НЕЙРУЛЯ́ЦЫЯ,
утварэнне зачатка цэнтр. нервовай сістэмы — нерв. пласцінкі і замыканне яе ў нерв. трубку ў зародкаў хордавых. Зародак у перыяд Н., якая надыходзіць за гаструляцыяй, наз. нейрулай. Пры Н. вычляняюцца ў складзе трох зародкавых лісткоў зачаткі асобных сістэм органаў. Будова зародка нагадвае будову дарослага арганізма: на спінным баку, пад эпітэліем знаходзіцца нерв. трубка, пад ёй — хорда, пад хордай — кішэчнік; адрозніваюцца пярэдні і задні аддзелы цела.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫТО́МНАСЦІ ПАРУШЭ́ННІ,
расстройствы ўспрымання аб’ектыўнай рэальнасці навакольнага свету — прадметнага (пачуццёвага) і абстрактнага (рацыянальнага). Бываюць першасныя (пры псіхічных захворваннях) і другасныя (пры саматычнай паталогіі). Пры П.п. адбываецца дэзарыентацыя ў часе, месцы, мысленне без сувязі, адсутнасць або абрывістасць успамінаў пра страту прытомнасці. Адрозніваюць непрытомнасць, кому, сопар. Сопар (аглушэнне) — стан з абмежаваным усведамленнем; звычайна папярэднічае коме. У выпадках цяжкай траўмы галаўнога мозга надыходзіць глыбокае зацямненне свядомасці, якое працякае з «псіхічным паралічом» і інш. Лячэнне П.п. накіравана на асн. захворванне.
т. 13, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРШУКО́Ў (Яўген Іванавіч) (н. 1.1.1932, в. Давыдавічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1956). З 1959 працаваў у раённых газетах Гомельшчыны, на Гомельскай студыі тэлебачання. З 1971 у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Вожык», у 1980—89 гал. рэдактар выд-ва «Юнацтва», з 1989 у апараце СП Беларусі. Друкуецца з 1955. Аўтар зб-каў гумарэсак і апавяданняў «У дарогу» (1963), «Не без таго...» (1967), «Сустрэча» (1969), «Бывай, кампанія!» (1977), «Перад Новым годам» (1980), «Пісьмо жонцы», «І надыходзіць дзень» (абодва 1982), «Надвячоркам» (1992), кн. для дзяцей «Змоўшчыкі» (1975), «Пасланне нашчадкам» (1987) і інш. Перакладае з славацкай мовы (зб-кі апавяд. «Апошні вераснёвы дзень», 1982, «Соль зямлі», 1992; раман Р.Морыца «Выбух», 1984).
т. 8, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)