літ. праблем, аднак касмапалітычная эстэтыка класіцызму супярэчыла тэндэнцыям пісьменніцкага самавыяўлення, спасціжэння нар. жыцця і маст. адлюстравання з’яў, не асвоеных літаратурай. Расла цікавасць да мясц. гісторыі і вуснай паэзіі, да славянскай даўніны. На старонках віленскіх часопісаў [«Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»), 1817, №34; 1818, т. 1, №5] пачалі друкавацца фалькларыстычныя працы М.Чарноўскай, К.Ляха-Шырмы і інш. Даследчыкі ставілі асветніцкія задачы ў справе назапашвання і вывучэння вусна-паэт. спадчыны. Праца З.Даленгі-Хадакоўскага «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818) змяніла асветніцкае стаўленне да фалькл. творчасці. Перагляд застылых эстэт. нормаў класіцызму, што не дапускалі ўзаемадзеяння літаратуры і вуснай паэзіі, асабліва ў «высокіх» жанрах, быў здзейснены ў краі філаматамі, членамі нелегальнага студэнцкага згуртавання, і найбольш таленавіта — у паэзіі А.Міцкевіча, першая кніга якога «Балады і рамансы» (1822) распачынала новы рамант. кірунак у польскамоўнай літаратуры былога ВКЛ і ва ўсёй польскай літаратуры. Бел.нар. паэзія ўвайшла ў творчасць А.Міцкевіча арганічна і натуральна. Рамант. асваенне беларускамоўнай вуснапаэт. творчасці адкрыла перад пісьменнікам магчымасці разнастайнага літаратурна-фалькл. ўзаемадзеяння, што найперш выявілася ў баладах «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка» (усе 1822). З’яўленне А.Міцкевіча ў друку з паэзіяй рамант. складу паўплывала на рост пісьменніцкай цікавасці да вусна-паэт. набытку беларусаў, выклікала да жыцця значную колькасць твораў, заснаваных на бел.фалькл. матэрыяле найперш у філамацкім асяроддзі (Т.Зан, А.Петрашкевіч, А.Ходзька, Я.Чачот), а пасля ў інш. паэтаў (А.Грот-Спасоўскі, Т.Лада-Заблоцкі і інш.). Гэта прадвызначыла збліжэнне «кніжнай» і нар. творчасці, а таксама характар узаемадзеяння літаратуры і фальклору ў наступныя дзесяцігоддзі. У 1840—50-я г. судакрананне польскамоўнай пісьмовай і беларускамоўнай вуснай сфер маст. свядомасці спрыяла з’яўленню самабытных твораў, істотна ўплывала на дэмакратызацыю літаратуры. Бел. літаратары пільней прыглядаліся да сялянства. Сустрэчны рух літаратуры і фальклору забяспечваўся і паскараўся фалькларыстыкай, развіццё якой на Беларусі перапляталася з творчасцю пісьменнікаў. Адной з цэнтр. постацей літ.-грамадскага руху быў Я.Чачот. Ён сабраў больш за 1000 бел.нар. песень і выдаў іх у перакладзе на польскую мову пад назвай «Сялянскія песні» (кн. 1—6, 1837—46), зарыентаваўшы выданне на чытача, выхаванага на кніжнай культуры. У вершаваных творах Я.Чачота, стылізаваных пад бел. фальклор, назіраецца імкненне зрабіць вусна-паэт. творчасць беларусаў здабыткам спачатку польскамоўнага, а затым і беларускамоўнага чытача. А.Рыпінскі выдаў у Парыжы кнігу фалькл.-этнагр. матэрыялаў «Беларусь» (1840) і прысвяціў яе «першаму з беларускіх мужыкоў, які спачатку навучыцца чытаць, а потым гаварыць і думаць па-польску», імкнучыся падключыць самабытную творчасць землякоў да сферы жыўлення польскага рамантызму народнасцю. Упершыню ў гісторыі беларусістыкі даследчык сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы.
Калі раней актуальным было збліжэнне з вуснай нар. традыцыяй, то ў 2-й пал. 19 ст. важным стала размежаванне з ёю. Пачалі складвацца маст. індывідуальнасці. На стыку літ. і вуснапаэт. традыцый напісана беларускамоўная рамант. балада «Нячысцік» А.Рыпінскага (Лондан, 1853). Твор, стаўшы з’явай бел.-польскага літ.-фалькл. ўзаемадзеяння, даў пачатак бел. баладзе і завяршыў бытаванне жанру рамант. балады. Баладная традыцыя ў маст. асэнсаванні бел.фалькл. матэрыялу праявілася ў творчасці Я.Баршчэўскага (вершы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»). Яго зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844—46), у якім шмат беларускамоўных уставак, адыграў важную ролю ў раскрыцці розных бакоў жыцця бел. народа, гістарычна абумоўленых асаблівасцей яго светаўспрымання і маральна-псіхал. складу. Твор раскрыў шырокаму колу чытачоў багатую скарбніцу нар. фантастыкі. Творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, пісьменніка беларускамоўнай арыентацыі, адметная заглыбленасцю ў этнакультурную стыхію бел. народа. У.Сыракомля ў варшаўскай перыёдыцы падтрымаў яго бел. творчасць: у рэцэнзіях на п’есы «Гапон», «Вечарніцы», «Купала» ў сувязі з адраджэннем нац. літаратуры ён звярнуўся да прыкладаў з гісторыі і падкрэсліў, што бел. мова не заўсёды была пазбаўлена тых правоў, у якіх ёй адмаўлялі ў сярэдзіне 19 ст., і што хавальнікі яе — толькі сялянства і дробная шляхта. Палемізуючы з варшаўскім грамадскім дзеячам Ф.Скібіцкім адносна выдання твораў В.Дуніна-Марцінкевіча «на простанароднай гаворцы», У.Сыракомля развейваў скептыцызм у дачыненні да бел. мовы. Сам У.Сыракомля далучыўся да бел. літаратуры вершамі «Добрыя весці», «Ужо птушкі пяюць усюды» і ментальна-бел. напоўненасцю сваіх польскамоўных твораў; ён падтрымліваў таксама беларускамоўную творчасць В.Каратынскага, які ў паэме «Таміла» (1858) у масіве польскай мовы па-мастацку асвоіў бел. матэрыял, што стварала прэцэдэнт сумяшчальнага суаднясення дзвюх традыцый і ментальнасцей. Праблема ўсебаковага літ. выкарыстання бел. мовы ў сярэдзіне 19 ст. паўстала з асаблівай вастрынёй, калі ў перыёдыцы з’явіліся палемічна-публіцыстычныя матэрыялы, у якіх завастралася ўвага на магчымасці стварэння на нац. мове паўнавартасных маст. твораў. Гэтую праблему ўзнімалі тыя пісьменнікі, у творчасці якіх даволі шырока замацавалася двухмоўнасць. У 1-й пал. 19 ст. пісьменнікі карысталіся пераважна польскай і бел. мовамі, часам рус. (П.Шпілеўскі, В.Равінскі і інш.). У 18 ст. эстэтыка класіцызму дапускала выкарыстанне побач з іншымі жывой бел. мовы, але толькі ў «нізкіх» жанрах (інтэрмедыя, камедыя, пародыя). Білінгвальныя творы, а таксама ананімныя вершы і песні, напісаныя па-беларуску, сведчылі аб адыходзе бел. пісьменства ад старабел. кніжнай мовы і яго звароце да народна-гутарковых пластоў. Полілінгвальная літаратура Беларусі пакінула рэдкія (пераважна рукапісныя) прыклады выкарыстання бел. мовы ў высокіх маст. жанрах (верш-віншаванне «Всем многі век в новой хаці...» І.Храптовіча, верш «Шчоб ліха не знало дом Радзівілаў...» Станіслава Аўгуста Панятоўскага на прыезд у Дубай пад Пінскам караля Рэчы Паспалітай).
Да сярэдзіны 19 ст. ў бел. літаратуры выявілася апрабаваная раней білінгвальнасць у межах аднаго твора. Беларуска-польскімі ў моўных адносінах з’яўляюцца «Камедыя» К.Марашэўскага (1787), інтэрмедыі да школьных драм. макаранічныя вершы, змешчаныя ў кнізе А.Рыпінскага «Беларусь» («Плач пакінутага каханай», «За пекнай паненкай аж душа сумуе»), лібрэта камедыйнай оперы В.Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1846) і вершаваная сатыр. мініяцюра І.Легатовіча «Скажы, вяльможны пане» (1838), якая несла ў сабе адраджэнскі патэнцыял беларускамоўнасці. Пачатак 1850-х г. адметны супярэчнасцямі паміж тэндэнцыяй да станаўлення новай нац. літаратуры як самаст. і адсутнасцю бел. друкаванай трыбуны. Верш П.Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы» быў змешчаны ў мемуарнай кнізе І.Яцкоўскага «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» (Лондан, 1854; Познань, 1859), а ўрывак з камедыйнага лібрэта А.Вярыгі-Дарэўскага «Грэх чацвёрты — гнеў» — на старонках варшаўскага часопіса «Ruch Muzyczny» («Музычны рух», 1859). В.Дунін-Марцінкевіч змяшчаў вершаваныя аповесці на бел. мове толькі ва ўласных двухмоўных кнігах — «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны» (абедзве 1855), «Цікавішся? — Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Ён паэтызаваў духоўную прыгажосць і высакароднасць сялян, гіст. мінулае свайго краю, адначасова імкнуўся да праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці, раскрыцця індывід. асаблівасцей характару чалавека ў адпаведнасці з сац. асяроддзем («Халімон на каранацыі»). Паводле ўзору кніг В.Дуніна-Марцінкевіча В.Каратынскі намерваўся скласці з вершаў на польскай і бел. мовах свой першы паэт. зборнік «Чым хата багата, тым рада» (выд. 1857), аднак У.Сыракомля, які адчуваў лёсавую патрэбу выхаду бел. друкаванага слова на самаст. шлях, схіліў яго адкласці бел. вершы дзеля выдання супольнай кнігі. Задума не здзейснілася па аб’ектыўных прычынах. Не дайшоў да чытачоў сярэдзіны 19 ст. і пераклад В.Дуніна-Марцінкевіча на бел. мову дзвюх песень паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Шырока распаўсюджваліся толькі нелегальна выдадзеныя вершаваныя гутаркі («Гутарка старога дзеда», 4 выпускі «Гутаркі двух суседаў»), узнікненне якіх было абумоўлена выспяваннем новых грамадскіх з’яў і агітацыйнымі мэтамі напярэдадні паўстання 1863—64. Найб. распаўсюджаным агітацыйным антыцарскім выданнем на Беларусі перад паўстаннем была газета «Мужыцкая праўда» (№1—7, 1862—63). Публіцыстыка К.Каліноўскага на старонках гэтай газеты і яго эмацыянальны паліт. запавет «Лісты з-пад шыбеніцы» разам з прадчуваннем аптымістычнай перспектывы прынеслі ў нац. літаратуру жанравае і стылёвае ўзбагачэнне. Дзейнасць К.Каліноўскага паўплывала на тое, каб творы на бел. мове адрасаваліся ўжо не толькі мужыку, як у В.Дуніна-Марцінкевіча, а ўсяму народу (хоць і праз вобраз мужыка), як у Ф.Багушэвіча. Паўстанне 1863—64 стала мяжою, якая падзяліла літ. працэс на два перыяды: у першым беларускамоўныя творы цесна суіснавалі з іншамоўнымі (найперш з польскамоўнымі), у другім адбылася дыферэнцыяцыя ўласна бел. літаратуры і яе самаўсведамленне.
Пасля падаўлення паўстання ўлады практычна забаранілі бел. друкаванае слова, што істотна прыпыніла літ. працэс. Арыгінальныя бел.маст. творы друкаваліся пераважна за мяжой, акрамя зб. Я.Лучыны «Вязанка», які выйшаў у 1903 у Пецярбургу, паэмы «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902), паасобных твораў А.Ельскага, М.Косіч. Разам з гэтым развівалася грамадска-паліт. думка, якая сведчыла пра якасна новы ўзровень самаўсведамлення беларусаў: «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь» Д.Баравіка (1882), «Пасланне да землякоў-беларусаў» Шчырага Беларуса (1884), два нумары гектаграфічнага часопіса «Гомон» (1884). У канцы 19 ст.маст. жыццё часта абмяжоўвалася вуснай ці рукапіснай формай. Ніводнага беларускамоўнага твора не апублікавалі пры жыцці А.Абуховіч, А.Гурыновіч, Ф.Тапчэўскі. У 1891 у Кракаве выйшаў зб. Ф.Багушэвіча «Дудка беларуская» (перавыд. 1896), які засведчыў, што адраджэнскія тэндэнцыі ператварыліся ў адраджэнскі патэнцыял бел. літаратуры, якая выйшла нарэшце на самаст. шлях. У 1892 Ф.Багушэвіч выпусціў там жа апавяд. «Тралялёначка». За мяжой быў выдадзены і другі яго вершаваны зб. «Смык беларускі» (1894).
У мясц.перыяд. друку (газ. «Минский листок», «Паўночна-Заходні каляндар на 1893 год») пачынаючы з 1891 змяшчаў беларускамоўныя вершы Я.Лучына. А.Ельскі выдаў у Пецярбургу вершаваныя і празаічныя брашуры «Сынок! Расказ з праўдзівага здарэння: Усім бацькам і дзецям для перасцярогі» (1895), «Выбіраймася ў прочкі! Скарэй у Томск!» (1896), «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы: Добраму беларускаму народу на пакрапленне яго душы і розуму...» (1900). У польскай перыёдыцы вершаваныя творы друкавалі Ф.Багушэвіч, А.Ельскі, Я.Лучына, З.Манькоўская, В.Савіч-Заблоцкі. Арыентаваныя на дэмакр. чытача Ф.Багушэвіч і Я.Лучына не прымалі самадзяржаўную арганізацыю жыцця ў парэформенны час. У цэнтр увагі сваіх твораў яны ставілі селяніна, але рабілі гэта па-рознаму: Ф.Багушэвіч раскрываў сац. пытанні вёскі ў проціпастаўленнях і кантрастах, Я.Лучына закранаў іх ускосна ці апасродкавана, праз унутр. перажыванні героя. Гэта ўзбагачала літаратуру, у якой пераважала паэзія апавядальна-гутарковага характару. Аднак узнікалі вершы публіцыстычнага (А.Гурыновіч) і саркастычнага складу (Ф.Тапчэўскі). У творчасці Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Я.Лучыны рэалізоўваліся рэалістычны і рамантычны пачаткі. На першы план выходзілі спробы аб’ектыўнага канкрэтна-рэаліст. паказу жыцця ў тыповых абставінах. Значную ўвагу паэты сталі аддаваць маст. перакладу (А.Гурыновіч, А.Ельскі, М.Косіч, Я.Лучына, З.Манькоўская), у якім назіралася ўсвядомленая пераемнасць традыцый (выданне перакладу 1-й кнігі «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, здзейсненага А.Ельскім, як рэакцыя на канфіскацыю перакладу В.Дуніна-Марцінкевіча). Развівалася беларусазнаўства (А.Ельскі), якое ўплывала на актывізацыю бел.літ. руху. У апошняй чвэрці 19 ст. паўстала патрэба ў напісанні гісторыі літаратуры Беларусі. Дзякуючы А.Рыпінскаму, які збіраў матэрыялы і распачаў працу над біяграфіямі пісьменнікаў, што «нарадзіліся на Белай Русі, або таксама пра яе пісалі на абедзвюх мовах нашай правінцыі, як польскай, так і русінскай», захаваліся яго копіі твораў «Адвячорак» Г.Марцінкевіча і «Два д’яблы» (прыпісваецца К.Вераніцыну). У 1889 у газ. «Минский листок» упершыню апублікавана паэма «Тарас на Парнасе», якая да гэтага шырока распаўсюджвалася ў спісах і стала фактам сведчання выхаду бел. сціпласялянскай літаратуры на новы ўзровень.
Устойлівасць міфал. светаўспрымання як прыкмета бел. архетыпа была гарантыяй вяртання маст. творчасці ўраджэнцаў Беларусі ў нац. беларускамоўнае ўлонне. Бел. літаратура 19 ст. — маст. феномен на гістарычна-культ. шляху і назапашаны патэнцыял для беларускамоўнага адраджэння ў пачатку 20 ст. Рэвалюцыянізацыя грамадства была прычынай звязвання нац. ідэі з абвостранай увагай да сац. праблем, перапляценнем у літаратуры сац. крыўды і нац. самаўсведамлення, руху літаратуры ад класавага салідарызму (у 1-й пал. 19 ст.) да класавага процістаяння як нац. дыферэнцыяцыі (у канцы 19 — пач. 20 ст.).
У.І.Мархель.
Тытульны ліст паэмы «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча. Парыж. 1834.Тытульны ліст кнігі В.Дуніна-Марцінкевіча «Гапон». Мінск. 1855.Фрагменты артыкула К.Каліноўскага на старонках газеты «Мужыцкая праўда». 1862. №1.Аўтограф верша «Мая дудка» Ф.Багушэвіча. 1890.