павелічэнне (змяншэнне) значэнняў функцыі пры павелічэнні значэнняў яе аргумента. Функцыя y = 𝑓(x) наз. нарастальнай (спадальнай) на адрэзку
[a, b],
калі для любых x1 і x2, такіх, што a ≤ x1 ≤ x2 ≤ b, выконваецца няроўнасць 𝑓(x1) < 𝑓(x2) [адпаведна 𝑓(x1) > 𝑓(x2)]. Дыферэнцавальная функцыя з’яўляецца нарастальнай (спадальнай) на зададзеным інтэрвале, калі яе вытворная ў кожным пункце гэтага інтэрвалу дадатная (адмоўная). Напр., функцыя y = x2 спадае на інтэрвале (−∞,0) і нарастае на інтэрвале (0, +∞).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЮСТ (ад ням. Wollust сладастраснасць),
сладастраснае пачуццё, якое ўзнікае ў час палавога акта. Пры фрыкцыях у час палавой блізкасці ў партнёраў адбываецца нарастанне спецыфічных адчуванняў, што прыводзіць да макс. сексуальнага ўзбуджэння і аргазму. У залежнасці ад псіхаэмацыянальнага і фіз. стану чалавека волюст мае розныя пачуццёвыя адценні: ад вельмі прыемных і востраўзбуджальных да згладжаных, а пры некаторых захворваннях нерв. сістэмы або палавых органаў — да хваравіта-раздражняльных. Аслабляюць інтэнсіўнасць волюсту алкагольнае ап’яненне, захворванні палавой сферы, сексуальныя дысфункцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙФ ГЕ́НАЎ, генетыка-аўтаматычныя працэсы ў папуляцыі,
змяненне генет. структуры (частаты генаў) папуляцыі ў выніку выпадковых прычын. Тэрмін Д.г. прапанаваў амер. генетык С.Райт (1931). Праяўляецца звычайна пры невял. колькасці папуляцыі (напр., рэзкім яе скарачэнні ў выпадку стыхійных бедстваў, развіцці эпізаотый і інш.). Пад дзеяннем Д.г. узмацняецца працэс гомазігатызацыі структуры папуляцыі, што нарастае з памяншэннем яе колькасці. Нарастанне абумоўлена павелічэннем частаты блізкароднасных скрыжаванняў у невял. папуляцыях, калі ў выніку выпадковых ваганняў частот асобных генаў адбываецца замацаванне адных алеляў пры адначасовай страце іншых. Некат. з атрыманых гомазіготных формаў у новых умовах асяроддзя могуць стаць прыстасавальна каштоўнымі і дзякуючы адбору атрымаць вял. пашырэнне пры наступным павелічэнні колькасці папуляцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРУЛЯ́ЦЫЯ,
стадыя зародкавага развіцця жывёльных арганізмаў, калі адбываецца пераўтварэнне аднаслойнай бластулы ў мнагаслойную гаструлу. Настае пасля заключнай фазы драбнення аплодненага яйца (бластуляцыі) і папярэднічае інтэнсіўнаму зародкаваму арганагенезу. У працэсе гаструляцыі дэтэрмінацыя і дыферэнцыроўка бластамераў прыводзяць да ўтварэння двух-, а потым трохслойнай сценкі зародка. Залежна ад тыпу яйцаклеткі, спосабу драбнення і віду бластулы гаструляцыя адбываецца шляхам інвагінацыі (выгінанне вегетатыўнага полюса бластулы ўнутр), эпібаліі (нарастанне анімальнай часткі бластулы на вегетатыўную), іміграцыі (высяленне клетак бластадэрмы ў поласць бластулы), дэламінацыі (расшчапленне бластадэрмы на 2 слоі). Трэці зародкавы лісток (мезадэрма) утвараецца з бакавых губ першаснай ротавай адтуліны ці іх аналагаў. У большасці жывёл працэс гаструляцыі камбінаваны; у хордавых у выніку яго фарміруецца восевы комплекс зачаткаў хорды, нерв. і кішачнай трубак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РКАў раслін,
покрыўная тканка, вонкавая частка кары. Штогод нарошчваецца з адмерлых паверхневых слаёў перыдэрмы. Складаецца з корку, фелагену, феладэрмы, парэнхімы кары і інш. адмерлых тканак. Паяўляецца на сцёблах і каранях раслін у розны час (напр., у вінаграднай лазы — на 1-ы год, у яблыні, грушы — на 6—8-ы, у дуба — на 25—30-ы год). Нарастанне шматгадовага сцябла ў таўшчыню прыводзіць да растрэсквання перыферычнай ч. К., злушчванню з паверхні і нарастанню знутры (таму ствалы старых дрэў маюць зрэзаную глыбокімі барознамі К., якая скідваецца). Утварэнне К. выклікаецца таксама грыбамі, лішайнікамі, мех. пашкоджаннямі перыдэрмы. Ахоўвае ствалы і галіны ад выпарэння, перагрэву, вымярзання, сонечных апёкаў, патагенных арганізмаў, аб’ядання жывёлай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАТЫЗА́ЦЫЯ (франц. xérotisation ад грэч. xēros сухі),
паступовае памяншэнне ступені ўвільгатнення глебы і агульнае нарастанне сухасці ў экасістэмах, ландшафтах і інш. Прычыны — уздзеянне чалавека на глебавае покрыва (абязлесенне тэрыторый, адпампоўванне падземных вод для прамысл. мэт, знішчэнне расліннасці, утварэнне рухомых пяскоў на пашах і інш.). Прычынамі К. сушы могуць быць і прыродныя з’явы, напр., агульнае падняцце раўнінных і інш. участкаў паверхні Зямлі, змена напрамку руху паветраных патокаў (антыцыклонаў, цыклонаў, мусонаў), цыклічныя Змены клімату, абумоўленыя сонечнай актыўнасцю. К. вядзе да змяншэння біял. прадуктыўнасці экасістэм, астэпавання і апустыньвання тэрыторый, перавагі ў фітацэнозах ксерафітаў і інш.Напр., пл. Сахары павялічваецца штогод на 100 тыс.га. Працэсы К. абарачальныя пры ажыццяўленні прыродаахоўных мерапрыемстваў: полеахоўнага лесаразвядзення, павышэння ўрадлівасці глебы, падтрымання воднага балансу ў глебах, арашэння і абваднення, глебаахоўнай агратэхнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫСТЭ́МА (ад грэч. meristos што дзеліцца),
1) утваральная тканка раслін, што доўга захоўвае здольнасць да дзялення і ўтварэння новых клетак, адрозніваецца высокай метабалічнай актыўнасцю. Адны клеткі М. (ініцыяльныя) затрымліваюцца на эмбрыянальнай фазе развіцця і забяспечваюць бесперапыннае нарастанне масы расліны, інш. паступова дыферэнцыруюцца і ўтвараюць пастаянныя тканкі (покрыўныя, праводныя, мех., асн. і інш.). У вышэйшых раслін М. ўзнікае з прамерыстэмы зародка насення і ў далейшым знаходзіцца ў конусах нарастання парастка і кораня, якія неабмежавана растуць сваімі верхавінкамі на працягу жыцця расліны. У працэсе росту часткова захоўваецца ў каранях (перыцыкл), у вузлах парасткаў. Уставачная (інтэркалярная) М. часова захоўваецца ў пупышках, міжвузеллях (асабліва доўга ў злакаў), у аснове чаранка і краявой пласціны ліста (маргінальная М.). Другасныя М. (напр., фелаген, што ўтварае корак, раневая — калус і інш.) узнікаюць у пастаянных тканках.
2) Неспецыфічныя клеткі жывёлы, здольныя да дыферэнцыроўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯДУ́К (франц. viaduk ад лац. via дарога + duco вяду),
маставое збудаванне на высокіх апорах пры перасячэнні дарогі з ярамі, цяснінамі, забалочанымі далінамі рэк. Будуецца часам замест высокіх насыпаў, калі іх стварэнне эканамічна або тэхнічна не мэтазгодна. Паступовае нарастанне вышыні апор (часам і памеру пралётаў) адрознівае віядук ад эстакады. Бываюць віядукі каменныя, металічныя, бетонныя, жалезабетонныя, пераважна шматпралётнай арачнай, радзей бэлечнай канструкцыі. Віядукі вядомыя з часоў Стараж. Рыма, дзе іх будавалі па сістэме арак, выкладзеных з буйных каменных блокаў, што надавала ім суровы манум. выгляд (віядукі каля г. Алькантара ў Іспаніі). З канца 19 ст. будуюць пераважна металічныя і жалезабетонныя віядукі. Канструкцыйныя магчымасці новых матэрыялаў і распрацоўка навук. тэорыі мостабудавання далі магчымасць значна зменшыць аб’ём і масу асн. частак збудавання і паўплывалі на ўзнікненне сучасных віядукаў з адкрытымі канструкцыямі (жалезабетонныя віядукі ў г. Нажан на р. Марна, Францыя, віядук Пальчэвера ў Генуі і інш.).
Старажытнарымскі віядук каля г. Алькантара (Іспанія) цераз р. Таха. 109. Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЗІС (ад грэч. krisis рашэнне, пераломны момант, зыход),
рэзкі, круты пералом у чым-небудзь; цяжкі, пераходны стан у працэсе дыялект. развіцця прыродных і грамадскіх з’яў. У выніку яго развіццё ўступае ў наступную стадыю і працягваецца далей на якасна іншым узроўні. У залежнасці ад маштабаў і характару К. падзяляюцца на частковыя, сістэмныя, агульныя, усеагульныя; прыродныя, псіхал., духоўныя, мед., грамадскія і інш. Грамадскія К. ахопліваюць розныя галіны грамадскага жыцця або гіст. тыпы грамадства (фармацыі, цывілізацыі), ім папярэднічаюць абвастрэнне грамадскіх супярэчнасцей (паміж сац. групамі, класамі, паліт. групоўкамі і г.д.), сац. дэфармацыі, нарастанне цяжкасцей у розных сферах жыццядзейнасці людзей. Найб. цяжкім вынікам крызісных з’яў 1-й пал. 20 ст. сталі 1-я і 2-я сусв. войны. Сусветныя маштабы і значныя сац.-эканам. наступствы меў эканам. К. 1929—33. У канцы 1980—90-х г. крызісныя з’явы ахапілі розныя сферы сац.-эканам. і паліт. жыцця шэрагу краін Усх. Еўропы, Д. Усходу, Пад. Азіі і інш.Гл. таксама Крызіс палітычны, Крызісы ўзроставыя, Крызіс эканамічны, Крызіс экалагічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАГНІ́ЧВАННЕ,
нарастанненамагнічанасці або магнітнай індукцыі магнетыка пры павелічэнні напружанасці знешняга магн. поля. У дыямагнетыках Н. заключаецца ва ўзнікненні мікраскапічных індукцыйных токаў, якія ствараюць намагнічанасць, накіраваную супраць знешняга магн. поля. У парамагнетыках пры Н. адбываецца арыентацыя магн. момантаў атамаў ці іонаў у напрамку поля. У ферамагнетыках Н. складаецца з абарачальнага ці неабарачальнага зруху межаў магн.даменаў, пераарыентацыі іх магн. момантаў у напрамку прыкладзенага поля і парапрацэсу.
Крывая залежнасці намагнічанасці J ад напружанасці H знешняга магн. поля J(H) пры манатонным і павольным нарастанні поля з стану поўнага размагнічвання (J=0) наз. крывой першага Н. ці асн. крывой. На ёй вылучаюць 3 участкі. Першы апісваецца Рэлея законам намагнічвання і змяненні J на гэтым участку ў асноўным абарачальныя. Другі — характарызуецца хуткім неабарачальным ростам J (мае месца магнітны гістэрэзіс). Трэці ўчастак — вобласць магнітнага насычэння. Працэс Н. характарызуецца таксама крывымі цыклічнага перамагнічвання, камутацыйнымі крывымі і інш Па крывых Н. вызначаюць тэхн. характарыстыкі магн. матэрыялаў (намагнічанасць астаткавую, каэрцытыўную сілу, магнітную пранікальнасць і інш.), якія выкарыстоўваюцца пры разліку магнітных ланцугоў.
Р.М.Шахлевіч.
Тыповая асноўная крывая намагнічвання ферамагнітнага матэрыялу: H — напружанасць знешняга магнітнага поля; J — намагнічанасць.