Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЕР ((Dreyer) Карл Тэадор) (3.2.1889, Капенгаген — 20.3.1968),
дацкі кінарэжысёр, сцэнарыст. Адзін са стваральнікаў дацкага маст. кінематографа. Рэжысёрскую дзейнасць пачаў у 1918. Ужо ў фільме «Старонкі з Кнігі Сатаны» (1920) выявілася яго імкненне да максімальнай выразнасці кінамовы. У фільмах «Удава пастара» (1920, Швецыя), «Міхаэль» (1924, Германія), «Паважай сваю жонку» (1925) фарміруецца асн. тэма творчасці Д. — адзіноцтва чалавека, які адстойвае сваю духоўную свабоду, асуджанага іншы раз на пагібель. Найб. поўна гэта тэма раскрыта ў фільме «Страсці Жанны д’Арк» (1927, Францыя) — адным з самых значных дасягненняў «нямога» кіно. Сярод інш. фільмаў: «Дзень гневу» (1943), «Слова» (1955), «Гертруда» (1965). Здымаў таксама дакумент. фільмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙСМАЙР ((Gaismair; Gaysmayr) Міхаэль) (каля 1490, Штэрцынг, зямля Ціроль, Аўстрыя — 15.4.1532),
кіраўнік паўстанцаў у Ціролі і Зальцбургу ў Сялянскую вайну 1524—26. Быў пісарам архіепіскапа акр. Брыксен. Вясной 1525 паўстанцы на чале з ім занялі Ціроль, архіепіскапства Зальцбург і інш., нанеслі шэраг паражэнняў войскам аўстр. эрцгерцага. У 1526 Гайсмайр склаў для Ціроля праграмнае «Земскае ўпарадкаванне», якое прадугледжвала ўстанаўленне нар. рэспублікі, знішчэнне дваран і царкоўнікаў, увядзенне дзярж. манаполіі на гандаль, нацыяналізацыю гарнаруднай прам-сці, апекаванне беднякоў і інш. Летам 1526, акружаны войскамі эрцгерцага, баварцаў і Швабскага саюза, Гайсмайр з часткай сваіх сіл прарваўся праз Альпы ў Венецыянскую вобласць. Забіты ў час перагавораў са швейцарцамі і венецыянцамі пра сумесную барацьбу супраць Габсбургаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ХЕР ((Pacher) Міхаэль) (каля 1435, г. Бруніка, Італія — 1498),
аўстрыйскі жывапісец і скульптар; прадстаўнік пераходнага перыяду ад готыкі да Адраджэння. Зазнаў уплыў А.Мантэньі. Аўтар алтарных кампазіцый, якім уласцівы смелая перспектыўная пабудова прасторы і ракурсаў, скульпт. дакладнасць форм, жыццёвая выразнасць персанажаў, гучнасць каларыту: разны алтар царквы ў Бальцана (Італія, з 1471), скульпт. і жывапісны алтар царквы ў Санкт-Вольфгангу (1471—81), жывапісны алтар «Чатырох айцоў царквы» (1475—79) і інш, Скульпт. работы больш звязаны з традыцыямі готыкі, вызначаюцца драматызмам і вострай характарнасцю вобразаў, напружаным лінейным рытмам, узорыстасцю кампазіцыі («Каранаванне Марыі» ў алтары царквы ў Санкт-Вольфгангу і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯЙСТ, Клейст (Kleist) Генрых фон (18.10.1777, г. Франкфурт-на-Одэры, Германія — 21.11.1811), нямецкі пісьменнік-рамантык, драматург. Фарміраваўся пад уплывам філасофіі І.Канта, Ж.Ж.Русо. Першая трагедыя — «Сям’я Шрофенштайн» (паст. 1804). Трагікамедыя «Амфітрыён» (1807), трагедыя «Пентэсілея» (1808) напісаны на ант. сюжэты, драма «Кетхен з Гайльбрана...» (паст. 1810) — на сярэдневяковы. Патрыят. пафасам вылучаюцца драмы «Бітва Германа» (нап. 1808), «Прынц Фрыдрых Гомбургскі» (нап. 1810; абедзве выд. 1821), публіцыст. артыкулы-маніфесты «Германія — сваім дзецям» (1808), «Катэхізіс немцаў» (1809). Аўтар сатыр. камедыі «Разбіты збан» (паст. 1807), рэаліст. навел «Міхаэль Кольхаас» (1810), «Заручыны ў Сан-Дамінга» (1811) і інш. Яго творы пераважна маральна-філас. праблематыкі, адметныя сюжэтнай напружанасцю, максімалізмам пачуццяў, трагізмам светаўспрымання рэчаіснасці. Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НХЕН (München),
горад на ПдУ Германіі, у перадгор’ях Альпаў, на р. Ізар. Адм. ц. зямлі Баварыя. 1,2 млн.ж., у агламерацыі Вял. Мюнхен — каля 2 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. 2 міжнар. аэрапорты. Важны прамысл., гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: эл.-тэхн., радыёэлектронная, оптыка-мех., агульнае і трансп. машынабудаванне, у т. л. аўта-, лакаматыва- і авіябудаванне, ваенная, хім., паліграф., трыкат., харчовая. Піваварэнне. Метрапалітэн. Мюнхенскі універсітэт. Баварская АН і Акадэмія выяўл. мастацтваў. Дзярж. вышэйшая муз. школа, кансерваторыя. Оперныя фестывалі (з 1875). Фестываль піва. Штогадовыя прамысл. кірмашы. Турызм.
Упершыню згадваецца ў пач. 12 ст. Вырас з паселішча Муніхен («каля манахаў»). У 1158 атрымаў ад Генрыха Львагар. права. У 1255—1918 рэзідэнцыя Вітэльсбахаў. З 16 ст. значны культ.цэнтр. Пры герцагу Максіміляне Баварскім [1597—1651] стаў цэнтрам каталіцызму ў Германіі (у 1609 у М. засн. антыпратэстанцкая Каталіцкая ліга). У час войнаў за аўстр. і ісп. спадчыны акупіраваны аўстр. войскамі (1705—15, 1742—44). У 1806—1918 сталіца каралеўства Баварыя. У 1841 у М. пабудаваны першы ў Германіі лакаматыў. У ліст. 1918 у горадзе абвешчана Баварская рэспубліка, потым Баварская (Мюнхенская) сав. рэспубліка (існавала 7.4—2.5.1919), у ліст. 1923 адбыўся гітлераўскі, або «піўны путч». Месца заключэння Мюнхенскага пагаднення 1938. 8.11.1939 тут здзейснены няўдалы замах на А.Гітлера. У 2-ю сусв. вайну ў М. дзейнічала антыфаш. група супраціўлення «Белая ружа» (1943), бамбардзіроўкамі 1943—45 разбурана амаль палавіна горада. З 1950 тут існаваў Ін-т па вывучэнні гісторыі і культуры СССР (сярод супрацоўнікаў быў У.Сядура), які выдаваў і «Белпрускі зборнік». У 1972 месца правядзення XX летніх Алімп. гульняў.
Стары горад са шчыльнай забудовай уздоўж р. Ізар. Гар. цэнтр, падзелены на 4 кварталы вуліцамі, перакрыжаванымі на Марыенплац, у 13 ст. быў абнесены сценамі (захаваліся вароты 14 ст.). З 1791 гар. ўмацаванні знесены і ў 18—19 ст. пабудаваны рэгулярныя прыгарады з шырокімі вуліцамі, барочнымі і класіцыстычнымі будынкамі. Пасля 1871 выраслі новыя кварталы і прамысл. раёны. М. моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну. Сучаснае аблічча вызначаецца суседствам рознастылявых пабудоў з будынкамі з бетону і шкла. Сярод помнікаў архітэктуры: готыкі — царква Фраўэнкірхе (1271, 1466—92), старая ратуша (1310, 1470—80, арх. абодвух І.Ганггофер), царква Святога Духа (1327); рэнесансу — рэзідэнцыя герцагаў (каля 1560) з антыкварыумам і паркамі; барока — цэрквы Санкт-Міхаэль-кірхе (1583—97, Ф.Сустрыс), Тэатынеркірхе (1663—1767, А.Барэлі, Э.Цукалі, Ф.Кювілье), езуіцкі калегіум (1585—97), палацы Німфенбург (1663—1728), Шляйсгайм (1701—27), архіепіскапскі (1733—37), Амаліенбург (1734—39, Кювілье); класіцызму — палац прынца Карла (1803—11), Нац.т-р (1811—18, абодва К. фон Фішэр, адноўлены ў 1823—25), брама Перамогі (1843—52, Ф.Гертнер), пабудовы Л. фон Кленцэ; неаготыкі — Новая ратуша (1867—1908, Г.І. фон Гаўберысер), музеі Баварскі нац. (1894—99, Г.Зейдль), Нямецкі (1903—25, паводле праекта О. фон Мілера); сучаснай архітэктуры — комплекс збудаванняў для XX Алімпійскіх летніх гульняў (1968—72, паводле праекта Г.Беніша, Ф.Ота і інш), прадпрыемства BMW (1970—73, арх. К.Шванцэр). Помнікі: Максіміляну I (1830—39, арх. Кленцэ, скульпт. Б.Торвальдсен), «Баварыя» (1844—50, Л.Швантлер), «Вітэльсбахскі фантан» (1895, А.Гільдэбранд) і інш. Музеі: Баварскія дзяржаўныя зборы карцін, Баварскі нац., Нямецкі, этнаграфічны, Гліптатэка і інш.
У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Да арт.Мюнхен. Комплекс збудаванняў для XX Алімпійскіх гульняў. 1968—72.Да арт.Мюнхен. Комплекс збудаванняў для XX Алімпійскіх гульняў. 1968—72.Панарама Мюнхена.