Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ННЫ ЗАГАРАДЖА́ЛЬНІК,
1) баявы карабель, прызначаны для пастаноўкі мінных загарод. Падзяляюцца на надводныя і падводныя. Надводныя бываюць марскія, рачныя, спец. пабудовы і пераабсталяваныя з караблёў, трансп. і дапаможных суднаў. Водазмяшчэнне да 3200 т, скорасць да 20 вузлоў (37 км/гадз). Узбраенне — марскія (рачныя) міны, для самаабароны — зенітна-артыл. зброя. Шырока выкарыстоўваліся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны.
На Беларусі ў 1940—41 у складзе Пінскай ваеннай флатыліі быў рачны М.з. «Піна» (б. колавы буксірны параход), які ў пач.Вял.Айч. вайны ўдзельнічаў у баях на Дняпроўска-Бугскім канале і Прыпяці. Патануў 28.8.1941.
2) Сродак інж. ўзбраення для хуткай мех. устаноўкі мін у грунт.
Літ.:
Шершов А.П. История военного кораблестроения: С древнейших времен до наших дней. СПб., 1994;
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТЛАНДСКІ БОЙ 1915,
баявыя дзеянні ў Балтыйскім м. каля в-ва Готланд паміж 1-й брыгадай крэйсераў рас.Балт. флоту (каманд. контр-адм. М.К.Бахіраў) і атрадам герм.ваен. караблёў (камадор Карф) 2.7.1915 у 1-ю сусв. вайну. Атрад Бахірава (5 крэйсераў і 9 эсмінцаў) 1.7.1915 накіраваўся да порта Мемель (цяпер Клайпеда, Літва) з задачай абстраляць яго. У густым тумане ён размінуўся з ням. флотам (3 крэйсеры, 7 эсмінцаў і мінны загараджальнік), аднак у выніку радыёперахопу і дэшыфроўкі данясення Карфа быў наведзены па радыё на праціўніка. У выніку артыл. перастрэлкі 2 ліп. на У ад Готланда са строю выведзены ням.мінны загараджальнік, пашкоджана ч. караблёў абодвух бакоў; больш хуткія ням. караблі выйшлі з бою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Трал (мінны) 10/277 (іл.), 278
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́Л,
1) сродак для ўзбуджэння выбуху разрыўнога зараду інж.мін і ручных гранат. Складаецца з капсуля-запальніка і капсуля-дэтанатара, размешчаных у метал. (часам пластмасавай) гільзе. З. асколачных ручных гранат уключае таксама парахавы запавольнік і ўдарны механізм для ўзбуджэння гарэння капсуля-запальніка.
2) Прыстасаванне для ініцыіравання выбуху выбуховага рэчыва з дапамогай эл. току (т.зв.мінны З., цяпер наз.электрадэтанатарам).
3) Адтуліна ў казённай частцы артыл. гарматы 15—17 ст., запоўненая порахам для запальвання кідальнага зарада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
1) фарміраванне ВМФ Польшчы на Прыпяці і яе прытоках у 1919—39. Гал. база — г. Пінск. Створана ў крас.—маі 1919 у час сав.-польскай вайны 1919—20. У навігацыю 1920 рухалася з баямі па Прыпяці і Дняпры да Кіева. 4.8.1920 у час наступлення Чырв. Арміі флатылія расфарміравана, судны знішчаны або затоплены. У 1921—22 адноўлена, папоўнена новымі караблямі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны налічвала 54 адзінкі (у т. л. 26 баявых: 6 манітораў, 3 кананеркі, 15 узбр. катэраў і інш.). У вер. 1939 у ходзе польскай кампаніі 1939 вяла проціпаветраную абарону Пінска і мастоў цераз Піну, Прыпяць, Ясельду. 17—21.9.1939 караблі флатыліі былі самазатоплены; да 12.11.1939 яны падняты сав. маракамі і пасля рамонту і пераўзбраення ўключаны ў склад Дняпроўскай ваеннай флатыліі.
2) Фарміраванне сав.ВМФ на Дняпры і яго прытоках (Прыпяці, Бярэзіне і інш.) у чэрв. 1940 — кастр. 1941. Гал. база — Пінск. Створана 17.6.1940 з часткі сіл расфарміраванай Дняпроўскай ваен. флатыліі. Камандуючы контр-адмірал Дз.Дз.Рагачоў. Напярэдадні Вял.Айч. вайны складалася з 7 манітораў, 4 кананерскіх лодак, 15 бранякатэраў, авіяэскадрыллі і інш. (усяго 2300 чал.). Аператыўна падпарадкоўвалася камандуючаму войскамі Зах. асобай ваен. акругі (з 22.6.1941 Заходні фронт). З пач. вайны павялічана за кошт суднаў грамадз. рачнога флоту, а таксама ў ліп. 2 манітораў з Дунайскай ваен. флатыліі. Да канца чэрв. 1941 разам з часцямі 4-й арміі Зах. фронту абараняла Пінск, а да 9.7.1941 — Лунінец, Тураў. 11 ліп. падзелена на 3 атрады: Бярэзінскі (3 маніторы, 5 бранякатэраў), Прыпяцкі (манітор, 4 вартавыя караблі, 2 бранякатэры і інш.), Дняпроўскі (гал. сілы флатыліі, у т. л. 4 маніторы, 4 кананерскія лодкі). Бярэзінскі і Прыпяцкі атрады абстрэльвалі занятыя праціўнікам прырэчныя нас. пункты, абаранялі сав. і парушалі варожыя пераправы, цесна ўзаемадзейнічалі з сухапутнымі войскамі. У канцы жн. караблі абодвух атрадаў прарваліся з баямі да Кіева (пры гэтым частка іх загінула) і разам з Дняпроўскім атрадам удзельнічалі ў абароне Кіеўскага ўмацаванага раёна. Большасць караблёў загінула ў баях, астатнія ўзарваны 18 вер. ў сувязі з адыходам сав. войск на У ад Дняпра. Атрад маракоў ваяваў на сушы да 20—28 вер. Флатылія расфарміравана 5.10.1941. Гл. таксама Марская авіяцыя, Марская артылерыя, Марская пяхота, Мінны загараджальнік.
Літ.:
Паўловіч Р.К. Пінская флатылія // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3;
Яго ж. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;
Яго ж. Да пытання аб стварэнні і дзейнасці Пінскай рачной ваеннай флатыліі // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1999. № 1.