СУБУРГА́Н,
культавае збудаванне ў краінах Цэнтр. Азіі (найперш Манголіі), якое тыпалагічна паходзіць ад ступы (грабніцы лам, сховішчы, рэліквій, мемар. пабудовы). Складаецца з п’едэстала, дарасховішча і шпіля.
т. 15, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДРА,
у старажытнаіндыйскай міфалогіі і ведычнай рэлігіі найб. шанаванае бажаство, пераможца багоў і іх цар, грамавержац і ўсталявальнік сусвету; пазней ахоўнік (лакапала) Усходу. Найперш увасабляў воінскую функцыю, але быў звязаны і з урадлівасцю, лічыўся добрым апекуном людзей, асабліва арыйцаў.
т. 7, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКЗЕГЕ́ТЫКА (ад грэч. exēgētikos які тлумачыць),
1) правілы і прыёмы тлумачэння незразумелых стараж. тэкстаў.
2) Раздзел тэалогіі, які займаецца тлумачэннем рэліг. тэкстаў, найперш тэкстаў Бібліі (сэнс і змест Свяшчэннага пісання, трактоўка твораў айцоў царквы і да т.п.).
3) Тое, што герменеўтыка.
т. 18, кн. 1, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРКА́ЗМ (грэч. sarkasmos ад sarkazō літар. — рву мяса),
з’едлівая, злосная, знішчальная насмешка; найвышэйшая ступень іроніі. Адзін з асн. сродкаў гумару і асабліва сатыры. Характарызуецца найменшай ступенню іншасказальнасці; часам негатыўная ацэнка выяўляецца ў адкрытай форме. Пашыраны ў фальклоры (найперш у анекдотах), байках, эпіграмах, фельетонах, памфлетах, сатыр. камедыях і інш.
т. 14, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭЛ, Бел,
у акадскай міфалогіі абазначэнне некат. багоў, найперш Энліля. У г. Пальміра (Сірыя) — вярхоўнае бажаство, уладыка свету, галава трыяды багоў, часам эпітэт бога зямлі Арцу ці Арду. У грэч. міфалогіі — цар Егіпта, сын Пасейдона і німфы Лівіі. Належыць да персанажаў, якія не маюць развітой міфалагічнай біяграфіі, але з’яўляюцца родапачынальнікамі пакаленняў будучых герояў.
т. 3, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІМІЛЯЦЫ́ЙНАЯ ЁМІСТАСЦЬ экалагічнай сістэмы,
колькасць шкодных рэчываў, якую экасістэма здольная за адзінку часу назапасіць, разбурыць (перапрацаваць) і вывесці за свае межы без парушэння нармальнага яе функцыянавання. На велічыню паказчыка асіміляцыйнай ёмістасці ўплываюць мноства прыродных і антрапагенных фактараў, фіз. і хім. ўласцівасці рэчываў, але вызначальная роля належыць біял. працэсам. напрыклад, пры практычнай ацэнцы асіміляцыйнай ёмістасці акіяна найперш улічваюць працэсы акіслення арган. забруджвальнікаў і біял. асаджэння.
т. 2, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫР,
старадаўні малочны прадукт. На Беларусі С. найперш называюць выраб, сфармаваны са свежай тварожнай масы. Кіслае малако ставяць у печ ці ў гарачую ваду, каб стварожылася. Потым выліваюць у спец. палатняны мяшочак — клінок, падвешваюць, каб сцякла сыроватка, соляць, дадаюць смятаны, перамешваюць і зноў кладуць у клінок паміж дошчачкамі пад камень або пад прэс. С. спажываюць свежым; падсушаны можа захоўвацца доўгі час. Гл. таксама Сыраробства.
Г.Ф.Вештарт.
т. 15, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАФІМЧУ́К Мікола (Мікалай Мікалаевіч; н. 3.1.1950, в. Восаўцы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1975). Працаваў у рэдакцыях раённых газет, на Брэсцкім тэлебачанні, у газ. «Мінская праўда», «Звязда», «Наша доля». Друкуецца з 1970. У зб-ках «Трыванне» (1990), «Фэст» (1994), «Любіць Бог Беларусь», «Трын-трава», «Найперш мы — ліцвіны» (усе 1996) асэнсаванне прызначэння чалавека на зямлі, сцвярджэнне духоўных каштоўнасцей.
т. 15, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УІ́НСТЭНЛІ (Winstanley) Джэрард (1609, г. Уіган, графства Ланкашыр, Вялікабрытанія — пасля 1660),
англійскі сацыяліст-утапіст, ідэолаг руху дыгераў перыяду Англ. рэвалюцыі 1640—60. Кіраўнік дыгерскай калоніі ў 1649—50. Аўтар шматлікіх памфлетаў («Новы закон справядлівасці», 1649, і інш.), утопіі «Закон свабоды» (1652), у якіх, абапіраючыся на Біблію, даказваў неабходнасць увядзення бяскласавага грамадства без прыватнай уласнасці, заснаванага на калект. працы, а свабоду грамадзяніна характарызаваў найперш як свабоду ад галечы.
т. 16, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЖАЛЬ,
у беларускай народнай міфалогіі бог агню, апякун рамёстваў, найперш кавальскага. Яго ўяўлялі магутным дэманам, які пад зямлёй у вогненнай кузні куе зброю, каб скінуць Перуна. Ж. паважалі за мужнасць і непакорнасць, але баяліся яго. Былі ўпэўнены, што, калі ён доўга працаваў у кузні, перагравалася зямля і пачыналася засуха, гарэлі тарфяныя балоты і лясы. Калі Ж. выходзіў з-пад зямлі, Пярун у гневе кідаў у Ж. вогненныя стрэлы-маланкі. Не папаўшы ў Ж., маланка магла быць прычынай пажару.
т. 6, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)