МІНДА́ЛІНЫ,

вялікая колькасць лімфоіднай тканкі ў слізістай абалонцы верхніх дыхальных шляхоў і пачатковых аддзелах страўнікавага тракту наземных пазваночных жывёл і чалавека; органы лімфоіднай сістэмы. У млекакормячых жывёл і чалавека М. кальцом абкружаюць уваход у глотку, уключаюць М. парныя паднябенныя (паміж паднябеннымі дужкамі), трубныя (паміж адтулінамі еўстахіевых труб і мяккім паднябеннем), няпарныя языковую (каля кораня языка), глотачную (пасярэдзіне задняй ч. верхняй сценкі глоткі). Выконваюць ахоўную ролю арганізма ад мікробаў, удзельнічаюць у выпрацоўцы імунітэту. Захворванне М. — востры танзіліт, або ангіна. У многіх птушак і млекакормячых ёсць страваводная М. (у сценцы задняга аддзела стрававода).

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Міндаліны паднябенныя 1/321

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЎ,

адтуліна, якая ў млекакормячых і чалавека аб’ядноўвае поласць рота з глоткай. Абмяжоўваецца зверху мяккім паднябеннем, знізу — спінкай языка і па баках паднябеннымі дужкамі, сярод якіх размешчаны міндаліны.

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІ́НА (лац. angina літар. ўдушша),

вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНО́ІДЫ (ад адэна... + грэч. eidos падобны),

пухлінападобныя разрастанні насаглотачнай міндаліны. Бываюць пераважна ў дзяцей, часцей у 3—10 гадоў, іншы раз у грудных. Узнікненню адэноідаў спрыяюць інфекц. хваробы. Асн. прыкмета захворвання — цяжкае дыханне праз нос; часта праяўляецца захворваннямі сярэдняга вуха, «адэноідным габітусам» (вузкі нос, адкрыты рот, згладжаная носагубная складка, высокае паднябенне, няправільнае размяшчэнне зубоў на верхняй сківіцы), паслабленнем увагі і памяці, парушэннем сну, іншы раз начным нетрыманнем мачы. Лячэнне хірургічнае (выдаленне міндалін, часцей амбулаторна).

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКРЭ́ЦЫЯ ў мінералогіі,

мінеральны агрэгат акруглай або ізаметрычнай формы, што запаўняе пустоты ў горных пародах. Паводле мінер. саставу адрозніваецца ад умяшчальных парод. У процілегласць канкрэцыям С. ўтвараюцца шляхам паслядоўнага адкладу мінер. рэчыва (з сапраўдных і калоідных раствораў пры гіпергенных і гідратэрмальных працэсах) канцэнтрычнымі слаямі на сценках пустот ад іх перыферыі да цэнтра. Нярэдка ў сярэдзіне застаецца поласць, акаймаваная друзамі мінералаў. Адрозніваюць С. буйныя — жэоды і дробныя — міндаліны. Выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе, таксама як калекцыйны матэрыял.

Да арт. Сакрэцыя ў мінералогіі. Міндаліна, складзеная з агату.

т. 14, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАГРАНУЛАМАТО́З, хвароба Ходжкіна,

злаякаснае новаўтварэнне лімфоіднай тканкі. Апісаны англ. урачом Т.​Ходжкіным (1832). Паходжанне невядома. Часцей хварэюць дзеці і маладыя людзі. Адрозніваюць 4 стадыі Л.: лакалізаваная — пашкоджанне аднаго (некалькіх) сумежных груп лімфавузлоў; рэгіянарная — розных груп несумежных лімфавузлоў з аднаго боку дыяфрагмы (ў грудной або брушной поласцях); генералізаваная — толькі лімфатычнай сістэмы (лімфатычныя вузлы, селязёнка, міндаліны і г.д.); дысемінаваная — усёй лімфатычнай сістэмы і ўнутр. органаў (лёгкіх, печані, нырак, касцей, мяккіх тканак, скуры і г.д.). Л. можа працякаць з мясц. сімптомамі (павелічэнне лімфавузлоў) і з прыкметамі агульнай інтаксікацыі (павышэнне т-ры цела, хвалепадобная ліхаманка, адсутнасць апетыту, зніжэнне масы цела, сверб скуры, падскурныя кровазліцці, жаўтуха і інш.). Лячэнне — комплексная хіміяпрамянёвая тэрапія.

Літ.:

Переслегин И.А., Филькова Е.М. Лимфогранулематоз. М., 1980;

Лимфогранулематоз. М., 1985.

В.​Я.​Рэбека, І.​В.​Рэбека.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)