ФАРТРА́Н [ад англ. for(mula) tran(slator) формульны транслятар],

адна з першых найб. пашыраных моў праграмавання высокага ўзроўню. Арыентавана на рашэнне навук.-тэхн. задач з дапамогай ЭВМ. Простая ў вывучэнні, зручная для напісання праграм і іх наладкі.

т. 16, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́СЦЕР (англ. tester ад test выпрабаванне, даследаванне),

прылада, сістэма ці праграма для кантролю аб’ектаў даследаванняў (правільнасць функцыянавання, вымярэнне асн. параметраў, прыналежнасць да пэўнага класа і інш.). У вузкім сэнсе — камбінаваная электравымяральная прылада (напр., ампервальтомметр), прызначаная для праверкі работаздольнасці і наладкі радыёэлектроннай апаратуры.

т. 16, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРА́МНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ ЭВМ,

сукупнасць праграм і праграмных дакументаў, неабходных для аўтаматызаванай наладкі праграм і рашэння прыкладных задач на ЭВМ. Забяспечвае рэалізацыю функцый ЭВМ і вылічальнай сістэмы. Кампаненты П.з. садзейнічаюць эфектыўнаму функцыянаванню тэхн. сродкаў і абслугоўваюць карыстальнікаў выліч. сістэм. Найважн. кампаненты П.з.: аперацыйная сістэма, пакеты прыкладных праграм, бібліятэкі стандартных праграм, комплексы праграм тэхн. абслугоўвання.

Адрозніваюць П.з. базавае (сістэмнае) і прыкладное. Базавае П.з. ўключае праграмы універсальнага карыстання (тэкставыя рэдактары, сродкі машыннай графікі, узаемадзеянне з камп’ютэрнымі сеткамі і WEB-дызайну (гл. Інтэрнет), праграмы апрацоўкі каманд карыстальніка] і праграмы аўтаматызацыі праграмавання (сістэмы аперацыйная, праграмавання і наладкі, кіравання базамі даных). З мэтай выкарыстання існуючага П.з. распрацоўваюцца праграмна-сумяшчальныя сем’і ЭВМ. Найб. пашыраныя і адпрацаваныя кампаненты базавага П.з. рэалізуюцца апаратна і ў выглядзе мікрапраграм. Прыкладное П.з. арыентавана на рашэнне канкрэтных задач: аўтаматызаванае праектаванне, распазнаванне вобразаў і апрацоўка відарысаў, кіраванне вытворчасцю, тэхнал. працэсамі.

На Беларусі П.з. распрацоўваецца з пачатку 1960-х г. на Мінскім заводзе ЭВМ, у НДІ ЭВМ, Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

С.​У.​Абламейка.

т. 12, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЙ ТЭ́ХНІКІ Засн. ў 1974 у Мінску на базе Мінскага з-да электронных выліч. машын (пабудаваны ў 1956—59 як з-д матэм. машын). З 1967 з-д электронных выліч. машын, з 1974 галаўное прадпрыемства гэтага аб’яднання. У 1974 уведзены ў дзеянне Мінскі з-д выліч. тэхнікі, у 1979 — Мінскі з-д вузлоў (па вытв-сці шматслойных друкаваных плат). Асн. прадукцыя (1999): электронныя АТС сям’і «Бэта», персанальныя камп’ютэры ВМ-2002, універсальныя ЭВМ «Мінск-9000», лічыльнікі ўліку цяпла і вады, касавыя апараты, быт. святлотэхн. прылады і інш.

Цэх наладкі ЭВМ на Мінскім вытворчым аб’яднанні вылічальнай тэхнікі.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГО́Н (ад грэч. polygōnos шматвугольны),

1) участак сушы або мора з паветр. прасторай над імі, прызначаны для выпрабавання зброі, баявых сродкаў, тэхнікі, а таксама для баявой падрыхтоўкі войск. П. бываюць пастаянныя і часовыя; паводле прызначэння падзяляюцца на навук.-даследчыя, выпрабавальныя (ядз., ракетныя, тарпедныя, артыл., авіяц., танк., сувязі і інш.); заводскія (для праверкі якасці вырабленага ўзбраення, яго прыстрэлкі, наладкі) і вучэбныя, на якіх праводзяцца вучэнні войск, баявыя і вучэбныя стрэльбы, бомбакіданне, тарпедакіданне. У залежнасці ад прызначэння П. абсталёўваюць назіральнымі пунктамі, мішэннымі ўстаноўкамі, бліндажамі, укрыццямі, сродкамі сувязі, забяспечваюць кантрольна-вымяральнымі прыладамі, трансп. сродкамі і інш. 2) Спец. абсталяваная пляцоўка (пастаянная ці часовая) для выпрабавання рознай тэхнікі, а таксама для вырабу элементаў зборных буд. канструкцый і дэталяў. Да абсталявання П. ў буд-ве, напр., адносяцца бетонна-растворныя ўстаноўкі, бетонаўкладчыкі, вібрапляцоўкі, пад’ёмныя краны, формы для бетанавання і інш.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ВА ПРАГРАМАВА́ННЯ,

фармальная мова сувязі чалавека з ЭВМ, прызначаная для апісання інфармацыі (напр., даных) і алгарытмаў яе апрацоўкі. Задаецца наборам сімвалаў (алфавіт), правіламі пабудовы тэксту (сінтаксіс), пералікам дзеянняў і аб’ектаў, што апісваюцца сінтаксічна дапушчальнымі тэкстамі праграм (семантыка). Праграмы, напісаныя на М.п., пераводзяцца ў машынныя коды з дапамогай транслятара.

Адрозніваюць М.п. машынна-арыентаваныя, працэдурна-арыентаваныя і аб’ектна-арыентаваныя. Да машынна-арыентаваных адносяць мовы, што ўлічваюць асаблівасці канкрэтнай ЭВМ (структуру каманд, памяць, знешнія прылады і інш.) і дазваляюць ствараць праграмы, такія ж па эфектыўнасці, як праграмы. напісаныя ў кодах машыны (гл. Асемблер, Машынная мова). У працэдурна-арыентаваных М.п. (напр., Паскаль, Фартран, Алгол, Модула, ПЛ/1) вылучаюць 2 часткі: для апісання структуры аб’ектаў і для працэдуры іх апрацоўкі. На іх эфектыўна апісваюцца і рэалізуюцца алгарытмы апрацоўкі інфармацыі складанай іерархічнай структуры. Самастойнае падмноства такіх моў складаюць мовы мадэліравання. Аб’ектна-арыентаваныя М.п. (напр., Ада, Сі​++) грунтуюцца на 4 гал. прынцыпах: магчымасць праграмісту апісваць уласныя аб’екты, вызначаць уласныя аперацыі над аб’ектамі, будаваць іерархіі аб’ектаў і дзеянняў над імі, перавызначаць аб’екты і аперацыі над імі. У выніку з’явіліся магчымасці развіваць і назапашваць праграмы з канкрэтнай прадметнай вобласці, павялічылася іх надзейнасць і скараціўся час іх распрацоўкі і наладкі.

У.​Л.​Каткоў.

т. 10, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРАМАВА́ННЕ,

працэс стварэння праграмы ў адпаведнасці з алгарытмам рашэння задачы на ЭВМ; раздзел інфарматыкі, што вывучае тэорыю і распрацоўвае метады пабудовы, наладкі праграм. Адрозніваюць: тэарэтычнае П. — вывучае матэм. абстракцыі праграм, правілы дакладнай фармулёўкі ўмоў задач і алгарытмаў; сістэмнае П. — займаецца праектаваннем, пабудовай і рэалізацыяй сістэм праграмнага забеспячэння для масавага і працяглага выкарыстання; прыкладное П. — абслугоўвае канкрэтныя выпадкі выкарыстання ЭВМ у розных галінах навукі і тэхнікі. Тэарэт. аспекты П. вывучаюцца ў матэматычным праграмаванні.

Алгарытм рашэння задачы будуюць у выглядзе канчатковага набору каманд, для запісу якіх служаць спец. мовы сувязі чалавека з ЭВМ — мовы праграмавання. У П. ўдзельнічаюць сістэмныя аналітыкі (распрацоўка алгарытму, аналіз патрабаванняў) і праграмісты (кадзіраванне, тэстыраванне праграмы і яе выкарыстанне на ЭВМ) Пры П. ўлічваюць канкрэтнае праграмнае асяроддзе: тып ЭВМ, мова П., наяўнасць сродкаў распрацоўкі праграм (база даных, транслятар, рэдактар, наяўнасць бібліятэкі стандартных праграм і модуляў і інш.). Для праверкі дакладнасці выканання праграмы робіцца яе адладка (сістэм. выпрабаванні праграмы на ЭВМ).

Літ.:

Любимский Э.З., Мартынюк В.В., Трифонов Н.П. Программирование. М., 1980;

Мейер Б., Бодуэн К. Методы программирования: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1982;

Грис Д. Наука программирования: Пер. с англ. М., 1984.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПРАЦОЎКА ЭЛЕКТРОННЫХ ВЫЛІЧАЛЬНЫХ МАШЫН

З пабудовай Мінскага з-да матэм. машын (1956—59; з 1967 Мінскі з-д ЭВМ) і стварэннем СКБ (у 1972 рэарганізавана ў НДІ ЭВМ) Мінск стаў адным з цэнтраў па праектаванні і вытв-сці ЭВМ. У Беларусі склалася навук.-практычная школа па даследаваннях і распрацоўцы прынцыпаў, метадаў і сродкаў аптымальнага праектавання ЭВМ (Г.​П.​Лапато, В.​У.​Пржыялкоўскі, В.​Я.​Пыхцін, Г.​Дз.​Смірноў, Г.​К.​Сталяроў, Ю.​У.​Карпіловіч і інш.). У 1974 з мэтай масавага выпуску ЭВМ створана Мінскае ВА выліч. тэхнікі (МВА ВТ), у якое ўваходзілі: галаўны Мінскі з-д ЭВМ, з-ды знешніх прылад, шматслойных пячатных плат, персанальных камп’ютэраў (ПЭВМ). Брэсцкі электрамех. з-д (БЭМЗ) таксама выпускаў ЭВМ ЕС-1020, ЕС-1022, бартавыя і ПЭВМ, стацыянарныя і рухомыя выліч. комплексы для аўтаматызаваных сістэм кіравання (АСК) спец. прызначэння, знешнія прылады, у т. л. для аптычнага счытвання інфармацыі і тэлеапрацоўкі даных. За распрацоўку і серыйнае асваенне АСК, укараненне ЭВМ Дзярж. прэміямі СССР адзначаны работнікі БЭМЗ: І.​К.​Міхалкевіч (1977); В.​У.​Бугаеў, П.​І.​Гарэцкі, В.​С.​Касачук, І.​П.​Крук, Р.​С.​Мечташвілі, Ю.​П.​Падкоўка, У.​А.​Сальнікаў, Г.​Ха-Рэн Нам (усе 1981), В.​В.​Строкаў (1984), М.​П.​Арцюх (1987).

У 1959 Мінскі з-д ЭВМ пачаў серыйны выпуск машыны М-3, якая мела хуткадзеянне 30 аперацый за секунду (распрацавана пад кіраўніцтвам І.​С.​Брука). У 1960 выпускалася М-ЗМ з хуткадзеяннем 1500 ап/с, было выраблена (М-3 і М-ЗМ) 58 машын; распрацавана ЭВМ «Мінск-1» (гал. канструктар Г.​П.​Лапато) з хуткадзеяннем 3000 ап/с і ёмістасцю аператыўнай памяці (V) 1024 машынныя словы. Разам з мадыфікацыямі «Мінск-11» для работы з каналамі сувязі і апрацоўкі сейсмічнай інфармацыі, «Мінск-12» з пашыранай памяццю, «Мінск-14», «Мінск-16» для апрацоўкі тэлеметрычнай інфармацыі, «Мінск-100» для апрацоўкі дактыласкапічнай інфармацыі (у 1960—63 выпушчана 230 машын).

У 1962 распрацавана базавая мадэль 2-га пакалення ЭВМ сям’і «Мінск» — «Мінск-2» (гал. канструктар В.​У.​Пржыялкоўскі) — першая ў СССР серыйная паўправадніковая ЭВМ малога класа. Яна мела хуткадзеянне да 6 тыс. ап/с і V = 4096 37-разрадных слоў. Іх мадыфікацыі «Мінск-26» (1963) і «Мінск-27» (1964) служылі для апрацоўкі спадарожнікавай тэлеметрычнай інфармацыі, «Мінск-22» (гал. канструктар В.​К.​Надзененка) з падвоенай аператыўнай памяццю заняла асноўнае месца ў праграме з-да ЭВМ (у 1965—70 выпушчана каля 1000 машын). Гэта ЭВМ выкарыстоўвалася для стварэння АСК на малых і сярэдніх прадпрыемствах (АСК «Львоў», «Кунцава» і інш.), аўтаматызацыі эксперыментальных даследаванняў у ядзернай фізіцы і інш. галінах навукі і тэхнікі.

У 1966 з’явілася «Мінск-23» (гал. канструктар В.​У.​Пржыялкоўскі) — першая ў краіне ЭВМ з сімвальнай логікай і пераменнай даўжынёй слова і каманды, універсальнай сувяззю са знешнімі прыладамі і шматпраграмным рэжымам. У 1966—69 з-д вырабіў 28 машын.

Самай вядомай і распаўсюджанай у СССР у 1-й пал. 1970-х г. стала ЭВМ «Мінск-32» (гал. канструктар В.​У.​Пржыялкоўскі), якая мела хуткадзеянне 30 тыс. ап/с, V = 64 тыс. 37-бітных слоў. У ёй рэалізавана праграмная сумяшчальнасць з «Мінск-22» і ахова інфармацыі ў аператыўнай памяці, два каналы сувязі (мультыплексны і селектарны) са знешнімі прыладамі. «Мінск-32» — першая ў СССР і Еўропе ЭВМ 2-га пакалення, механічная зборка і электрычны мантаж якой выконваліся на канвееры — ад паступлення камплектуючых і матэрыялаў да наладкі і ўпакоўкі. Выкарыстоўвалася ў АН Беларусі як аснова калектыўнай сістэмы аўтаматызацыі навук. даследаванняў для дыстанцыйнага ўводу даных ад плазматронаў, спектрометраў, храматографаў і інш. установак, іх апрацоўкі ў рэальным часе і атрымання вынікаў на месцах эксперыментатараў. У 1968—75 выпушчана 3000 машын. ЭВМ тыпу «Мінск» складалі ў 1963—76 больш за 70% парка універсальных машын 2-га пакалення ў СССР.

За стварэнне і асваенне ў серыйнай вытв-сці ЭВМ 2-га пакалення тыпу «Мінск» у 1970 Дзярж. прэміяй СССР адзначаны: В.​У.​Пржыялкоўскі, І.​К.​Растоўцаў, М.​Е.​Екельчык, Г.​П.​Лапато, Ю.​У.​Карпіловіч, Ю.​Р.​Бастанджан, Г.​Дз.​Смірноў, Г.​К.​Сталяроў, М.​А.​Мальцаў, Л.​І.​Шунякоў; прэміяй Ленінскага камсамола — Э.​В.​Кавалевіч, У.​П.​Качкоў, М.​Я.​Неменман, В.​Я.​Пыхцін, А.​М.​Цітоў, М.​В.​Шкут.

ЭВМ Адзінай сістэмы. У якасці адзінай для СССР і краін СЭУ была выбрана архітэктура сістэмы ІВМ/360 і пачалася распрацоўка машын 3-га пакалення на інтэгральных схемах — Адзінай сістэмы (ЕС ЭВМ). У 1971 у Мінску з удзелам спецыялістаў з Балгарыі спраектавана ЕС-1020 (гал. канструктар В.​У.​Пржыялкоўскі) з мікрапраграмным прынцыпам кіравання. Мела хуткадзеянне 20 тыс. ап/с і V = 256 Кбайт. У 1972—75 выпускалася серыйна з-дамі Беларусі і Балгарыі (усяго 800 машын). Гэтая машына мадэрнізавана ў МВА ВТ у ЕС-1022 (гал. канструктар І.​К.​Растоўцаў) з хуткадзеяннем да 80 тыс. ап/с і пашыранай аператыўнай памяццю, выпускалася ў 1975—82 тымі ж вытворцамі буйной серыяй (прыкладна 4 тыс. машын).

Мадэль ЕС-1035 (гал. канструктар Г.​Дз.​Смірноў) створана паводле архітэктуры ІВМ-370, мела хуткадзеянне да 160 тыс. ап/с, аб’ём памяці V ад 256 да 1024 Кбайт, сістэму аўтаматычнай дыягностыкі. Яна магла настройвацца на любую сістэму каманд, была праграмна-сумяшчальная з ЭВМ «Мінск-32». У 1977—86 у МВА ВТ выпушчана 2138 машын. Яе працягам стала мадэль ЕС-1036 (гал. канструктар Р.​М.​Асцатураў) на інтэгральных схемах больш высокай інтэграцыі; мела хуткадзеянне 400 тыс. ап/с і V = 2048—4096 Кбайт. У 1983—89 выпушчаны 2073 такія машыны.

ЭВМ ЕС-1060 (гал. канструктар В.​С.​Антонаў) з хуткадзеяннем 1,3 млн. ап/с і V = 2—8 Мбайт належыць да 2-й чаргі ЭВМ Адзінай сістэмы. У ёй прадугледжаны двухмашынны комплекс з выкарыстаннем сродкаў прамога доступу, адаптэра «канал-канал» і агульнага поля вонкавай памяці. У 1977—82 МВА ВТ выпусціла 315 машын. Якасна новай мадыфікацыяй гэтай машыны стала ЭВМ ЕС-1061, распрацаваная на МВА ВТ (гал. канструктары Ю.​У.​Карпіловіч, А.​М.​Віталісаў), з хуткадзеяннем 2 млн. ап/с і V да 8 Мбайт. Магла працаваць у сістэмах рэальнага часу, рэжымах раздзялення часу і дыялогавым. У 1983—88 выпушчана 566 такіх машын.

ЭВМ ЕС-1065 з хуткадзеяннем 5 млн. ап/с і V 16 Мбайт, прызначаная для работы ў складзе шматмашынных і шматпрацэсарных комплексаў, а таксама ў рэжыме з далучаным працэсарам, мела шэраг структурных асаблівасцей, што павышалі яе эфектыўнасць і надзейнасць. У 1984—86 МВА ВТ выпусціла 8 машын. ЭВМ ЕС-1066 была базавай мадэллю сям’і двухпрацэсарных ЭВМ для стварэння магутных выліч. комплексаў рознага прызначэння. Яна выпускалася ў 18 мадыфікацыях ад аднапрацэсарных з прадукцыйнасцю 5,5 млн. ап/с ад двухпрацэсарных з прадукцыйнасцю 10 млн. ап/с, V = 16—32 Мбайт. У 1987—93 МВА ВТ выпусціла 405 такіх машын.

Наступнымі мадэлямі Адзінай сістэмы былі ЕС-1130 і ЕС-1230 (гал. канструктар абодвух У.​П.​Качкоў). ЕС-1130 з хуткадзеяннем 2 млн. ап/с і V = 8—16 Мбайт мела малыя габарыты, у ёй рэалізаваны сістэма ўзнаўлення пры збоях, праграмна-апаратны кантроль і мікрапраграмная дыягностыка. У 1989—95 выпушчана 437 машын. У ЭВМ ЕС-1230 (называлася «Мінск-9000») рэалізавана архітэктура System/390 (Enterprise System Architecture/390) амер. фірмы IBM. Выкарыстаны працэсарныя платы і інш. вузлы цэнтральнай часткі сістэмы ES/9000. Хуткадзеянне 280 млн. ап/с, V — да 2084 Мбайт. Выпускалася па індывідуальных заказах.

За стварэнне, асваенне і ўкараненне аперацыйных сістэм ЕС ЭВМ у 1978 Дзярж. прэміяй СССР адзначаны А.​І.​Гаро, Э.​В.​Кавалевіч, Л.​Т.​Чупрыгіна. За распрацоўку навук. асноў Адзінай сістэмы ЭВМ, разнастайных мадэлей і выліч. комплексаў, перыферыйных прылад, сістэм аўтаматызацыі праектавання і вытв-сці, а таксама тэхналагічнага абсталявання для вытв-сці ў 1983 Ленінскай прэміяй адзначаны Ю.​У.​Карпіловіч, Г.​Дз.​Смірноў; Дзярж. прэміяй СССР у 1983 — І.​В.​Матышаў, А.​Я.​Пыхцін, В.​Я.​Пыхцін, М.​Ф.​Чалайдзюк, У.​А.​Шэршань; у 1986 — Л.​Л.​Галенава, В.​В.​Лебедзеў, І.​А.​Платун.

ЭВМ Адзінай сістэмы, выпушчаныя ў Беларусі, складалі больш за 60% парка такіх выліч. машын у СССР.

Персанальныя ЭВМ. У 1984 НДІ ЭВМ вызначаны галаўной арганізацыяй па распрацоўцы ПЭВМ. У 1985 распрацавана ПЭВМ ЕС-1840, сумяшчальная з IBM PC/AT. З 1986 выпускаліся 16- і 32-разрадныя ПЭВМ рознага прызначэння. Галоўныя канструктары ПЭВМ: В.​І.​Аўсяннікаў, У.​В.​Вітэр, У.​М.​Грыгарэнка, А.​П.​Запольскі, В.​Я.​Пыхцін. Усяго НДІ ЭВМ распрацаваў больш за 30 мадэлей ПЭВМ. Такія машыны выпускаліся на з-дах Мінска і Брэста (больш за 120 тыс. машын), а таксама больш за 30 тыс. машын выпушчана ў Кішынёве, Волжску, Свярдлоўску, Новасібірску, Кіеве.

Вылічальныя комплексы і сістэмы. З мэтай павелічэння прадукцыйнасці вылічэнняў у 1966 на базе ЭВМ «Мінск-2» і «Мінск-22» распрацавана аднародная шматмашынная выліч. сістэма (АУВС) «Мінск-222» (гал. канструктар Г.​П.​Лапато), якая магла аб’ядноўваць да 8 машын. Створана 7 такіх сістэм, якія выкарыстоўваліся для карэкціроўкі арбіт касмічных апаратаў. АУВС «Мінск-222» была адной з першых у свеце выліч. сістэм з аналагічнай структурай і стала правобразам сучасных суперЭВМ з паралельнай архітэктурай. У далейшым ЭВМ «Мінск-32» і ЕС ЭВМ выпускаліся з магчымасцю аб’яднання іх у аднародныя комплексы. На буйнейшых прадпрыемствах і арганізацыях, ВЦ на іх аснове ствараліся АСК прадпрыемствамі, тэхналагічнымі працэсамі, навук. даследаваннямі і навукова-тэхн. эксперыментамі і інш. У 1975 распрацавана шматабаненцкая сістэма тэлеапрацоўкі даных на базе ЕС-1022. Выпускаліся 2-машынныя комплексы ВК-2Р-35 (гал. канструктар В.​Я.​Пыхцін, 1979), ВК-2Р-36 і ВК-2М-36 (гал. канструктар Р.​М.​Асцатураў, 1984 і 1986 адпаведна) і інш.

На Беларусі распрацаваны і выпускаліся на БЭМЗ рухомыя ЭВМ, сумяшчальныя з ЕС ЭВМ (гал. канструктар Г.​П.​Лапато). Машына РВ-2 (гал. канстр. В.​Я.​Пыхцін) з прадукцыйнасцю 500 тыс. ап/с і V = 4 Мбайт прызначалася для эксплуатацыі ў цяжкіх умовах: пры тэмпературах ад -40 °C да +50 °C, пры ўздзеяннях пылу, вільгаці і інш. фактараў. У 1990—97 выпускалася машына РВ-3 (гал. канструктар Р.​М.​Асцатураў) з прадукцыйнасцю ў 3 млн. ап/с і V = 12 Мбайт, якая магла працаваць у тых жа экстрэмальных умовах. Тэрмінальная ЭВМ «Нёман» (гал. канструктар К.​А.​Кірын), створаная на базе РВ ЭВМ, мела прадукцыйнасць 3,3 млн. ап/с і V = 16 Мбайт, і прызначалася для работы ў лакальных выліч. сетках і шматтэрмінальных сістэмах. На базе РВ-2, РВ-3 і стацыянарных ЕС ЭВМ былі створаны шматмашынныя комплексы, дыстанцыйныя і лакальныя сістэмы («Невад»); на іх аснове БЭМЗ вырабіў кіроўны двухмашынны комплекс 1В546 (гал. канструктар Р.​М.​Асцатураў).

СуперЭВМ. У выніку сумеснай бел.-рас. праграмы «СКІФ» (з бел. боку: навук. кіраўнік С.​У.​Абламейка, нам. навук. кіраўніка У.​В.​Анішчанка, выканаўчы дырэктар М.​М.​Парамонаў) у 2000—2003 створана сям’я (12 мадэлей) высокапрадукцыйных выліч. сістэм з паралельнай архітэктурай і кластэрнай арганізацыяй. Кластэр «СКІФ К-500» (2003; гал. канструктары Дз.​Б.​Жаваранкаў, А.​П.​Чыж) дасягае пікавай прадукцыйнасці больш за 700 млрд. ап/с. Мае 128 працэсараў і 64 выліч. вузлы з агульнай V = 128 Гбайт, а таксама патэнцыяльную магчымасць павышэння прадукцыйнасці да некалькіх трыльёнаў ап/с.

Галаўныя арганізацыі праграмы «СКІФ»: АІПІ Нац. АН Беларусі і Ін-т праграмных сістэм Рас. АН. Распрацоўшчыкамі суперЭВМ з’яўляюцца каля 20 прадпрыемстваў Беларусі і Расіі, у т. л. НДІ ЭВМ «Белмікрасістэмы», Ін-т цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі. Пры АІ ПІ Нац. АН Беларусі ствараецца Нац. суперкамп’ютэрны цэнтр калектыўнага карыстання для распрацоўкі важных прыкладных праграмных комплексаў (найперш у кардыялогіі і навуцы), для праектавання і аналізу ўзораў новай тэхнікі (універсальных трактароў «Беларус», нясучых канструкцый самазвала БелАЗ, турбакампрэсараў для дызельных рухавікоў Мінскага маторнага з-да, дынамічных характарыстык глебаапрацоўчых агрэгатаў і інш.).

Літ.:

Малиновский Б.Н. История вычислительной техники в лицах. Киев, 1995;

Лопато Г.П. Вычислительная техника в Белоруссии // Информ. технологии и вычислит. системы. 1997. №1;

Stolyarov G.K. Computers in Belarus. Chronology of the Main Events // IEEE Annals of the History of Computing. 1999. Vol. 21, №3;

Смирнов Г.Д. События и люди. Мн., 2003;

Карпилович Ю.В. Так было. Мн., 2004;

Принципы построения суперкомпьютеров семейства «СКИФ» и их реализация // Информатика. 2004. № 1.

У.​В.​Анішчанка, М.​П.​Савік, Г.​Дз.​Смірноў.

т. 18, кн. 2, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)