КРАПІНЕ́Ц (Polygala),

род кветкавых раслін сям. крапінцовых. Каля 500 відаў. Пашыраны ва ўмераным, субтрапічным і трапічным паясах. На Беларусі 4 віды, найчасцей трапляюцца К. звычайны (P. vulgaris, нар. назвы зязюльчыны ручнікі, надсаднік), гаркаваты (P. amarella), чубаты (P. comosa, нар. назвы вераднік, малыя козлікі, шчэпа) на лугах, сярод хмызнякоў, уздоўж дарог.

Шматгадовыя травяністыя расліны, кусты 1 паўкусты выш. 5—30 см. Сцёблы голыя, слаба галінастыя. Лісце дробнае, чаргаванае. Кветкі ў разнастайных суквеццях (гронка, колас, мяцёлка). Плод — каробачка. Лек. расліны.

Крапінец: 1 — гаркаваты; 2 — вялікі.

т. 8, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УВЯРЭ́ДНІК (Pedicularis),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 600 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомы У. балотны (P. palustris), нар. назвы зязюліна мыла, сітовіца, завушніца, гніднік, надсаднік, вашывая трава. Радзей трапляецца У. рослы (P. exaltata), а У.​Каўфмана (P. kaufmannii), лясны (P. sylvatica) і скіпетрападобны (P. sceptrum-carolinum) занесены ў Чырв. кнігу. Растуць пераважна на вільготных і забалочаных лугах, лясных палянах, пустках, ускрай балот.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, здольныя да паразітызму. Жывяцца з дапамогай гаўсторыяў на каранях раслін з розных сямействаў. Лісце перыста-рассечанае або перыста-раздзельнае, чаргаванае ці ў кальчаках. Кветкі ў верхавінкавых гронка- або коласападобных суквеццях. Плод — каробачка. Некат. віды ядавітыя. Часам У. выкарыстоўваюць у нар. медыцыне і ветэрынарыі (пераважна як інсектыцыд). Лек., кармавыя, дэкар. расліны.

Увярэднік: 1 — лясны; 2 — скіпетрападобны; 3 — Каўфмана.

т. 16, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)