МОНАПЛАКАФО́РЫ (Monoplacophora),

клас прымітыўных марскіх малюскаў. Вядомы з палеазою (каля 500 млн. г. назад). 3 атр. (2 вымерлыя), каля 60 відаў (14 сучасных, аб’яднаны ў 4 роды). Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне да глыб. 6,5 км.

Даўж. сучасных М. да 37 мм. Цела ўкрыта каўпачкападобнай або плоскаспіральнай (у вымерлых) ракавінай, мае галаву, нагу, мантыю і поласцевы мяшок. У мантыйнай баразне, паміж мантыяй і нагой 5—6 пар перыстых шчэлепаў. Кормяцца дэтрытам, фільтратары. Раздзельнаполыя.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НСКІ ФУТБО́Л,

спартыўная гульня. Узнік у канцы 19 ст. ў ЗША на аснове рэгбі і футбола. Гуляюць 2 каманды па 11 чал. (замены па ходу сустрэчы) на працягу 4 квартаў (па 15 хвілін чыстага часу). Гал. мэта — занесці рукамі мяч грушападобнай формы ў заліковую зону і апусціць на зямлю (тачдаўн) або нагой накіраваць мяч у вароты (філдгол). Дазволены сілавыя прыёмы, для гульцоў прадугледжана спец. ахоўная амуніцыя. Найб. развіты ў ЗША, дзе штогод праводзяцца чэмпіянаты сярод прафес. клубаў; культывуецца ў 20 еўрап. краінах. Чэмпіянаты свету з 1967. На Беларусі развіваецца з 1990; клуб «Мінскія зубры» тройчы перамагаў на чэмпіянатах СНД.

М.​А.​Дубіцкі.

Амерыканскі футбол. Фрагмент гульні з удзелам каманды «Мінскія зубры».

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЙ ІВА́НАВІЧ (19.10.1582, Масква — 15.5.1591),

расійскі царэвіч. Малодшы сын Івана IV Васілевіча Грознага. Пасля смерці бацькі (1584) сасланы з маці (М.​Ф.​Нагой) у г. Угліч, дзе загінуў пры нявысветленых абставінах (магчыма, у час эпілептычнага прыпадку або забіты паводле загаду Барыса Гадунова). Імя Дз.І. выкарыстоўвалі ў 1604—12 Ілжэдзмітрый I, Ілжэдзмітрый II і інш. самазванцы. У 1606 кананізаваны царквой і перапахаваны ў Маск. Архангельскі сабор.

Літ.:

Скрынников Р.Г. Борис Годунов. М., 1983. С. 67—84;

Яго ж. Самозванцы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев 2 изд. Новосибирск, 1990. С. 10—18;

Зимин А.А. В канун грозных потрясений: Предпосылки первой крестьянской войны в России. М., 1986. С. 153—182.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТЭ́ (яп., літар. пустая рука),

японская сістэма самаабароны без зброі; адзін з відаў спарт. адзінаборстваў. Мае глыбокія гіст., культ. і філас. вытокі. Першыя звесткі пра К. датуюцца 720. Асн. сістэмы К. — вада-ру, годзю-ру, шота-кан, шыта-ру.

У аснове спарт. К. — удары рукой або нагой па найб. слабых і балявых болевых* месцах чалавечага цела. У спаборніцтвах па бескантактавым К. сапернікі толькі абазначаюць правядзенне пэўных прыёмаў, не даводзячы іх да канца. Існуюць практыкаванні па спарынгу — кумітэ і вольныя практыкаванні — ката, якія імітуюць паядынак. Сучасныя правілы спаборніцтваў сфармуляваны ў 1948. Спартсмены выступаюць у традыц. форме дзюдаістаў на татамі (гл Дзюдо). У 1968 заснавана міжнар. федэрацыя. У 1978 — федэрацыя К. СССР. Першы чэмпіянат Еўропы праведзены ў 1966 (Вена), першы чэмпіянат свету — у 1968 (Вашынгтон).

На Беларусі федэрацыя К. заснавана ў 1980; першы чэмпіянат праведзены ў 1978. Чэмпіёны СССР і прызёры міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў: А.​Вількін, П.​Калінін, Я.​Крапіўны, Л.​Лушчык, В.​Ляцецкі, В.​Сідарэнка і інш.; першыя трэнеры: А.​Кажамякін, А.​Кірыенка.

т. 8, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАКАВЯ́К (польск. krakowiak),

польскі нар. танец. Узнік у Кракаўскім ваяв. (адсюль назва). Адметны дакладным рытмам, засн. на хуткім руху восьмых з частымі сінкопамі (звычайна ў цотных тактах); памер ​2/4, тэмп хуткі. Як і паланэз, наз. «вялікім танцам», меў урачысты характар вайск. шэсця. У канцы 18 — пач. 19 ст. спрыяў працэсу ўсталявання самабытнасці польск. прафес. муз. культуры. З пач. 19 ст. папулярны ў Еўропе як бальны танец. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з найб. пашыраных на Беларусі нар. танцаў. Выконваўся парамі, часам і тройкамі (хлопец і 2 дзяўчыны) у суправаджэнні прыпевак. У яго аснове хуткі бег па крузе з моцнымі прытупамі папераменна правай і левай нагой на сінкопах (8 тактаў) і вярчэнне на месцы (8 тактаў). Вядомы лакальныя варыянты ў Лунінецкім, Пінскім і інш. р-нах. На вёсцы нярэдка аб’ядноўваецца з полькай. Бытуе і цяпер. Рытмы К. выкарыстоўвалі кампазітары Ф.​Шапэн, К.​Шыманоўскі, К.​Пендарэцкі (Польшча), М.​Глінка, Б.​Асаф’еў (Расія), Г.​Вагнер (Беларусь).

Л.​К.​Алексютовіч, І.​Дз.​Назіна.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)