МЕДЫТАТЫ́ЎНАЯ ЛІ́РЫКА,

жанр лірычнай паэзіі, у якім перадаецца роздум над праблемамі жыцця і смерці, дружбы і кахання, чалавека і прыроды і інш. Асаблівае пашырэнне атрымала ў паэзіі сентыменталістаў і рамантыкаў. Да М.л. звярталіся А.​Пушкін, М.​Лермантаў, А.​Блок, М.​Рыльскі, Т.​С.​Эліят, Р.​М.​Рыльке і інш. У бел. л-ры заняла значнае месца ў творчасці М.​Багдановіча («... Шмат у нашым жыцці ёсць дарог», «Мяжы», «...Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы»), які разважаў пра сутнасць жыцця і смерці, класавы падзел грамадства, пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Творы М.л. ёсць у Я.​Купалы («...Пакіньма напуста на лёс свой наракаць», «Мая навука»), А.​Куляшова (цыкл «Маналог»), М.​Танка («Мне здаецца», «...Божа паэзіі»), С.​Дзяргая («Сапраўднае», «Мысль і слова»), А.​Вярцінскага («Дзівак чалавек», «...Абрастаем»), П.​Макаля («...Век з рэактыўнай хуткасцю імкне»). Жанравую актуальнасць сучаснай М.л. вызначае спалучэнне філас. і грамадз. аспектаў.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЧО́НЫХ (Аляксей Елісеевіч) (21.2.1886, в. Олеўка Херсонскага р-на, Украіна — 17.6.1968),

рускі паэт, тэарэтык футурызму. Скончыў Адэскае маст. вучылішча (1906). З 1907 у Маскве, пісаў пейзажы, рабіў літаграфічныя партрэты, шаржы для сатыр. часопісаў. Друкаваўся з 1909. У 1910-я г. пазнаёміўся з У.​Маякоўскім і В.​Хлебнікавым, якія паўплывалі на раннюю творчасць К. У 1912 далучыўся да літ.-маст. групы кубафутурыстаў. Першыя зб-кі «Гульня ў пекле» (з Хлебнікавым) і «Старадаўняе каханне» (абодва 1912). Спрабаваў стварыць новую паэт. мову — заум, якую выводзіў ад нар. замоў, гласалій сектантаў, прамовы і дзіцячай мовы: тэарэт. зб-кі «Слова як такое», «Д’ябал і моватворцы» (абодва 1913), «Тайныя заганы акадэмікаў» (1916), «Зрухалогія рускага верша» (1922), «Апакаліпсіс у рускай літаратуры» (1923) і інш. Паэт. зб-кі «Памада», «Узарваль», кн. «Пачнем наракаць» (усе 1913) — узоры гукавой і графічнай заумі. Распрацаваў паэт. тэорыю зруху (кн. «Малахолія ў капоце», зб. вершаў «Лакіраванае трыко», абодва 1919). Аўтар п’ес (п’еса-опера «Перамога над сонцам», паст. 1913, у 1920 паст. К.​Малевічам у Віцебску; «Хуліганы ў вёсцы», 1927, і інш.), фабульных крымін. раманаў у вершах («...Разбойнік Ванька-Каін і Сонька-Манікюрка», 1925; «...Дунька-Рубіха», 1926), кніг любоўнай лірыкі «Іраніяда» і «Рубініяда» (абедзве 1930). Першы даследаваў творчасць У.​Маякоўскага («Вершы У.​Маякоўскага. Выпыт», 1914). Склаў бібліяграфію Б.​Пастарнака (1933), М.​Асеева (1934), выдаваў літ. спадчыну (Хлебнікава і інш.). Пасля 1934 не друкаваўся.

Тв.:

Четыре фонетических романа [Стихи]. М., 1990;

Кукиш пошлякам: Фактура слова;

Сдвигология русского стиха;

Апокалипсис в русской литературе. М., 1992. Наш выход: [К истории рус. футуризма]. М., 1996.

Літ.:

Лившиц Б. Полутороглазый стрелец. Л., 1989;

Алексей Крученых в свидетельствах современников. Мюнхен, 1994.

т. 8, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)