АСАНА́НС (ад франц. assonance сугучнасць),

паўтарэнне аднолькавых або падобных галосных гукаў; від гукапісу. Паэт. твору, як і алітэрацыя, з якой ён звычайна спалучаецца, надае мілагучнасць і сэнсава-эмац. выразнасць. У вершы Я.​Купалы «Летам» асананс стварае радасны, бадзёры настрой: «Звоніць поле доляй, воляй, // Звоніць поле ў каласкі...». У сучаснай паэзіі часта ўжываецца асанансная (недакладная) рыфма, у якой супадаюць толькі галосныя гукі.

т. 2, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎФО́НІЯ (грэч. euphōnia мілагучнасць),

1) гукавая арганізацыя мовы ў літ. творы. Ствараецца рознымі спосабамі і прыёмамі, з дапамогай якіх гучанне літ. тэксту фарміруецца па законах прыгожага. Да з’яў Э. адносяцца: рытм верша, анафара, эпіфара, алітэрацыя, асананс, усе віды гукавых паўтораў (гл. Гукапіс). Сродкі Э. фарміруюцца ў залежнасці ад гукавой сістэмы нац. мовы.

2) Раздзел паэтыкі, які вывучае гукавы склад паэтычных твораў.

т. 18, кн. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́КАПІС у паэзіі,

гукавыя паўторы ў вершаванай мове, якія ўзмацняюць яе мілагучнасць і сэнсавую выразнасць; раздзел паэтыкі, што іх вывучае. Сярод гукапісу вылучаюцца алітэрацыя, анафара, асананс, гукаперайманне, кальцо, эпіфара і інш. У паэт. практыцы яны выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з лексікай, інтанацыйна-сінтакс. арганізацыяй вершаванага радка. Напр., у «Песні званара» Я.​Купалы гукавыя стыкі, анафары і эпіфары ўзмацняюць маст. выразнасць асанансу (на о, у, і, а) і алітэрацыі (на р, з, с, ц): «Разгубіцца мой звон ад акон да акон, // Думы збудзіць, па сэрцах удара, // Дрогнуць сковы цямніц, бліснуць іскры зарніц, // Заварушацца яры, папары». У сучаснай паэзіі шырока ўжываюцца паўторы не толькі асобных гукаў, але і гукаспалучэнняў.

В.​П.​Рагойша.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУКО́ЎСКІ Карней Іванавіч (сапр. Карнейчукоў Мікалай Васілевіч; 31.3.1882, С.-Пецярбург — 28.10.1969),

рускі пісьменнік, крытык, дзіцячы паэт, літ.-знавец, перакладчык. Д-р філал. н. (1957). Аўтар казак у вершах «Кракадзіл» (1916), «Мыйдадзір» (1923, паст. 1938, Дзярж. т-р лялек Беларусі), «Тараканішча» (1923), «Муха-цакатуха» (1924), «Бармалей» (1925), «Тэлефон», «Хвядорына гора» (абедзве 1926), «Айбаліт» (1929), «Лімпапо» (1935). Асн. асаблівасці яго паэт. свету — багацце і зменлівасць зрокавых вобразаў, мілагучнасць паэт. мовы, рухомасць рытму, дакладнасць і лаканічнасць паэт. выказвання, гульнёвы характар вершаваных твораў. Аўтар даследавання «Майстэрства Някрасава» (1952, Ленінская прэмія 1962), літ.-крыт. эсэ пра пісьменнікаў і дзеячаў культуры (кн. «Сучаснікі», 1962). Адзін з заснавальнікаў сав. школы тэорыі маст. перакладу («Прынцыпы мастацкага перакладу», 1919; «Высокае майстэрства», 1941), яму належаць лепшыя ў сусв. л-ры пераклады У.​Уітмена (1907, «Мой Уітмен», 2-е выд. 1969).

Неаднаразова бываў на Беларусі, высока цаніў М.​Багдановіча, асабліва вылучаў Я.​Купалу і Я.​Коласа, з якімі быў асабіста знаёмы. Традыцыі Ч. знайшлі працяг у лінгва-псіхал. даследаваннях дзяцей у В.​Віткі (кнігі «Дзеці і мы», 1977; «Урокі», 1982). Некат. апавяданні Я.​Маўра створаны на ўзор «Блытаніны» Ч. Бел. перакладчыкі Ю.​Гаўрук, У.​Дубоўка. А.​Зарыцкі, А.​Куляшоў, Я.​Сінакоў і інш. перанялі ад Ч. метад творчага ўзнаўлення арыгінала сродкамі роднай мовы. На бел. мову творы Ч. перакладаюцца з 1930-х г. Сярод перакладчыкаў яго дзіцячых кніг А.​Якімовіч, Зарыцкі, К.​Кірэенка, У.​Шахавец.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1965—69;

От двух до пяти. Мн., 1982;

Бел. пер. — Мыйдадзір. Мн., 1953;

Казкі. Мн., 1959.

Літ.:

Петровский М. Книга о Корнее Чуковском. М., 1966;

Смирнова В. О детях и для детей. 2 изд. М., 1967.

Т.​В.​Кабржыцкая.

К.І.Чукоўскі.

т. 17, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)