спецыялізаваная навук. ўстанова для правядзення астр. і геафіз. (магн., метэаралагічных, сейсмічных і інш.) назіранняў і даследаванняў. Гл.Астранамічныя абсерваторыі, Геафізічныя абсерваторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ І А́ТАМНЫЯ ПУЧКІ,
накіраваныя патокі малекул або атамаў у вакууме, якія рухаюцца амаль без сутыкненняў аднаго з адным. Адсутнасць міжмалекулярных узаемадзеянняў у пучках дазваляе назіраць звыштонкую структуру спектраў, абумоўленую ядз.магн. і эл. квадрупольным момантамі, радыяцыйнымі зрушэннямі энергетычных узроўняў і інш. Выкарыстоўваюцца ў малекулярных генератарах, а таксама для даследаванняў структуры малекул і атамаў па спектрах выпрамянення ці паглынання ў аптычным і радыёдыяпазоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́Д [ад грэч. bolis (bolidos) кідальная зброя],
вялікі вогненна-яркі метэор (успышка метэорнага цела ў выніку яго ўваходжання ў верхнія слаі зямной атмасферы). Найбольш яркія баліды можна назіраць удзень, уначы відаць абалонка і хвост баліда. Пасля палёту баліда застаецца след, які складаецца з іанізаваных газаў і пылу. Іншы раз метэорнае цела за час палёту ў зямной атмасферы не паспявае поўнасцю згарэць і падае на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Палёт і падзенне балідаў часта суправаджаюцца гукавымі з’явамі (выбухамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБРА́ЦЫЯ МЕ́СЯЦА (лац. libratio ваганне),
бачныя з Зямлі перыядычныя ваганні Месяца вакол свайго цэнтра мас. Адрозніваюць аптычную (геаметрычную) і фізічную Л.М.
Аптычная падзяляецца на лібрацыю па даўгаце (бачнае перамяшчэнне плям па паверхні Месяца ўздоўж паралеляў з-за нераўнамернага руху яго па арбіце), лібрацыю па шыраце (бачныя ваганні полюсаў Месяца з-за нахілу яго восі вярчэння да плоскасці арбіты), сутачную лібрацыю (бачнае перамяшчэнне пунктаў па паверхні Месяца з прычыны руху назіральніка пры сутачным вярчэнні Зямлі). Фізічная Л.М. — невялікія рэальныя адхіленні ад раўнамернага вярчэння Месяца, якія выклікаюцца парай гравітацыйных сіл, што ўзнікаюць з прычыны адхілення вял. восі эліпсоіда Месяца ад напрамку на Зямлю пры аптычнай Л.М. Дакладнае вымярэнне гэтых ваганняў дае магчымасць вызначыць моманты інерцыі Месяца. З прычыны Л.М. з Зямлі можна назіраць 59% месяцовай паверхні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНАЕ НЕ́БА,
сукупнасць касмічных аб’ектаў (пераважна зорак), бачных з Зямлі на начным небе. Пры найлепшых умовах назірання простым вокам можна бачыць адначасова каля 2,5 тыс. зорак, у тым ліку: 1-й зорнай велічыні — 13, 2-й — 40, 3-й —100, 4-й — 500, 5-й — 1600 і г.д. Большасць зорак размешчана паблізу Млечнага Шляху, а ўсяго на небе (у абодвух паўшар’ях) налічваецца каля 6 тыс. зорак да 6-й зорнай велічыні. Для зручнасці арыенціроўкі З.н. ўмоўна падзелена на 88 участкаў — сузор’яў (гл.табл.). Падзел зорак на сузор’і (у т.л. Задыяк) адносіцца да глыбокай старажытнасці. Яркія зоркі ў сузор’ях абазначаюцца літарамі грэч. алфавіта (некаторыя з іх маюць уласныя назвы); больш слабыя — лічбамі; аднесеныя да пэўнага тыпу (напр., пераменныя) — вял. лацінскімі літарамі. Яшчэ больш слабыя зоркі абазначаюцца назвай каталога і нумарамі, пад якімі яны значацца ў каталозе. Большасць аб’ектаў З.н. мс на назіраць толькі з дапамогай тэлескопаў. Яны даюць магчымасць выяўляць зорныя скопішчы, зорныя асацыяцыі, туманнасці галактычныя, галактыкі, квазары, скопішчы галактык і інш.; целы Сонечнай сістэмы: планеты, спадарожнікі планет, малыя планеты, каметы; штучныя касм. аб’екты: штучныя спадарожнікі Зямлі, касм. зонды і інш. Некат. з пералічаных аб’ектаў можна назіраць і простым вокам, напр., рассеяныя зорныя скопішчы Плеяды і Гіяды ў сузор’і Цяльца, Яслі ў сузор’і Рака; шаравыя зорныя скопішчы ў сузор’ях Тукана і Цэнтаўра; галактычную туманнасць у сузор’і Арыёна; галактыкі ў сузор’і Андрамеды; Вял. і Малое Магеланавы Воблакі; планеты: Венеру, Юпітэр, Марс, Сатурн, Меркурый, Уран; малую планету Весту, каметы; найб. яркія ШСЗ. Удзень, акрамя Сонца, на небе простым вокам відаць толькі Месяц і Венера. Выгляд З.н. бесперапынна мяняецца з прычыны бачнага сутачнага вярчэння нябеснай сферы, абумоўленага вярчэннем Зямлі, а таксама павольна мяняецца з прычыны абарачэння Зямлі вакол Сонца. Карту З.н. гл. на ўклейцы.
Літ.:
Дагаев М.М. Наблюдения звездного неба. 6 изд. М., 1988;
Зигель Ф.Ю. Сокровища звездного неба: Путеводитель по созвездиям и Луне. 5 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДЫЯКА́ЛЬНАЕ СВЯТЛО́,
свячэнне начнога неба, якое назіраецца ўздоўж экліптыкі (на фоне сузор’яў Задыяка). Мае форму нахіленага светлавога конуса, найб. яркага і шырокага паблізу Сонца; яго яркасць перавышае яркасць начнога неба ў 2—3 разы. З аддаленнем ад гарызонту звужаецца і пераходзіць у паласу, што слаба свеціцца і праходзіць цераз усё неба ўздоўж пояса Задыяка. У вобласці, процілеглай Сонцу, задыякальная паласа расшыраецца і пераходзіць у пляму авальнай формы, т. зв. проціззянне.
У сярэдніх шыротах З.с. найлепш назіраецца ў студз.—сак. на заходнім схіле неба адразу пасля захаду Сонца, а ў вер.—ліст. — на ўсходзе перад узыходам Сонца. У тропіках, дзе экліптыка перпендыкулярная гарызонту, З.с. амаль такое ж яркае, як Млечны Шлях, і яго можна назіраць уздоўж усёй экліптыкі. З.с. абумоўлена рассеяннем сонечнага святла часцінкамі міжпланетнага пылу, якіх асабліва шмат паблізу плоскасці экліптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІМЕ́Д (Archimēdēs; каля 287, Сіракузы — 212 да н.э.), старажытнагрэчаскі вучоны; адзін з заснавальнікаў матэматыкі і механікі. Распрацаваў матэм. метады вызначэння плошчаў паверхняў і аб’ёмаў розных фігур і целаў, на аснове якіх створаны дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнні. Вызначыў суму бесканечнай геам. прагрэсіі з назоўнікам ¼ (першы прыклад бесканечнага шэрагу ў матэматыцы); даследаваў уласцівасці архімедавай спіралі, стварыў тэорыю паўправільных выпуклых мнагаграннікаў (целы Архімеда); пабудаваў злічэнне, якое дазваляла запісваць і называць даволі вял. лікі; з вял. дакладнасцю вызначыў лік π і межы яго памылкі:
; даў вызначэнне цэнтра цяжару цела; сфармуляваў Архімеда аксіёму. Архімед заклаў асновы гідрастатыкі і сфармуляваў яе асн. палажэнні (гл.Архімеда закон). Вынайшаў сістэму рычагоў, блокаў, паліспастаў і вінтоў для падымання цяжкіх прадметаў, машыну для абваднення палёў (архімедаў вінт), ваенную кідальную машыну, прыладу для вызначэння бачнага (вуглавога) дыяметра Сонца, мех. мадэль нябеснай сферы, якая дазваляла назіраць рух планет, фазы Месяца, зацьменні Сонца і Месяца, і інш. Архімед быў блізкі да сіракузскага цара Гіерона II, у час вайны супраць Рыма кіраваў абаронай Сіракузаў і быў забіты рымлянамі.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАМЕ́ТРЫЯ (ад астра... + ...метрыя),
раздзел астраноміі, які вывучае ўзаемнае размяшчэнне нябесных целаў у прасторы і змену яго з цягам часу, а таксама памеры і форму планет і іх спадарожнікаў. Уключае фундаментальную астраметрыю (вызначае найб. дакладную сістэму сферычных каардынат), сферычную астраномію (распрацоўвае матэм. метады рашэння задач, звязаных з бачным размяшчэннем і рухам свяціл на нябеснай сферы), практычную астраномію (распрацоўвае астранамічныя інструменты і прылады). Да астраметрыі належыць таксама вызначэнне момантаў сонечных і месяцавых зацьменняў, вырашэнне праблем календара. На падставе астраметрычных назіранняў вызначаны шкала дакладнага часу, даныя пра становішча восі вярчэння Зямлі ў прасторы і ў целе Зямлі, сістэма астранамічных пастаянных, каталогі зорак, пунктаў зямной паверхні з астр. каардынатамі і пунктаў з планетаграфічнымі каардынатамі на паверхні Месяца, Марса, Меркурыя і інш. планет. Еўрапейскае касмічнае агенцтва ў 1989 запусціла астраметрычны спадарожнік «Гіпаркос», які вызначыў каардынаты, уласныя рухі і трыганаметрычныя паралаксы 118 тыс. зорак з дакладнасцю да 2-тысячных доляў вуглавой секунды і амаль для мільёна зорак з меншай дакладнасцю. Выкарыстанне ў астраметрыі сродкаў радыё-, электроннай і выліч. тэхнікі дазваляе выконваць арыентацыю касм. апаратаў у час працяглых міжпланетных палётаў, назірацьШСЗ і інш. Метадамі астраметрыі карыстаюцца ў геадэзіі, картаграфіі і навігацыі.
Літ.:
Подобед В.В., Нестеров В.В. Обшая астрометрия. 2 изд. М., 1982;
Бакулин П.Н. Фундаментальные каталоги звезд. 2 изд. М., 1980;
Бакулин П.И., Блинов Н.С. Служба точного времени. 2 изд. М., 1977;
Положенцев Д.Д. Радио- и космическая астрометрия. Л., 1982.