Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НАЎ (Піліп Кузьміч) (26.10.1872, г. Серафімовіч Валгаградскай вобл., Расія — 2.4.1921),
удзельнік грамадз. вайны на Беларусі. Скончыў Новачаркаскае казацкае юнкерскае вучылішча (1898). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05, рэвалюцыі 1905—07, 1-й сусв. вайны, устанаўлення сав. улады на Доне. З сак. 1919 на Зах. фронце: пам. камандуючага і камандуючы войскамі 16-й арміі. З чэрв. 1919 на Паўд. фронце, дзе сфарміраваў Асобы казацкі корпус. За самавольнае выступленне на фронт у вер. 1919 з часцямі корпуса прыгавораны да расстрэлу, але памілаваны ВЦВК. У 1920 камандаваў 2-й коннай арміяй у баях супраць Урангеля. У лют. 1921 па лжывым даносе арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НАЎ (Валерый Паўлавіч) (н. 7.4.1927, г. Гагарын Смаленскай вобл., Расія),
бел. артыст балета. Нар.арт. Беларусі (1966). Скончыў клас удасканалення Маскоўскага харэаграфічнага вучылішча (1947). У 1947—69 адзін з вядучых салістаў Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У 1949—78 адначасова педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча. Танцоўшчык пераважна лірычнага плана, з рамант. накіраванасцю. Яго мастацтва вызначалі пераканальнасць у раскрыцці ўнутр. свету персанажаў, чысціня і лёгкасць выканання, высокая тэхніка дуэтнага танца. У нац. балетах стварыў рэльефныя вобразы Васіля («Князь-возера» В.Залатарова), Алеся («Святло і цені» Г.Вагнера). Да значных творчых дасягненняў М. належаць таксама партыі Зігфрыда, Дэзірэ, Прынца («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Гармодыя («Спартак» А.Хачатурана), Базіля, Салора («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Елісея («Казка пра мёртвую царэўну» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НАЎ (Аляксандр Яўгенавіч) (23.11. 1910, г. Орша Віцебскай вобл. —15.12. 1992),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў агульнаадук. курсы ў Мінску (1929). Удзельнік экспедыцыі «Чэлюскін» (1933—34). З 1946 у Мінску. Друкаваўся з 1930. Пісаў на рус. мове. Выйшлі зб-кі апавяданняў «Марскія будні» (1932), «Вялікае сэрца» (1939), «Канец легенды» (1948), нарысаў «Залічаны навечна» (1966), аповесці «Мужнасць» (1942), «Крэпасць у ільдах» (1944), «Праз тысячу смерцяў» (1972), дакумент. аповесць «Лядовая Адысея» (1966), аповесць-успаміны «Дзед Маўр» (1979). Аўтар раманаў «Караблі выходзяць у акіян» (1957), «Толькі мора наўкол» (1960). У творах асэнсоўваў тэму подзвігу. Пісаў для дзяцей: «Далёка на поўначы» (1947), «У краіне блакітных прастораў» (1948), «На акіянскіх дарогах» (1952). На рус. мову пераклаў аповесць «Палескія рабінзоны» і раман «Амок» Я.Маўра, асобныя творы І.Гурскага, А.Стаховіча, П.Кавалёва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НАЎ (Андрэй Аляксандравіч) (7.3. 1941, Масква — 16.8.1987),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1980). Сын М.У.Міронавай і А.С.Менакера. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1962). Працаваў у Т-ры сатыры. Камедыйны акцёр, іранічны, элегантны, адораны пластычна і музыкальна. У многіх (асабліва позніх) работах выявіўся драм. талент М., яго здольнасць да глыбокага псіхал. аналізу, вострай трактоўкі ролі: Жадаў («Даходнае месца» А.Астроўскага, 1967), Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ, 1969), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля, 1972), Чацкі («Гора ад розуму» паводле А.Грыбаедава, 1976), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава, 1983). Паставіў: «Бывай, канферансье» Р.Горына (1984, роля Канферансье), «Цені» М.Салтыкова-Шчадрына (1987, роля Клаверава) і інш. З 1961 здымаўся ў кіно: «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Брыльянтавая рука» (1969), «Уласнасць рэспублікі» (1971), «Саламяны капялюшык» (1974), «12 крэслаў» (1976), «Мой сябар Іван Лапшын» (1982, вып. 1985), «Бландзінка за вуглом» (1984), «Перамога» (1985) і інш.
Літ.:
Вислова АВ. Андрей Миронов: Детство. Юность. Театр. В кино и на телевидении. В жизни, за кулисами, с друзьями. Ростов н/Д, 1998.