АЛЮ́ЗІЯ (ад лац. allusio жарт, намёк),
адна з стылістычных фігур, намёк на агульнавядомы паліт., гіст. або літаратурны факт. Напр., П.Панчанка ў радках верша «Паэзія» («Кажуць, непатрэбшчына — // Рыфмы нават геніяў. // А што рабіць з трэшчынай? // Помніце? Гейнэ») апелюе да вобразнага выказвання Г.Гейне, што ўсе трэшчыны свету праходзяць праз сэрца паэта. Злоўжыванне алюзіяй можа прывесці да своеасаблівай зашыфраванасці сэнсу твора.
т. 1, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСТЫЛІ́СТЫКА (ад палі... + стыль),
у музыцы, наўмыснае спалучэнне ў адным творы несумяшчальных (рознасных) стылістычных элементаў. Асн. формы П.: цытата (тэмы з твораў П.Чайкоўскага, В.Беліні ў «Ганне Карэнінай» Р.Шчадрына), псеўдацытата (ілюзія «Марша энтузіястаў» І.Дунаеўскага ў 1-й сімф. А.Шнітке), алюзія (намёк; інтанацыі М.Глінкі ў фінале сімф. №15 Дз.Шастаковіча), тэхніка адаптацыі («Пульчынела» на тэмы Дж.Б.Пергалезі І.Стравінскага, «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. В.Капыцько). Характэрнай з’явай П. з’яўляецца калаж (Скерца з сімф. для 8 галасоў з арк. Л.Берыо, 9-я сімф. Дз.Смольскага). Да П. не адносяцца: чужая тэма ў варыяцыях (напр., Варыяцыі А.Лядава на тэму М.Глінкі), выкарыстанне нар. мелодыі (тэма «У полі бярозка стаяла» ў фінале 4-й сімф. П.Чайкоўскага), ці імітацыя яе стылю (хор пасялян з оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна), інструментоўка твораў інш. кампазітараў, некат. віды цытат (мелодыя А.Грэтры ў оперы «Пікавая дама» Чайкоўскага), нявытрыманасць стылю.
Літ.:
Лобанова М.Н. Музыкальный стиль и жанр: История и современность. М., 1990.
В.С.Клакоцкая.
т. 12, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)