ПАНАГІ́Я (ад грэч. panagia прасвятая),

1) нагрудны медальён-абразок з выявай Маці Божай або Ісуса Хрыста. Лічыцца знакам архірэйскага і свяціцельскага сану. Бываюць круглай, авальнай, ромбападобнай, квадратнай формы, выкананыя з металу (літыя і чаканеныя, з эмаллю, сканню, чэрню), слановай косці, дрэва, мяккіх парод каменю.

2) Іканаграфічны тып Маці Божай, выяўленай у выглядзе аранты (у поўны рост з паднятымі да ўзроўню твару рукамі і звернутымі да гледача далонямі) з выявай Хрыста-дзіцяці ў медальёне на грудзях.

Панагія. Візантыя. 10 ст.

т. 12, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВА́РДЫЯ (італьян. guardia),

адборная прывілеяваная частка войска. У Стараж. Рыме — невял. атрады (кагорты) для аховы манархаў і палкаводцаў. Першыя фарміраванні, якія наз. гвардыяй, з’явіліся ў 12 ст. ў Італіі. У Расіі гвардыя створана Пятром I у 1680-я г. (Сямёнаўскі і Праабражэнскі лейб-гвардыі палкі; у ВМФ — у 1810). Распушчана ў 1918 у сувязі з ліквідацыяй старой арміі. Ва Узбр. Сілах СССР устаноўлена ў 1941 як ганаровае званне воінскіх часцей, злучэнняў, баявых караблёў. У 1942 уведзены гвардзейскія званні, устаноўлены нагрудны знак; гвардзейскім часцям, злучэнням і аб’яднанням уручаліся гвардзейскія сцягі.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)