УКРАІ́НСКАЙ ДЫРЭКТО́РЫІ ЎРА́Д, Дырэкторыя ўкраінская,
цэнтральны орган улады Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) у снеж. 1918 — ліст. 1920. 13.11.1918 ва ўмовах краху аўстра-герм. акупацыі Украіны і прагерм. рэжыму гетмана П.П.Скарападскага члены апазіц. сацыяліст. аб’яднання Укр. нац. саюз (створаны 21.5.1918, уваходзілі партыі сацыялістаў-федэралістаў, эсэраў, сац.-дэмакратаў, сацыялістаў-самасційнікаў і інш.) стварылі ў г. Белая Царква кіруючы цэнтр — Дырэкторыю (старшыня У.Віннічэнка, члены С.Пятлюра, Ф.Швец, А.Макаранка, П.Андрыеўскі; пазней склад змяняўся), якая 15 ліст. заклікала да паўстання супраць Скарападскага. На яе бок перайшоў полк галіцыйскіх «сечавых стральцоў», які стаў ядром паўстанцкай арміі. 14.12.1918 рэжым Скарападскага скінуты, Дырэкторыя абвясціла аднаўленне УНР і пачала трансфармавацца ў вышэйшы дзярж. ін-т з заканад. і распарадчымі функцыямі. Яе выканаўчым органам абвешчаны кабінет нар. міністраў. На месцах ствараліся працоўныя Рады, але рэальная ўлада належала ваен. камандаванню. Узбр. сілы Дырэкторыі (Укр. нар. армія, гал. атаман Пятлюра) складаліся пераважна з мясц. добраахвотніцкіх атрадаў. У ліп. 1919 да іх далучылася 50-тысячная Галіцыйская армія разгромленай Польшчай Заходнеўкр. Нар. Рэспублікі (ЗУНР). Дырэкторыя забараніла продаж, залог і арэнду зямлі, абяцала сялянам надзяліць іх зямлёй (5—15 дзес. ворыва, 15 дзес. лесу на гаспадарку), аднавіла 8-гадзінны рабочы дзень на прадпрыемствах і ўвяла тут рабочы кантроль, прызнала права рабочых на стачкі і г.д. 22—28.1.1919 у Кіеве праведзены Прац. кангрэс (каля 3 тыс. дэлегатаў), які пацвердзіў уладныя паўнамоцтвы Дырэкторыі і пастанавіў аб’яднаць УНР з ЗУНР у складзе Саборнай Украіны. Пасля няўдалых спроб Віннічэнкі дамовіцца з РСФСР Дырэкторыя 16.1.1919 абвясціла ёй вайну і ўзяла курс на супрацоўніцтва з краінамі Антанты. 5.2.1919 Чырв. Армія заняла Кіеў, да чэрв. 1919 — б.ч. Правабярэжнай Украіны. Польшча захапіла Усх. Галіцыю і Зах. Валынь. Дырэкторыя, якую з 10.2.1919 узначальваў Пятлюра, засталася без тэрыторыі, але ў ліп. 1919, скарыстаўшы наступленне белагвардз. арміі ген. А.І.Дзянікіна, зноў авалодала значнай ч. Правабярэжнай Украіны, 30 жн. — Кіевам. Але Дзянікін 31 жн. выгнаў з Кіева войскі Дырэкторыі, якая 24.9.1919 абвясціла яму вайну. Неўзабаве дзянікінцы нанеслі Дырэкторыі паражэнне, на іх бок у ліст. перайшла Галіцыйская армія. У снеж. 1919 рэшткі войск Дырэкторыі перайшлі да партыз. дзеянняў у тыле войск Дзянікіна, а потым — Чырв. Арміі, якая зімой 1919—20 разбіла Дзянікіна і зноў заняла амаль усю Украіну. 21.4.1920 Дырэкторыя заключыла ў Варшаве пагадненне з польскім урадам, паводле якога Польшча ў абмен на Усх. Галіцыю і Зах. Валынь прызнавала УНР і аказвала ёй ваен. дапамогу супраць РСФСР. У крас. — пач. мая 1920 войскі Польшчы і Дырэкторыі (18 тыс. чал.) занялі ч. Правабярэжнай Украіны і Кіеў (6 мая). У канцы савецка-польскай вайны 1920 войскі Дырэкторыі адышлі на польскую тэр., дзе былі інтэрніраваны. 20.11.1920 Пятлюра сваім указам распусціў Дырэкторыю. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт. Украіна.
Літ.:
Семененко В.И., Радченко Л.А. История Украины: С древнейших времен до ваших дней. Харьков, 1999.
т. 16, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)