КЛЯЙСТ, Клейст (Kleist) Генрых фон (18.10.1777, г. Франкфурт-на-Одэры, Германія — 21.11.1811), нямецкі пісьменнік-рамантык, драматург. Фарміраваўся пад уплывам філасофіі І.Канта, Ж.Ж.Русо. Першая трагедыя — «Сям’я Шрофенштайн» (паст. 1804). Трагікамедыя «Амфітрыён» (1807), трагедыя «Пентэсілея» (1808) напісаны на ант. сюжэты, драма «Кетхен з Гайльбрана...» (паст. 1810) — на сярэдневяковы. Патрыят. пафасам вылучаюцца драмы «Бітва Германа» (нап. 1808), «Прынц Фрыдрых Гомбургскі» (нап. 1810; абедзве выд. 1821), публіцыст. артыкулы-маніфесты «Германія — сваім дзецям» (1808), «Катэхізіс немцаў» (1809). Аўтар сатыр. камедыі «Разбіты збан» (паст. 1807), рэаліст. навел «Міхаэль Кольхаас» (1810), «Заручыны ў Сан-Дамінга» (1811) і інш. Яго творы пераважна маральна-філас. праблематыкі, адметныя сюжэтнай напружанасцю, максімалізмам пачуццяў, трагізмам светаўспрымання рэчаіснасці. Скончыў самагубствам.
Тв.:
Рус. пер. — Пьесы. М., 1962;
Драмы. Новеллы. М., 1969;
Избранное. М., 1977.
Літ.:
Дейч А.И. Судьбы поэтов: Гельдерлин, Клейст, Гейне. [2 изд.] М., 1974;
Генрих фон Клейст: Биобиблиогр. указ. М., 1991.
Е.А.Лявонава.
т. 8, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)