ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́ на Пескаватыку.

Існавала ў Віцебску ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1761 па фундацыі Тадэвуша Агінскага на месцы старой царквы, вядомай па інвентарах з 1618. Вырашана ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пяцізрубны храм крыжовацэнтрычнай кампазіцыі. Цэнтральны 8-гранны зруб быў завершаны светлавым васьмерыком і накрыты пакатым шатром, які пераходзіў у невял. купалок з галоўкай, 4 прамавугольныя ў плане зрубы, арыентаваныя па баках свету, былі накрыты 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Да царквы прылягалі вял. шматгранная ў плане абходная галерэя, 2-ярусная званіца і невял. рызніца па баках алтарнага зруба. Знесена ў 1920-я г.

Т.​В.​Габрусь.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ ЛЯ́МУСЫ,

помнікі гасп. і жыллёвай архітэктуры. Лямус у двары Гродзенскага кляштара брыгітак пабудаваны ў 1630-я г. ў стылі ранняга барока; помнік драўлянага дойлідства. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з масіўных драўляных брусоў на бутавым падмурку накрыты высокім вальмавым гонтавым дахам. Гал. фасад аздоблены 2-яруснай галерэяй з балюстрадай на 2-м паверсе. Матыў аркады ствараюць слупы з падкосамі. Першы паверх прызначаўся для гасп. мэт, 2-і — для жылля. Лямус (вул. Дзяржынскага) пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты высокім вальмавым дахам. На гал. і бакавым фасадах — мансарды. Гал. фасад сіметрычны, з невял. рызалітамі ў цэнтры. У 1939 перабудаваны пад жылы дом, інтэр’ер зменены.

Да арт. Гродзенскія лямусы. Лямус у двары кляштара брыгітак.

т. 5, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПІШЧА́ЛАЎСКІ ЗА́МАК,

турэмны замак, гарадскі астрог, помнік архітэктуры 19 ст. Пабудаваны ў 1822—25 у Мінску на ўскраіне тагачаснага горада на гары ў прадмесці Раманаўская Слабада (сучасная вул. Валадарскага) пад кіраўніцтвам арх. М.​Чахоўскага і К.​Хршчановіча (ад прозвішча падрадчыка Р.​Пішчалы доўгі час наз. Пішчалаўскім). Мураваны 3-павярховы прамавугольны ў плане з 4 круглымі вежамі на вуглах будынак, накрыты вальмавым дахам. Вежы, аздобленыя нішамі, завершаны прафіляванымі зубцамі. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы. 2-і і 3-і паверхі аддзелены карнізным поясам. Будынак абнесены мураванай сцяной, умацаванай контрфорсамі. У паўн.-ўсх. ч. сцяны размешчаны 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ём, накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад падзелены карнізам на 2 ярусы (ніжні ярус з шырокай праезнай аркай аздоблены рустам) і завершаны трохвугольным франтонам. З 2-й пал. 19 ст. выкарыстоўваецца як турма; у замку былі царква, шпіталь, школа, аптэка, майстэрні і інш. Помнік рэсп. значэння.

У.​М.​Дзянісаў.

т. 10, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛНІ́СКІ СІЁН,

храм, помнік грузінскага культавага дойлідства ранняга сярэднявечча. Пабудаваны ў 478—493 каля г. Балнісі. Велічная ўнутраная прастора храма падзелена 2 радамі слупоў, злучаных падковападобнымі аркамі, на 3 нефы, якія накрыты агульным 2-схільным дахам. Капітэлі ўпрыгожаны разнымі геам. ўзорамі з выявамі раслін і жывёл. З Пд — 2-апсіднае памяшканне і адкрыты порцік, з Пн — адкрытая галерэя. Побач з Балніскім Сіёнам званіца 17 ст.

Балніскі сіён.

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЎЕЎСКАЯ МЯЧЭ́ЦЬ,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1884 у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай прыбудовай-міхрабам (невял. апсіда), накрыты шатровым дахам, у цэнтры якога 8-гранны мінарэт. Першапачаткова гал. фасад быў аформлены галерэяй на 4 слупах з выгнутымі падкосамі (у 1970-я г. заменена невысокім тамбурам). Інтэр’ер падзелены на мужчынскую і жаночую палавіны з асобнымі ўваходамі.

С.​А.​Сергачоў.

Іўеўская мячэць.

т. 7, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКІ МАНАСТЫ́РСКІ ШПІТА́ЛЬ,

помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1759 у г.п. Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.) пры манастыры міласэрных сясцёр. П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам. Планіроўка ў цэнтр. частцы калідорная, у крылах галерэйная. Першапачатковая планіроўка зменена ў 1928—29, часткова збераглася ў левым крыле з паўпадвальным паверхам. Калідор перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках, паўпадвал — цыліндрычнымі скляпеннямі, у астатніх памяшканнях столь плоская.

т. 2, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-ГУБЕРНА́ТАРА,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў Гродне каля 1800 для гродзенскага віцэ-губернатара Максімовіча. Двухпавярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам. Сіметрыя гал. фасада падкрэслена 4-калонным порцікам дарычнага ордэра з трохвугольным франтонам. Бакавыя часткі вылучаны рызалітамі. Фасад раскрапаваны філёнгамі, рустам, завершаны развітым прафіляваным карнізам. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены фігурнымі ліштвамі і сандрыкамі. Інтэр’еры былі ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай.

Гродзенскі дом віцэ-губернатара.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГІ́НАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1886 з цэглы ў в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. Храм 4-часткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: званіца, трапезная, асн. аб’ём з прыдзеламі, апсіда.

Прыдзелы і апсіда вырашаны паўратондамі. 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца надбудавана над прытворам і завершана цыбулепадобнай галоўкай. Над сяродкрыжжам буйны 8-гранны светлавы барабан накрыты самкнутым сферычным купалам.

А.​М.​Кулагін.

Даўгінаўская Троіцкая царква.

т. 6, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 20 ст. Пабудаваны ў 1913 у Гродне паводле праекта арх. Б.​Астравумава. Мае рысы стылю мадэрн. 2-павярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам з купалам у месцы злучэння аб’ёмаў. У дэкар. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытага муру з жоўтай цэглы і белых ляпных дэталей. Будынак аздабляюць каваныя агароджы балконаў, унутранай лесвіцы, навес над уваходам.

В.​М.​Чарнатаў.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неараманскага стылю. Пабудаваны ў 1824 у г. Браслаў (Віцебскай вобл.) каля стараж. замчышча. Пры перабудове ў 1897 выкарыстаны ўчасткі сцен, якія захавалі ўзорыстую каменную муроўку — т.зв. «разынкавую». Змураваны з бутавага каменю і чырв. цэглы. Трохнефавы 1-вежавы прамавугольны ў плане храм, накрыты 2-схільным дахам, трох’ярусная вежа завершана шатром. Элементы дэкору: пінаклі, стральчаты партал увахода з вімпергам (над ім — трыфорыум), аркатура. Твор разьбярскага мастацтва — амбон. На хорах устаноўлены арган.

Браслаўскі касцёл.

т. 3, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)