ВІ́ЦЕБСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.

Існавала ў 1910—18 у Віцебску. Засн. паводле завяшчання мсціслаўскага ваяводы І.​Гільзена (памёр у 1786), нашчадкі якога сродкі ад атрыманых прыбыткаў павінны былі накіроўваць на «пашырэнне навук і выхаванне беднага высакароднага юнацтва». Паколькі ўмовы завяшчання не выконваліся, мін-ва нар. асветы і Віцебская мужчынская гімназія ў 1907 праз суд спагналі 200 тыс. руб., палавіна гэтых сродкаў была накіравана на адкрыццё вучылішча. Былі набраны хлопчыкі ў падрыхтоўчы і 2 першыя класы. Старэйшыя класы адкрываліся паступова (па аднаму штогод). Поўны склад навучэнцаў набраны ў 1916 (93 чал.). Тэрмін навучання 7 гадоў. Дырэктар вучылішча В.​К.​Краснянскі. Выкладаліся: матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, чарчэнне, маляванне, ням. і франц. мовы, механіка, тэхналогія, камерцыя. У 1917 адбыўся адзіны выпуск (72 чал.).

С.​В.​Сяліцкі.

т. 4, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНІТУ́РА шрыфту,

камплект друкарскіх шрыфтоў аднаго рысунка. У пэўнай гарнітуры шрыфты адрозніваюцца абрысам (прамы, курсіўны і інш.), рознымі памерамі — кеглем (тэкставыя ад 6-га — нанпарэль да 12-га — цыцэра, тытульныя і загаловачныя ад 14 да 48-га), насычанасцю (светлая, паўтлустая і інш.). Камплектнасць гарнітуры залежыць ад тыпу наборных працэсаў. Звычайна друкарні маюць некалькі дзесяткаў гарнітур — тэкставых, тытульных, акцыдэнтных (дэкаратыўных), афішна-плакатных. Ёсць гарнітура літаратурная, новая газетная, школьная, часопісная сечаная, акадэмічная, кудрашоўская энцыклапедычная, звычайная новая і інш. Гэты тэкст набраны гарнітурай таймс.

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕГЛЬ, кегель (ням. Kegel),

памер друкарскага шрыфту — вышыня літары звычайна з над- і падрадковымі элементамі, т.зв. заплечыкамі. Вымяраецца ў друкарскіх пунктах (роўны 0,376 мм) ці квадратах (48 пунктаў). Назвы шрыфтоў па К.: брыльянт (3 пункты), дыямант (4), перл (5), нанпарэль (6), міньён (7), петыт (8), боргес (9), корпус (10), цыцера (12), мітэль (14), тэрцыя (16), тэкст (20); ёсць таксама К. 24, 28, 36 пунктаў 1, 1 1/4, 1 1 1/2, 2, 2 1/2, 3, 4, 5, 6, 8, 10, 12, 15 квадратаў. Тэкст артыкулаў БелЭн набраны шрыфтам К. 8 і 7.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАТЫ́П (ад мана... + грэч. typos адбітак),

друкарская літараадліўная наборная машына, на якой радкі тэксту зададзенай даўжыні набіраюць і адліваюць з асобных літар і прагальных матэрыялаў. Менш прадукцыйны за лінатып, аднак дае магчымасць перабіраць радкі пры вёрстцы без іх пераліўкі. Прызначаны для набору і адліўкі складаных відаў тэксту (табліц, формул, навук. тэкстаў са знакамі лац. і інш. алфавітаў, слоўнікава-даведачнай л-ры). Вынайдзены ў 1897 Т.​Ланстанам (ЗША). У СССР выпускаўся з 1947.

Складаецца з наборнага і адліўнога аўтаматаў. На наборна-праграмавальным апараце робіцца праграма для кіравання літараадліўным аўтаматам на папяровай перфастужцы. на якой у выглядзе камбінацый адтулін закадзіраваны тэкст і выключка радка. Наборны літараадліўны аўтамат адлівае радкі і складае з іх гранку набору. На М. можа быць набраны тэкст кеглямі 6, 8, 10, 12 пунктаў у фарматах да 10 квадратаў. Прадукцыйнасць да 180 знакаў за мінуту. З пашырэннем фотанабору і камп’ютэрных тэхналогій замяняюцца фотанаборнымі машынамі і камп’ютэрнымі сістэмамі.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)