МІ́НСКАЕ МУЖЧЫ́НСКАЕ КАМЕРЦЫ́ЙНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.
Існавала ў 1901—17. Падпарадкоўвалася вучэбнаму аддзелу Мін-ва фінансаў. Утрымлівалася за кошт гар. думы, збораў за навучанне, прыватных ахвяраванняў. Мела падрыхтоўчы, 5 агульных і 2 спец. класы. Прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў з пач. адукацыяй. Выпускнікі атрымлівалі званне ганаровага грамадзяніна, лепшыя — дыпломы кандыдата камерцыі. У 1912—451 навучэнец. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, гісторыя, геаграфія, камерцыя, бухгалтэрыя, палітэканомія, гісторыя гандлю, таваразнаўства і інш. Мела б-ку, фіз. кабінет, хім. лабараторыю, музей. Восенню 1915 эвакуіравана ў Маскву.
А.Ф.Самусік.
т. 10, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў 1866—1918. Падпарадкоўваліся Віленскай навучальнай акрузе. Гомельская мужчынская гімназія засн. ў 1866 на базе 3-класнага вучылішча як 4-класная прагімназія, з 1877 — 6-класная. У 1897 пераўтворана ў поўную 8-класную гімназію з падрыхтоўчым класам (1—4-ы класы паралельныя). Утрымлівалася за кошт дзярж. сродкаў і платы за навучанне. Вучыліся пераважна дзеці мяшчан, дваран, чыноўнікаў і заможных сялян. У 1909 — каля 30 выкладчыкаў, 471 навучэнец. Гомельская жаночая гімназія, засн. 1.7.1882 на базе жан. пансіёна як 4-класная прагімназія, у 1897—99 адчынены 5—7-ы класы, у 1909 — 8-ы пед. (з вер. 1917 агульнаадук. клас). Мела падрыхтоўчы і паралельныя класы. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне, сродкаў дзярж., гар. бюджэту, т-ва дапамогі бедным навучэнкам, заможных асоб. На 1.1.1917 было 19 класаў, каля 30 выкладчыкаў, 885 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія В.А.Копіш, адкрыта ў 1907 як 4-класная прагімназія, з 2.8.4.1908 — 7-класная гімназія. У 1911 — 23 выкладчыкі, 349 вучаніц. Прыватная яўрэйская мужчынская гімназія А.Е.Ратнера, адкрыта ў 1907 у складзе 8 класаў. У 1911 — 27 выкладчыкаў, 255 навучэнцаў. Прыватная жаночая навучальная ўстанова Л.С.Абалонскай (з правамі гімназіі), засн. ў 1915 як 7-класная, потым адкрыты 8-ы клас. Прыватная жаночая прагімназія М.А.Табалевіч-Федароўскай, засн. Ў 1908 як жаночае вучылішча, у 1911 пераўтворана ў 7-класную прагімназію. Выкладаліся тэорыя і практыка замежных моў, гімнастыка і танцы. Гімназія мела дзіцячы сад. Працавалі таксама жаночыя яўр. прагімназіі М.А.Эльяшава і А.Я.Сыркінай.
Г.Сянькевіч.
т. 5, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)